Маладзечна застаецца горадам, нязручным для інвалідаў.

“Энва”, адзінае прадпрыемства ў раёне, спраектаванае спецыяльна для найбольшай зручнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, цяпер у цяжкім становішчы.

Многія добрыя справы, вырашэння якіх дамагаюцца яго работнікі, выканаць не складана, але вынік значна аблегчыць жыццё дзясяткаў інвалідаў.

Прафкам і аддзел рэабілітацыі “Энвы” імкнуцца палепшыць умовы інвалідаў, каб яны мелі магчымасць нармальна рэабілітавацца, быць самастойнымі, абслугоўваць сябе, развіваць свае творчыя магчымасці.

Ад 15 кастрычніка прадпрыемства “Энва” грамадскага аб’яднання Беларускага таварыства інвалідаў па зроку распачынае месячнік “Чалавек з белым кійком”. У межах яго штогод вядзецца актыўная работа, каб прыцягнуць увагу кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб’яднанняў, гараджан да задач і праблем інвалідаў па зроку.

Многія просьбы каштуюць танна

Традыцыйна кіраўніцтва прафкама праводзіць апытанне сярод работнікаў і збірае прапановы па арганізацыі безбар’ернага асяроддзя. Звычайна іх збіраецца 12-20. Прапановы накіроўваюцца адказным службовым асобам, яны іх разглядаюць, а пасля разам з калектывам “Энвы” абмяркоўваюць іх вырашэнне.

− Не ўсе нашы прапановы, якія патрабуюць вырашэння, затратныя, − падкрэслівае старшыня прафкама, начальнік аддзела па рэабілі­тацыйнай рабоце Іван Радвіловіч. − Прытым, што іх выкананне значна аблегчыць жыццё невідушчым.

Нягледзячы на тое, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі з году ў год звяртаюць увагу на нязручнасці, Маладзечна пакуль не стала зручным і дружалюбным для інвалідаў.

У “Энве” працуе 285 інваліды, сярод якіх 173 маюць групу па зроку.

Працуюць некаторыя работнікі, якія прыехалі з Мядзела і Валожына.

У парку, на вуліцах, у грамадскіх памяшканнях першую і апошнюю прыступку неабходна пазначаць кантрасным колерам. Без гэтых пазнак чалавек са слабым зрокам спатыкаецца і часта падае. Такіх пазнак няма ў парку імя Перамогі. Часта прыступкі нераўнамернай вышыні, нераўнамерна размешчаныя. У тым жа парку ў некаторых месцах спачатку адна прыступка, потым адразу дзве.

Ганкі многіх устаноў разбураныя.

− Каля “Спадарожніка” зрабілі новую стаянку, цяпер такая вузкая дарожка, прычым яе напалову займаюць бамперы, − дадае інструктар па сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі Мікалай Несцер. − Там усім небяспечна хадзіць, не тое што інвалідам.

Па вуліцы Драздовіча, каля інтэрната, засталося паглыбленне. Па вуліцы Маркава вядуць работы, знялі ўсе арыенціры для невідушчых і невядома, ці паставяць іх назад. Вуліца Вольная ўся ў ямінах.
Некаторых інвалідаў па зроку пасялілі ў 11-м мікрараёне, але новая частка горада апынулася неадаптаванай для тых, хто мае абмежаваныя магчымасці.

Атрымліваецца, што навабуды паўстаюць, але дзяржаўныя структуры

пакуль не гатовыя ў поўнай меры ўлічваць праграмы па безбар’ерным асяроддзі.

Спраўна выконваюць хіба толькі просьбы аб гукавых святлафорах. Практычна ўсе заўвагі ўлічылі і ўладкавалі неабходныя пераходы гукавым сігналам.

Да “Дажынак” каля “Энвы” знялі ўчастак агароджы і не замянілі. Многія заўвагі ад калектыву тычацца пытанняў бяспекі. Яны могуць падацца дробязямі для чалавека з нармальным зрокам.

Пакуль не прызначылі дату, калі адбудзецца сустрэча калектыву “Энвы” і кіраўніцтва Маладзечанскага раёна.

