Normal
0
false
false
false
MicrosoftInternetExplorer4
Карп па-хажоўску, самураі па-маладзечанску і жывы мядзведзь. Настаўнікі Маладзечаншчыны адсвяткавалі сваё прафесійнае свята весела, шумна і смачна.
/* Style Definitions */
table.MsoNormalTable
{mso-style-name:”Обычная таблица”;
mso-tstyle-rowband-size:0;
mso-tstyle-colband-size:0;
mso-style-noshow:yes;
mso-style-parent:””;
mso-padding-alt:0cm 5.4pt 0cm 5.4pt;
mso-para-margin:0cm;
mso-para-margin-bottom:.0001pt;
mso-pagination:widow-orphan;
font-size:10.0pt;
font-family:”Times New Roman”;
mso-ansi-language:#0400;
mso-fareast-language:#0400;
mso-bidi-language:#0400;}
Normal
0
false
false
false
MicrosoftInternetExplorer4
Святкаванне адбылося ў Палацы культуры 2 кастрычніка. Ад самага ранку да палаца з’язджаліся настаўнікі з усяго раёна, але без звыклых атрыбутаў: сшыткаў ды ўказак, а з тортамі, пірожнымі, булкамі, печывам, бутэрбродамі і …сушы.
Мы – самураі адукацыі
На маё пытанне аб тым, чаму для выставы кулінарных шэдэўраў сацыяльна-педагагічны цэнтр выбраў тэму Японіі, дзяўчаты ў кімано адказалі:
− Таму што мы − самураі адукацыі. У самураяў ёсць свой кодэкс гонару, і ў настаўнікаў ён павінен быць. Галоўная страва нашага стала − фаршыраваны карп. Вось вы ведаеце, што ў Японіі карп з’яўляецца сімвалам мужнасці і стойкасці? Пагадзіцеся, самыя неабходныя якасці і для настаўніка. Да таго ж, хто пачастуецца карпам у гасцях, таго чакае каханне і багацце. Так што, частуйцеся на здароўе.
Хажова − азёрны край
Стол Хажоўскай сярэдняй школы таксама ўпрыгожвалі вялікія карпы, і само аздабленне стала нагадвала люстра возера.
− Праўда, падобна да Ізабеліна? − пытаецца ў мяне настаўнік гэтай школы, заўважыўшы, што я фатаграфую. − Яшчэ ўчора гэта рыба плавала ў возеры ў Ізабеліна. А цяпер упрыгожвае стол.
− Вы яе самі злавілі, самі прыгатавалі, а есці будуць усе, не шкада сваёй працы?
− Што вы, не. Наадварот, хочацца падзяліцца, пачаставаць калег. З задавальненнем падзялюся і рэцэптам, калі хто папросіць.
− А як вас завуць?
− Напішыце проста: настаўнік музыкі. Да выставы рыхтаваліся ўсёй школай, няправільна будзе не назваць усіх.
Частуйцеся сонейкам
Самым сонечным сталом я б назвала калектыўную працу дзіцячых садкоў №№10, 14 і Маркаўскага дзіцячага садка. На стале красаваліся не толькі торты-сонейкі, але і былі раскладзеныя пірожныя-кубікі, на якіх лёгка чытаўся надпіс: “З Днём настаўніка!”
− Ой, − замілоўваюся я, − сапраўды, як у дзіцячым садку.
− Прафесія абавязвае. Частуйцеся, калі ласка, − гаворыць мне выхавальніца Тамара Войніч.
− А не шкада рэзаць такую прыгажосць?
− А для чаго ж мы яе рабілі? Прыгажосць звонку, гэта толькі так, для фатаграфіі добра. А каб пакінуць аб сабе прыемныя ўражанні і ўспаміны, неабходна, каб хтосьці пакаштаваў.
− А хто рабіў гэту прыгажосць?
− Мы, педагогі. Гэта так здорава, што ёсць такія мерапрыемствы. Учора мы сабраліся ўсім нашым невялікім калектывам, прыгатавалі, пагутарылі. Таму і стол такі душэўны.
