Каб арганізаваць дэманстрацыю ў Беларусі, давядзецца шмат пра што паклапаціцца. Грошы спатрэбяцца ў тым ліку на тое, каб заплаціць за працу міліцыянераў, медыкаў ды прыбіральшчыц.

Не змяніць, а паказаць пазіцыю

Карэспандэнтка “РГ” Зоя Хруцкая аднойчы натрапіла ў Вільні на дэманстрацыю каля Нацыянальнага тэатра. Ляонас Героцерус, адзін з удзельнікаў, патлумачыў, чаму яны выйшлі на вуліцу:

Па законе, каб зладзіць нейкае масавае мерапрыемства ў Беларусі, арганізатар спачатку павінен напісаць заяву на правядзенне і атрымаць дазвол. Пакуль яго няма, пра запланаваную акцыю ні ў СМІ, ні ў інтэрнэце казаць нельга.

Пастаянныя месцы для правядзення такіх збораў выбіраюць мясцовыя ўлады. Як і тыя, дзе іх ладзіць нельга. Рабіць некалькі акцый у адным месцы адначасова закон не дазваляе, як і праводзіць дзве па адным маршруце.

Цягам года арганізатарам не можа выступаць грамадзянін, які раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства.

Актывістка Наста Матчанка, якая прымала ўдзел у арганізацыі масавых мерапрыемстваў, адзначае, што самае складанае ў падрыхтоўцы – разлічыць, колькі чалавек прыйдзе, каб пазначыць гэта ў заяўцы на дазвол.

Тлумачыць праваабарончы цэнтр “Вясна”

“Асноўныя правы ў сферы публічнага выказвання замацаваныя ў міжнародных стандартах (Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і г.д.) і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Гэтыя правы ўключаюць свабоду слова, поглядаў, свабоду мірных сходаў, права на інфармацыю і іншыя. Пры гэтым яны не з’яўляюцца абсалютнымі і могуць абмяжоўвацца пэўнымі крытэрамі.

Вось прыклад  з Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах:

“Артыкул 21

Прызнаецца права на мірныя сходы. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асоб”.

Адпаведна, абмежаванні і працэдура рэалізацыя права павінны рэгулявацца законамі краіны.

У Беларусі законы ў гэтай галіне вельмі часта празмерна абмяжоўваюць правы, што пацвярджаюць шматлікія рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН (якія, да слова, Беларусь адмаўляецца выконваць).

Напрыклад, для правядзення масавага мерапрыемства ў Беларусі трэба падаць заяву ў мясцовы выканкам і атрымаць дазвол. Падставы для адмовы могуць быць любыя ды адвольныя, чым чыноўнікі і злоўжываюць. Суды таксама пры скаргах прымаюць іх бок, кола замкнёнае.

Ва ўсіх суседніх краінах працэдура правядзення масавага мерапрыемства куды прасцей – не прасіць дазвол на правядзенне, а паведаміць, што збіраецеся ладзіць. У Расіі можна не ўзгадняць адзінаасобны пікет, у Літве – узгадняць толькі ад 10 чалавек і таксама толькі паведамляльнай працэдурай, а не прасіць дазвол.

Пры гэтым дзяржаўныя органы самі павінны гарантаваць магчымасць правядзення акцыі. У нас жа выканаўчыя органы патрабуюць дамовы з медыцынскімі і санітарнымі ўстановамі з аплатай з боку арганізатараў, што істотна абмяжоўвае права на свабоду сходаў”.

Арганізаваць пікет у Літве можна за тры дні

Адміністратар Беларускага дома правоў чалавека Вольга Вайсава арганізоўвала ў жніўні дэманстрацыю ў Вільні. Вось крокі, якія яна прайшла.

Крок 1

Напісала просьбу па арганізацыі масавага мерапрыемства ў віленскае самакіраванне. Яно павінна было даць дазвол на правядзенне.

Крок 2

Цягам трох дзён камісія прызначыла час, калі будуць разглядаць просьбу. На абмеркаванне запрасілі арганізатараў пікета.

Крок 3

Калі камісія высветліла ў арганізатараў, з якой нагоды і з якой мэтай ладзіцца дэманстрацыя, то дала дазвол.

Дэманстрацыя ў Вільні побач з Прэзідэнцкім палацам.

У выніку Вольга атрымала дазвол роўна праз тры працоўныя дні.

Дарэчы, для парадку на мітынгу былі і чатыры паліцэйскія. Гэта было загадзя агаворана. Аднак плаціць за іх працу ці за працу прыбіральшчыц не давялося. Па законе нашай краіны, за гэта трэба дадаткова плаціць.

Беларус на дэманстрацыі за мяжой: унутраны бар’ер

Распавядае беларуска Іна Хоміч:

– Аднойчы я прыехала ў Вільню, дзе з калегамі вырашылі зладзіць акцыю. Нас было нямнога, таму мы не бралі ніякіх дазволаў.

Некаторыя з нас удзельнічалі ў акцыях раней, некаторыя – ўпершыню. Былі сярод дэманстрантаў і ўкраінцы, для якіх схадзіць на дэманстрацыю, як для нас – у краму. Ім, як правіла, за гэта нічога не бывае, таму яны і не баяцца.

Мы, беларусы, ужо прывыклі ставіцца да дэманстрацый з асцярогай і чакаць, што падбягуць міліцыянеры ды пачнуць распытваць, што да чаго. У мяне таксама быў унутраны бар’ер: аглядалася і чакала паліцэйскіх, якія падыдуць да нас і пачнуць дапытваць.

Аднак намі ніхто не цікавіўся, акрамя рэдкіх прахожых, якія падыходзілі ды глядзелі, што напісана на плакатах. Калі разумелі, што літары не літоўскія, ішлі сабе далей. Паліцыя не падыходзіла ўвогуле, нягледзячы на тое, што мы стаялі перад адміністрацыйным будынкам.

У Літве адчуваеш сябе нашмат вальней. Азіраешся, глядзіш, думаеш: ага, усё чыста, спакойна, можна не баяцца. А праз дзесяць хвілін цалкам разнявольваешся.

Важна зразумець, што ў гэтым няма нічога крымінальнага. Гэта не парушэнне правапарадку, а толькі выказванне свайго меркавання.

Калі б мы маглі выйсці з плакатамі ў Беларусі, грамадства адгукнулася б. Хтосьці з намі пагадзіўся, хтосьці – не, аднак пачалося б абмеркаванне. З гэтага пачынае фарміравацца грамадская думка.

Настасся РОЎДА.

Фота і відэа Зоі ХРУЦКАЙ.