Ад сярэдзіны верасня пачалі рабіць прышчэпкі ад грыпу.

Чаму варта рабіць прышчэпкі ад грыпу, тлумачыць загадчыца аддзела эпідэміялогіі Маладзечанскага занальнага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Людміла Ермачэнка:

– Па-першае, вакцына стварае імунітэт супраць грыпу. Па-другое, яна дапамагае прадухіліць небяспечныя наступствы, якія ўзнікаюць ў час хваробы ці пасля яе.

– Ці магчыма пасля прышчэпкі захварэць?

– Ніякая вакцынацыя не можа даць гарантыі, што чалавек не захварэе.  Усё залежыць ад імунітэту, схільнасці да хвароб і стану здароўя. Калі чалавек і захварэе, то грып будзе працякаць у лёгкай форме.

– Каму рабіць вакцынацыю неабходна, а каму лепш не прышчапляцца?

– Вакцына ад грыпу супрацьпаказаная людзям з гіперадчувальнасцю да курынага бялку.

− Ёсць і тыя, каму трэба рабіць прышчэпку, – дадае  доктар-эпідэміёлаг Надзея Батурэвіч. – Напрыклад, цяжарным жанчынам ў трэцім трыместры.

– Чым бясплатныя прышчэпкі адрозніваюцца ад платных?

– Розніца ў краіне вытворцы. Так, напрыклад, платныя прышчэпкі – французскія, расійскія і нідэрландскія. Кошт іх каля 100  тысяч. Бясплатныя – кітайскія. Усе вакцыны сертыфікаваныя, іх штамы аднолькавыя. Таму ўздзеянне на арганізм чалавека тое самае.

– Людзі часта хварэюць менавіта пасля вакцынацыі. З чым гэта звязанае?

– Кожны год супрацоўнікі Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і іх сем’і робяць прышчэпкі. Гэта больш за 100 чалавек. Ні ў аднаго з іх не было ўскладненняў.

Да таго ж, кожная арганізацыя аховы здароўя, якая займаецца прышчэпкамі, дае нам інфармацыю аб ускладненнях на грыпозную вакцыну. Не было ніводнага.

Аднак рэакцыя на прышчэпку можа быць розная. Напрыклад, павышэнне тэмпературы.

– Ці магчыма пазбегнуць негатыўнай рэакцыі на прышчэпку?

– Па-першае, не трэба яе рабіць, калі ёсць прастуда ці іншыя прыкметы захворвання. Па-другое, трэба цягам 14 дзён імкнуцца не пераахалоджвацца і не кантактаваць з хворымі.

Фота www.zdorovieinfo.ru.

Каму можна зрабіць бясплатную прышчэпку

Бясплатную вакцыну супраць грыпу могуць атрымаць людзі з высокай рызыкай ускладненняў: людзі з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэм, парушэннямі функцыі нырак, імунадэфіцытам, асобы, старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, дзеці да 3-х гадоў, медработнікі, асобы з устаноў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых.

Таксама бясплатную прышчэпку могуць зрабіць дзецям, якія наведваюць дзіцячыя дашкольныя установы і школы; маладым людзям, якія вучацца ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе, і іншым.
Калі ж вы не належаце да гэтых катэгорый, вакцынацыя будзе платная.

Яе можна зрабіць і за кошт сродкаў прафсаюзнага камітэта. Арганізацыі неабходна адшукаць магчымасць выдзеліць грошы на набыццё грыпознай вакцыны і забяспечыць імунізацыю не менш за 40 працэнтаў работнікаў.

Летась у Маладзечанскім раёне перад пачаткам эпідэміі грыпу прышчапілася крыху больш за 36 працэнтаў насельніцтва. Сёлета плануецца прышчапіць не менш за 35 працэнтаў насельніцтва.
Вакцынацыя праводзіцца ў гарадской паліклініцы №1, Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы альбо медыцынскім цэнтры “Салюс”, які знаходзіцца па адрасе: Вялікі Гасцінец, 159.

Святлана АЛЬФЕР.