Любая няроўнасць збівае: дзе я?
− Нашы інваліды не могуць нармальна пагуляць, напрыклад, у парку, − тлумачыць Іван Радвіловіч. − А невідушчы чалавек мае надзею толькі на слых, адчуванне, кіёк. Любыя няроўнасці пад нагамі яго збіваюць і дэзарыентуюць. Для людзей са зрокам гэта дробныя праблемы. Сыты галоднаму не спачувае. Але да гэтай справы трэба ставіцца з адказнасцю і разуменнем. Райвыканкам спрабуе дапамагчы, напрыклад, пілавіннем для кацельні, але нявырашана яшчэ мноства вельмі важных пытанняў.

Старшыня прафкама скардзіцца, што дзяржаўныя ўстановы не ўладкоўваюць працоўныя месцы для інвалідаў, хаця па законе, калі няма медыцынскага супрацьпаказання, чалавек з абмежаванымі магчымасцямі − паўнавартасны кандыдат на вакансіі. Пры гэтым прыватнікі ахвотна прымаюць на працу людзей, якія атрымалі інваліднасць.

Работнік “Энвы” рыхтуецца да конкурса “Брэйн-рынг”. Праграма задае пытанні, а мужчына думае над адказамі. Працуе толькі з гукам.

 “Энва” скарачае працоўны тыдзень

Прадпрыемства ад 1 лістапада да 31 снежня пераходзіць на чатырохразовы працоўны тыдзень. Прадукцыя губляе запатрабаванасць, аб’­ёмы не выконваюцца, фінансавання не хапае. Усё гэта вядзе да нізкага заробку.

У той жа час прадпрыемства заахвочвае, каб работнікі вялі актыўны лад жыцця, удзельнічалі ў конкурсах і спаборніцтвах: чэмпіянаты па шашках, шахматах, брэйн-рынг.

Пакой гаспадыні. Тут вучаць невідушчых гатаваць, прышываць гузікі і іншай бытавой справе.

Зрок можа знікаць пасля прастуды

Старшыня пярвічнай вытворчай арганізацыі прадпрыемства “Энва” Марына Саўчук распавяла, што інваліднасць па зроку атрымліваюць па розных прычынах: хтосьці невідушчы ад нараджэння, у некага на зроку адбіўся стрэс ці траўма, а адна 35-гадовая жанчына пачала губляць зрок як ускладненне пасля вострага рэспіраторнага захворвання.

Рэабілітацыя праходзіць складана таму, што прыстасаванні, якія могуць аблегчыць быт невідушчага, каштуюць дорага. Некаторыя рэчы выдаюць па чарзе. Сёлета толькі адна жанчына атрымала кіёк, аднак ён апынуўся непрадуманай канструкцыі, таму карыстацца ім нязручна.

У кабінеце рэабілітацыі. Макет горада, па якім чалавека, які нядаўна атрымаў інваліднасць па зроку, вучаць арыентавацца ў горадзе.

Экскурсія па “Энве”

На прадпрыемстве прадугледжана ўсё магчымае, каб зрабіць знаходжанне ў ім як мага камфортней для невідушчага.

Кожныя дзверы маюць гукавы сігнал, які ўключаецца, калі яны адчыненыя. Так можна пазбегнуць сутыкнення, калі інвалід ідзе па калідоры, а хтосьці адчыняе дзверы.

Дзверы з гукавым сігналам, а сцены з парэнчамі.

На ўсіх пралётах першая і апошняя прыступкі пафарбаваныя ў жоўты колер.

Вакол ручак таксама кантрасны жоўты колер, каб яе было зручна знайсці чалавеку са слабым зрокам.

Каб вызначыць, на які паверх падымаешся, да парэнчаў прымацавалі болцікі. Адзін − на першым паверсе, два − на другім, тры − на трэцім. Да сцен прымацавалі парэнчы, каб было зручна ісці па калідоры.

Два болцікі – другі паверх.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота і відэа Зоі ХРУЦКАЙ.