У выставачнай зале імя Сілівановіча Вілейскага музея праходзіць выстава мастацкай фатаграфіі Віктара Суглоба з Мінска “Крокі па зямлі”.

Творца ўжо больш за сорак год займаецца фатаграфіяй, з’яўляецца сябрам народнага фотаклуба “Мінск”, творчага саюза “Фотамастацтва”.

– На выставе прадстаўлена каля 40 мастацкіх фотаздымкаў.  Гэта гарадскі ландшафт, краявіды, – расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава. – Паколькі выстава праходзіць у Вілейцы, Віктар Суглоб  не мог не прадставіць нашы краявіды: Заброддзе, Вілейскае вадасховішча. Ён вельмі часта бывае на Вілейшчыне, прымае ўдзел у фотапленэрах. Любімая яго з’ява ў прыродзе – гэта туман. Гатовы прачынацца ў чатыры гадзіны раніцы і ехаць, напрыклад, у тую ж Сосенку дзеля таго, каб сфатаграфаваць краявіды ў тумане. Таксама на выставе прадстаўлены такі новы для фатографа накірунак як студыйны нацюрморт.

Апроч узораў мастацкай фатаграфіі, на выставе можна пабачыць частку калекцыі фотаапаратаў Віктара Суглоба. Ён сабраў вялікую калекцыю – больш за дзве тысячы фотаапаратаў розных часоў і краін.

На працягу пяці год яны выстаўляліся ў галерэі кампаніі “Свет фота”, якой кіруе Віктар Суглоб, а сёння частку гэтай калекцыі можна пабачыць у музеі гісторыі Мінска. Калекцыянер прымаў удзел у складанні каталога–класіфікатара “1200 фотаапаратаў з СССР”.

На выставе ў Вілейцы прадстаўлена больш за 50 фотаапаратаў.

– Выклікаюць цікавасць фотаапараты, якія выпускаліся у Савецкім Саюзе, у тым ліку і на вілейскім заводзе “Зеніт”, а таксама ЗША, Японіі, Ганконгу, – кажа Вольга Коласава. – Ёсць тут фотаапараты, якія выпускаліся спецыяльна для фотакарэспандэнтаў, а таксама шпіёнскія.

Віктар Суглоб – даўні сябар Вілейскага краязнаўчага музея. Яшчэ ў 2004 годзе тут прайшла першая яго фотавыстава. І тады ж кампанія “Свет фота” і музей правялі сумесны праект: конкурс сярод школьнікаў на лепшы фотаздымак роднай зямлі. Пераможцы атрымалі фотаапараты.

Такім чынам, супрацоўніцтва працягваецца – абяцаў творца і надалей знаёміць віляйчан са сваімі працамі.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота забяспечана Вілейскім краязнаўчым музеем.