Ганна і Віктар Ешчанкі пазнаёміліся чатыры гады таму. Ён напісаў у інтэрнэт-чаце, яна адказала, і пайшло-паехала…

Віктар сам з Мазыра. Да Ганны ў Маладзечна пераехаў недзе паўгода таму, і пара хутка згуляла вяселле. А 30 верасня ў маладых нарадзіўся сын Цімафей.

– Хацелася, каб імя было незвычайным, – дзеліцца Ганна. –  Муж, праўда, не быў у захапленні, але мы дамовіліся, што я называю хлопчыка, ён – дзяўчынку.

Радзільня

Ад маладзечанскай радзільні ў Ганны засталіся самыя цёплыя ўражанні:

– Ведаеце, страшна было туды ісці. Начыталася ў інтэрнэце розных жахаў, вось і чакала самага горшага. У дадатак, не збіралася класціся так рана. Справа ў тым, што нарадзіць павінна была 28 кастрычніка. А атрымалася амаль на месяц раней. Усё так раптоўна здарылася! Але дактары ды медсёстры ставіліся вельмі добра, проста не перадаць словамі.

Рэакцыя сваякоў

Ганна з мужам Віктарам.

– Тое, што нарадзіўся Цімафей, – радасць для ўсіх, – працягвае маладая маці. – Аднак самы галоўны падарунак атрымаўся маёй бабулі. Нарадзіла ў яе дзень нараджэння. Збіралася ісці на свята, намалявалася, апранулася, а тут у радзільню паклалі!

Сваякі ўвогуле ўсе ў шоку былі. Мама ў паніцы: як так? Чаго яна так рана нараджае? Перажывала вельмі моцна.

Яна якраз тады на працы была, а тата з братам і мужам на дачы. Дык брат мой званіў маме і супакойваў. Адна жонка брата была спакойная. Казала: “Ну нараджаць яна паехала, што ж з таго? Я адвезла яе ўжо”.

1000-е немаўля

З 1000-м увогуле дзіўна атрымалася, – прыгадвае Ганна. – Патэлефанаваў муж, пачаў нешта казаць пра гэта, а мне не да таго, бо ўсё баліць, дзіця яшчэ не прынеслі. Вось я і не зразумела спачатку, што да чаго. Вечарам, калі ўжо прынеслі Цімафея, я ачухалася і спытала ў мужа, што ён там казаў пра 1000-е дзіця. Тады ўсё стала зразумела.

Маладыя маці, якія былі разам са мной у палаце, атрымаўшы пасведчанні аб нараджэнні дзяцей, здзіўляліся: “Так цікава, у пасведчанні маё дзіця 996-е. Некаму ж пашанцавала быць 1000-м!” І вось ляжу я і кажу: “Ну нам пашанцавала быць тысячнымі”. І такое маўчанне адразу.

Пасля казалі: “Трэба запомніць, што мы ляжалі з тысячным немаўляці”. Хаця ведаеце, тысячнае не тысячнае, галоўнае, каб здаровае было.

Першы раз трымае на руках

– Спачатку не верыла, што гэта маё дзіця. Прывыкла, што яно ў маім жываце. А тут на руках, яго можна памацаць, паціскаць. Потым пачалі прачынацца мацярынскія пачуцці. Яго забіраюць на якія-небудзь працэдуры, а ты думаеш: чаму яго забралі? Гэта маё! Хутчэй бы вярнулі… А чаму так доўга?

Як выпісвалі з радзільні

– Вельмі хацелася, каб хутчэй выпісалі дамоў, – узгадвае маладая маці. – Як бы добра ні ставіліся ў бальніцы, дом ёсць дом. І сцены дамашнія лечаць.

Перад самай выпіскай у бальніцы ўсе падскоквалі, пыталіся: “Ну калі ўжо цябе выпішуць?” Са сталоўкі падышла жанчына і кажа: “У мяне там цэлы натоўп. Памыць трэба, а яны сыходзіць не хочуць. Тысячнае дзіця выпісваць будуць, паглядзець жа трэба. Можа, цябе могуць хутчэй забраць?”

Хутка мяне і забралі. Сустрэў муж разам з братам і яго жонкай з кветкамі, з мясцовым тэлебачаннем. Прывезлі дамоў, а там ужо ўсё падрыхтавана: ложачак, шарыкі…

Настасся РОЎДА.

Фота Настассі РОЎДЫ.

Фота забяспечана Ганнай ЕШЧАНКА.