Кансультанты пэўнай фірмы звычайна збіраюць на прэзентацыю сваіх фільтраў жыхароў з некалькіх кватэр. І ў выніку людзі пачынаюць верыць, што іх пакупка сапраўды выгадная.

Дырэктар “Маладзечнаводаканала” Станіс­лаў Бакун гаворыць:

− Гэтыя гандляры прадаюць фільтры за 4,4 мільёна рублёў. Кажуць, што даюць скідку і зніжаюць для пенсіянераў і інвалідаў да 2,2 мільёна. А тым часам у адной з крамаў такі самы фільтр каштуе 1,3 мільёна рублёў.

Міхаіл Міхалевіч, загадчык аддзялення камунальнай гігіены Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўдакладняе, што якасць водаправоднай вады ў Маладзечне адпавядае ўсім гігіенічным нормам.

− Яны набіраюць ваду з-пад крана і праводзяць як бы эксперымент. Але інакш, як хімічным фокусам, гэта не назавеш. Яны дадаюць рэактывы, якія рэагуюць з солямі натрыю, калію, магнію. У выніку хімічнай рэакцыі вада мяняе колер. А гэтыя бізнесмены запалохваюць людзей, кажуць, што нібыта вада забруджаная. Аднак усе гэтыя солі неабходныя арганізму і ў водаправоднай вадзе яны ў аптымальнай колькасці. Я гаварыў з прадстаўнікамі гэтай фірмы, яны неадукаваныя ў тым, пра што гавораць. Не ведаюць нарматываў солей, хаця любы можа паглядзець іх на сайце Міністэрства аховы здароўя. Не могуць адказаць, якія солі павінны быць у вадзе і ў якой колькасці. Водаканал выдаткаваў вялікія грошы, каб з нашых кранаў цякла добрая вада.

Маладзечанскі водаканал мае міжнародны сертыфікат якасці. У краны падаецца артэзіянская вада з двух водазабораў: у Крыніцы і Гелянове.

Многія калодзежы стаяць на балансе водаканала, таму іх пастаянна манітораць, правяраюць якасць вады. Любы можа праверыць якасць вады, набраўшы бутэльку і занёсшы ў лабараторыю водаканала.
Калі ў горадзе з вадой пытанняў больш няма, паводле слоў намесніка дырэктара водаканала па ідэалагічнай рабоце Валерыя Мельніка, то ў раёне некаторыя вёскі могуць  мець пытанні. Жыхарам Заскавічаў, напрыклад, фільтры не пашкодзілі б.

Валеры Мельнік удакладняе, што фільтры робяць ваду больш мяккай, ад яе няма накіпу. Плаціць за бутыляваную ваду жыхарам горада ён не раіць. А калі вы збіраецеся на прыроду, танней набраць ваду з-пад крана.

Калі хто ўсё ж хоча набыць фільтр для вады, лепш купіць у праверанай краме,

а не пераплачваць сумніўным прадаўцам.

На гэтым тыдні работнікі водаканала сустрэліся з прадстаўнікамі фірмы, якая прадае фільтры. Бізнесмены патлумачылі, нібыта ім скардзяцца на якасць вады.

− Але чаму ў водаканал, куды скардзіцца было б лагічна, ніхто не тэлефанаваў з нараканнямі? − рас­павядае Валеры Мельнік. − На прапанову паказаць эксперымент у нас, яны занерваваліся і сказалі, што сёння няма калі. Калі яны маюць ліцэнзію, то могуць гандляваць, гэта не назавеш махлярствам. Калі дакументы пад­робныя − імі зоймецца міліцыя. Мне шкада тых пенсіянераў, якія паддаюцца і аддаюць апошнія грошы на тое, што не вельмі трэба. А калі і трэба, то можна набыць удвая танней.

Чытайце яшчэ на гэту тэму: Лахатрон пітной вады.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота avivas.ru .