А ці не махнуць нам да цыганоў?
Па-цыганску маляўніча і весела прадставіла сваю выставу “Сярэдняя школа №12”.
Вобраз цыганкі-варажбіткі прымерала на сабе псіхолаг школы Ганна Пятроўская.
− Скажыце, чаму вы выбралі вобраз цыганкі?
− Мне падаецца, што гэта самы яркі вобраз, з якім можа асацыявацца кірмаш. Намеснік дырэктара прапанавала гэты вобраз, мы ўсе пагадзіліся. Так што атрымаўся такі табар настаўнікаў, як бачыце, нават са сваім мядзведзем, які і танцуе, і песні спявае.
У вялікім плюшавым мядзведзі пазнаю настаўніка фізкультуры Аляксандра Субача.
− Спадар Аляксандр, як вы пагадзіліся на ролю мядзведзя?
− Па-першае, мне самому гэта цікава, зноў жа, касцюм цёплы. Ніякія халодныя батарэі не страшныя, а па-другое, дзяўчаты сказалі, што ў грыме мяне ўсё роўна ніхто не пазнае.
− Я бачу, у вас адзін з самых вялікіх сталоў на гэтым свяце. Усе настаўнікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы?
− Мы вырашылі так, − распавядае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Шыцік. − Дзень настаўніка − гэта свята не толькі нас, настаўнікаў, але і вучняў, і іх бацькоў. Таму рыхтавалі прысмакі, як гаворыцца, усім светам.
Каб я так жыў!
Здзівіла сваімі кулінарнымі шэдэўрамі і Красненская сярэдняя школа. На стале ў іх стаяла бочачка… з чырвонай ікрой. На ім надпіс: “Каб так жылося ўсім настаўнікам!”
− Неверагодна, гэта торт такі?
− Так. Торт − пажаданне. Каб ва ўсіх на стале была такая бочачка з сапраўднай ікрой.
− А чаму ж не частуеце прысутных?
− Чакаем начальства. Мы між сабой так і называем гэты торт: “Дырэктарскі”. Прыедзе дырэктар і вырашыць, каму ён дастанецца. Але, мяркуем, загадае разрэзаць і падзяліць. Шчодры ў нас дырэктар.
Чыя была ідэя на Дзень настаўніка стварыць такую прыгажосць, пытаюся ў начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іны Драпезы, якая таксама прысутнічае на гэтым свяце.
− Я не магу сказаць, што гэта была новая ідэя. Але мы вырашылі, што свята для беларусаў − гэта перш за ўсё частаванне самымі смачнымі стравамі. А паколькі мы не можам запрасіць усіх настаўнікаў раёна ў рэстаран, мы вырашылі павіншаваць адзін аднаго такім чынам.
− Скажыце, а гэта конкурс? Як будзеце вызначаць пераможцу?
− Вы бачылі, якую прыгажосць зрабілі нашы настаўнікі? Як можна ўзнагародзіць ляльку Барбі, зробленую з крэму, і не ўзнагародзіць вожыкаў? Або ўзнагародзіць толькі салодкія вырабы і не заўважыць фаршыраваных карпаў і курыцу, мясныя рулеты і канапкі з кілбасы? Таму пераможцаў не будзе. Усе − вялікія малайцы!
− А што вам асабіста спадабалася больш за ўсё?
− Я прасіла калег падзяліцца рэцэптам гэтых страў. Буду частаваць на свята сваіх дамашніх.
− А вы ўжо павіншавалі настаўнікаў, што вучылі вас?
− На жаль, я рэдка бываю ў сваёй школе, каб павіншаваць усіх маіх настаўнікаў асабіста, таму павіншую праз вашу газету ўсіх настаўнікаў Маладзечаншчыны. Паважаныя настаўнікі! Я вам жадаю, каб ваша дзейнасць заўсёды прыносіла вынік. Жадаю вам задавальнення ад працы. Творчасці, поспехаў, натхнення, акрыленасці ў справах. І, вядома, шчасця ў асабістым жыцці.
Наталля ТУР.
Фота Наталлі ТУР.