Напярэдадні Міжнароднага свята жанчын, 7 сакавіка, 18-гадовы нецвярозы маладзечанец N. вырашыў скрасці грошы ў сваёй састарэлай сваячкі.
Спачатку ён выкруціў пробкі асвятлення і абрэзаў тэлефонны провад у доме ахвяры. Пасля гэтага з нажом у руцэ пагражаў прымяніць гвалт і скраў у бабулі 700 тысяч рублёў.
N. прымусіў жанчыну паабяцаць, што яна не будзе звяртацца ў міліцыю, і запісаў абяцанне на мабільны тэлефон.
За скрадзеныя грошы хлопец на наступны дзень набыў сабе красоўкі.
Прыгаворам суда Маладзечанскага раёна N. прызнаны вінаватым у пагрозе прымяніць гвалт, небяспечны для жыцця і здароўя пацярпелай з мэтай завалодаць маёмасцю (разбоі). Яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на тры гады з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці.
Пры прызначэнні штрафу суд улічыў характар і ступень грамадскай небяспечнасці злачынства, а таксама асобу абвінавачанага.
Пастановай судовай калегіі па крымінальных справах Мінскага абласнога суда прызначанае N. пакаранне пакінулі без змяненняў.
Санкцыя па частцы 1 артыкула 207 “Разбой” прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі.
N. прынёс шмат пакутаў сваім сваякам, якія, нягледзячы на яго ўчынак, шкадавалі хлопца і плакалі ў зале суда.
Аляксандр ЛЯЎКОВІЧ, памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.
Фота work-blog.com.