Пакуль жыве апошняя кніга, жыве і нацыя − – сцвярджалі ў 19 стагоддзі.

Надышло 21 стагоддзе. І на кнігу сталі менш звяртаць увагі, давяраючы ўсё больш інтэрнэту. Але мы, прафесіяналы-бібліятэкары, кажам “не і не”. Кніга – самы надзейны ў жыцці лоцман. Можна прыводзіць бясконцае мноства прыкладаў, як кніга зрабіла кагосьці сапраўдным чалавекам.

Кніга – гэта лепшае вынаходніцтва чалавецтва. І дарэчы, адкуль інтэрнэт сцягвае свае рэсурсы? Вядома ж, з той кнігі, якая была выдадзеная цяпер ці шмат стагоддзяў таму.

Мы, бібліятэкары, імкнёмся ўсімі сродкамі прапагандаваць яе Вялікасць кнігу. Зусім невыпадкова мы распрацавалі праект “Па кніжным свеце”, разлічаны на вучняў агульнаадукацыйных устаноў, навучэнцаў каледжаў горада.

Улічваючы, што гэта падлеткі і навучанне ім лепш падаецца праз гульню, мы праводзім сваё падарожжа па кніжным свеце як гульнёвую праграму па залах бібліятэкі. Удзельнікі − вучні дзвюх школ, паміж якімі ідзе інтэлектуальнае спаборніцтва.

Атрымалася і цікава, і пазнавальна. Пасля знаёмства з заламі ўдзельнікі адказвалі на пытанні. “Колькі год старэйшай кнізе, якая была выдадзеная ў 1820 годзе”, – пытаецца супрацоўнік, трымаючы ў руках рэдкае выданне Карамзіна. Былі і такія: дзе на маладзечанскай зямлі жыў наш знакаміты паэт Максім Багдановіч, якія кодэксы існуюць у нашай краіне, як знайсці кнігу “Новая зямля” на паліцы?..

Цягам гадзіны падлеткі былі ў царстве кнігі і як чытачы, і як бібліятэкары. За кожны правільны адказ удзельнікі атрымлівалі жэтоны, а выйграла тая каманда, якая сабрала іх найбольш. У першым спаборніцтве перамаглі вучні 10-й гімназіі, а ў другім – вучні 12-й школы. Школьнікі былі задаволеныя тым, што адстаялі гонар сваіх навучальных устаноў.

Хто ведае, можа, калісьці хто-небудзь з іх кіне “мышку” і прыйдзе ў бібліятэку за кніжкай, якая стане мудрым дарадчыкам у яго жыцці.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы бібліятэка будзе ладзіць цягам года, а па заканчэнні вызначыць самых лепшых.

Раіса ДАВІДОВІЧ, бібліятэкар Маладзечанскай цэнтральнай бібліятэкі.

Фота забяспечана аўтарам.