Якімі льготамі можа карыстацца чалавек, які мае групу інваліднасці? Якія базавыя правы для іх застаюцца недаступнымі? І дзе права мяжуе з чалавечнасцю?

На пытанні жыхароў горада, якіх датычыцца пытанне інваліднасці, адказвалі юрысты офіса па правах людзей з інваліднасцю Вольга Трыпуцень і Лілія Воліна. Сустрэчу арганізаваў Маладзечанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва.

Найперш псіхолаг Алена Камісарук паведаміла, што пры патрэбе любы можа атрымаць псіхалагічную падтрымку ў цэнтры.

Маладзечанскі цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва знаходзіцца па вуліцы Таўлая, 4. Тэлефоны: псіхолага – 8(0176) 74-66-20, юрыста – 77-75-78.

Першае пытанне, якое закранулі юрысты, − даступны асяродак. Вольга падкрэсліла, што, з яе пункту гледжання, адсутнасць безбар’ернага асяроддзя −  гэта парушэнне правоў чалавека, які мае інваліднасць. Кожны грамадзянін мае пэўны набор правоў, якія забяспечвае яму дзяржава, і сярод іх – свабоднае перамяшчэнне.

Чалавек з абме­жаванымі магчы­масцямі − такі самы, як і ўсе іншыя, але яму трэба крыху дапамагчы. І тады ён зможа самарэалізавацца.

Так і адзін жыхар Маладзечна дабіўся таго, што да яго кватэры, да балкона, зрабілі пандус.

Здараецца, што дзяцей, якія маюць асаблівасці развіцця, не хочуць прымаць у інтэграваныя групы ў школах, якія спецыяльна створаныя для таго, каб усе дзеці на роўных умовах маглі вучыцца. У такіх выпадках трэба пісьмова звяртацца да службовых асоб, якія займаюцца фарміраваннем групы, і нагадаць, што найважнейшая задача дзяржавы − гэта ахова дзяцінства, і кожнаму павінна забяспечвацца права выбару навучальнай установы.

Юрыст нагадала, что інваліду гарантуюць наступныя правы:

– бясплатную медыцынскую, дэфекталагічную і псіхалагічную дапамогу

– права выбару навучальнай установы

– бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне

– сацыяльную рэабілітацыю

– працаўладкаванне адпаведна з магчымасцямі

– адукацыю на ўсіх узроўнях.

Хаця далёка не ўсе гэтыя правы рэалізуюцца.

Амаль няма навучальных устаноў ні сярэдняга, ні вышэйшага ўзроўню, дзе былі б прыстасаваныя прыбіральні для тых, у каго, напрыклад, праблемы з апорна-рухальным апаратам.

Пытанні наконт сацыяльнай пенсіі, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, кампенсацыі выдаткаў за падгузнікі  і лекі − адны з найбольш хваюючых для многіх сямей.

Як даведацца пра правы

Калі даюць пасведчанне інваліднасці, да яго не прыкладаюць спіс правоў і льгот, на якія цяпер чалавек мае права. У той жа час кожную сітуацыю варта разглядаць індывідуальна, каб нічога не прапусціць. У гэтым могуць дапамагчы юрысконсульт цэнтра, а таксама спецыялісты аддзела сацыяльнай абароны насельніцтва райвыканкама.

Вольга так і прапанавала зрабіць − даслаць у цэнтр сацабароны заяву з просьбай пералічыць усе льготы, на якія вы маеце права, прыклаўшы копіі ўсіх адпаведных дакументаў.

Усе скаргі афармляйце пісьмова!

Юрысты звярнулі ўвагу, што існуе такі від дапамогі, які выдаецца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Аднак ў заяве неабходна як мага больш поўна апісаць сваю сітуацыю, каб чалавек, які будзе прымаць рашэнне аб прызначэнні, мог аб’ёмна яе ўявіць.

Адна жанчына паскардзілася, што замест замежных лекаў, якія ёй дапамагаюць, ёй выпісваюць танны беларускі аналаг.

У такіх сітуацыях юрыст раіць пісаць просьбу разгледзець сітуацыю кіраўніку ўстановы. Потым − у вышэйстаячую ўстанову. Прычым усе звароты трэба перадаваць пісьмова і патрабаваць пісьмовыя адказы, якога б пытання яны ні тычыліся. Нярэдкія выпадкі, калі ад вусных заяў адказныя асобы потым адмаўляюцца.

Што будзе з ёй, калі вы памраце?

Многія, хто прыйшоў на сустрэчу, атрымалі не толькі юрыдычную кансультацыю, але і змаглі выгаварыцца пра набалелае.

Напрыклад, адной жанчыне на медыка-рэабілітацыйнай камісіі задалі пытанне: “А як будзе ваша дачка, калі вы памраце?” Калі яны, маючы другую групу інваліднасці, вырашылі праверыць, ці варта ім пераходзіць на першую, іх таксама чакала запамінальнае выказванне: “Дзяўчынка, калі ты будзеш ляжаць у ложку з суднам і мама будзе карміць цябе з лыжачкі, вось тады прыходзь”.

