161 чалавека з прозвішчамі Цыгалка, Цэгалка, Цягалка, якія жывуць у Беларусі, Расіі, Польшчы, Казахстане, Латвіі і іншых краінах, налічыў у інтэрнэце Пётр Цыгалка з Маладзечна.

А між тым, усе яны паходзяць з вёскі Мільча, што ў Вілейскім раёне.

Ідэя аб’яднаць усіх тых, хто носіць прозвішча Цэгалка, Цыгалка ці Цягалка належыць жыхарцы мястэчка Даўгінава Людміле Цэгалцы. Ужо два гады яна шукае тых, хто можа мець дачыненне да гэтага роду.

Сёлета па ініцыятыве Пятра Цыгалкі, мясцовага краязнаўцы, збіраліся ўсе цёзкі ў вёсцы Мільча, з якой і бярэ паходжаннне гэта прозвішча.

− Цяпер у групе адной з сацыяльных сетак  нас 83 чалавекі, распавядае Пётр Цыгалка. Прычым, носьбіты прозвішча параскіданыя па ўсім свеце. Я вяду перапіску з Цыгалкамі з Польшчы, Расіі і іншых краін. Будзе добра, калі хоць палова нашых збярэцца.

Але, прыехаўшы на месца, бачу расчараванне на твары Пятра Міхайлавіча:

− Толькі мясцовыя Цыгалкі і сабраліся.

Між тым, мясцовыя Цыгалкі займаюць усю лаўку, што ля Мільчанскай царквы.

− А род Цыгалак старажытны?

− Яшчэ ў 1838 годзе, калі верыць царкоўнай кнізе, нас тут было два- тры прозвішчы, але пасля таго, як Аляксандр Цыгалка пайшоў у прымы ў вёску Руччо, пачалося распаўсюджанне Цыгалак на гэтай мясцовасці. У Аляксандра нарадзіўся сын Раман, у якога потым было чацвёра сыноў, а ў гэтых дзяцей па 7-9 сваіх. Ды што там! У нас, Цыгалак, і цяпер сем’і багатыя на дзяцей. У майго дзеда таксама сямёра было, − дзеліцца Пётр Цыгалка. − Калі верыць царкоўнаму перапісу, што я знайшоў тут, у нашай Мільчанскай царкве, у 1908-м з 50 вясковых двароў 12 належалі Цыгалкам.  А ўжо ў 1938 годзе са 100 двароў 30 былі адных Цыгалак.

− Дык што за прозвішча такое, адкуль яно?

− Паміж вёскамі Мільча, Саланое і Чысці Мільчанскія была рака Валачанка, уласнасць віленскіх манахаў-дамініканцаў. Па ёй з Докшыцаў на Вільню водным шляхам перапраўлялі тавар на вялікіх чаўнах. Продкі нашы, відаць, іх цягалі па Валачанцы. Адсюль і прозвішча − Цягалкі. Гэта пазней пачалі крыху змяняць: Цэгалкі і Цыгалкі. Саму раку мы з Анатолем Рогачам, краязнаўцам з Вілейкі, знайшлі на карце ад 1789 года. Тут яшчэ вялікае возера было, паблізу вёскі Вардамічы, па якім, па ўспамінах старажылаў, плаваў ручны мядзведзь. Мядзведзь быў панскі, унучкі палкоўніка Караваева Ганны Сухоцінай.  

Праязджаем паўз невялічкую рачулку, пытаюся:

− Гэта і ёсць тая самая Валачанка?

− Так, а яшчэ ў канцы 19 стагоддзя, як успамінаў краязнаўца Уладзімір Бяльковіч, па ёй цягалі вялікія таварныя баржы.

Валачанка сёння.

− Калі мы рабілі меліярацыю ў гэтых месцах, − падключаецца да размовы Іосіф Мацко, мясцовы жыхар, − на глыбіні васьмі метраў адшуквалі ракавінкі. Можна меркаваць, што рака і была прыкладна такой глыбіні, а значыць, што па ёй і суднаходства магло ажыццяўляцца.

− А яшчэ будзеце планаваць сустрэчу цёзак?

− Вельмі хацелася б, каб і моладзь сабралася. Сумна, што яны не цікавяцца сваёй гісторыяй. Каб сабраць усіх Цыгалак, Цэгалак, якая б бяседа атрымалася!

Наталля ТУР.