Тут юрыст звяртае ўвагу, што кожны мае права на гуманнае стаўленне да яго з боку доктара.

Хаця ў той жа час той самы доктар дапамог на раннім этапе выявіць праблему ў іншага дзіцяці, і тое выздараўлівае. Трапляюцца і такія дактары, якія успры­маюць чужую праблему з усёй адказнасцю, пад­тры­млі­ваючы пацыента.

Іншая жанчына, у дзіцяці якой былі праблемы з наборам храмасом, не можа забыць, як доктар ёй выдаў: “Трэба было менш піць”.

Яшчэ адна мама прыгадала, што пасля родаў заўважыла, што ў яе дзіцяці шырока расстаўленыя ножкі. Доктар на яе заўвагу адмахнуўся і адказаў, што яна нічога не разумее. Пазней у Бараўлянах ёй патлумачылі, што калі б яна звярнулася крыху раней, то праблему можна было б выправіць шырокім спавіваннем. А цяпер дзяўчына не ходзіць.

Іншая скардзіцца, што ў паўгода дачцэ зрабілі прышчэпку, пасля якой дзяўчынку паралізавала. Намаганнямі бацькоў яна вяртала і набывала новыя навыкі.

У іншай мамы ў нованароджанага быў нязросшыся язычок. Такое дзіця трэба вельмі пільна даглядаць, каб яно не захлынулася ці не задыхнулася. А для жанчыны было самым балючым, што ў раддоме ёй не давалі паглядзець на яго праз шкло, не трымалі ўвесь час у курсе справы. Для маладой мамы кожная хвіліна была трывожнай: што ж там з маленькім?

Аперацыі па выпраўленні такіх недахопаў трэба рабіць да трох месяцаў. Ёй яшчэ пашанцавала, што зрабілі ў шэсць.  

Усе дзеці − гэта шчасце!

Усе свае крыўды, страхі жанчынам дапамагае вырашыць клуб псіхалагічнай падтрымкі “Мы разам” для бацькоў дзяцей да пяці год, якія маюць інваліднасць. Ім кіруе Алена Камісарук.

− Пра многія рэчы мы даведаліся дзякуючы таму, што ў іншых мам ёсць такі досвед. Ведаеце, шкадаваць ні нас, ні нам, няма чаго. Дзеці − гэта шчасце! − гаворыць адна з удзельніц. − Некаторыя мамы ў такіх сітуацыях закрываюцца. Але трэба дзяліцца сваім досведам з іншымі. Больш трэба працаваць са здаровымі людзьмі, чым з інвалідамі.

Жанчыны кажуць, што вельмі важна, каб у дзіцяці былі сябры. Пакажыце ім, што асаблівасць  развіцця − толькі адна асаблівасць, а астатняе ўсё нармальна, і яны пагодзяцца. Некаторыя бацькі кажуць: “Не сябруй з ім, у яго тое і тое”. Наўрад ці гэта здаровы падыход. Адна дзяўчынка, на адной ручцы якой няма кісці, мае сяброў і гуляе, як любая іншая. Галоўнае − самім бацькам успрыняць асаблівасць спакойна і прыняць яе.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Дзесяць пажаданняў

Парады, як сябе паводзіць з чалавекам, які мае абмежаваныя магчымасці.

1. Падчас размовы звяртайцеся непасрэдна да чалавека, які мае інваліднасць. Не варта звяртацца да сурдаперакладчыка ці асобы, якая яго суправаджае. Звяртайцеся да чалавека з інваліднасцю па імю, калі ў групе гэтак жа звяртаюцца да іншых.

2. Паціснуць руку пры знаёмстве будзе цалкам да месца. Нават той, хто носіць пратэз ці мае складанасці з рукой, зможа паціснуць руку ў адказ − правую ці левую, што дапушчальна.

3. Калі прапаноўваеце сваю дапамогу, чакайце, пакуль яе прымуць. І толькі потым абавязкова ўдакладніце, як менавіта вы можаце дапамагчы.

4. Не паказвайце апякунскае стаўленне да чалавека ў інвалідным вазку. Не варта класці руку яму на галаву ці плячо, не называйце памяншальнымі імёнамі.

5. Крэсла-вазок − частка ўласнай недатыкальнай прасторы чалавека. Апірацца ці павіснуць на ім раўназначна таму, што робіце тое самае з гаспадаром.

6. Падчас размовы з чалавекам, які карыстаецца інвалідным вазком ці мыліцамі, станьце так, каб вашы і яго вочы былі  на адным узроўні. Вам абаім будзе прасцей размаўляць.

7. У размове з чалавекам, якому складана размаўляць, слухайце яго ўважліва і цярпліва. Чакайце, пакуль ён сам завершыць фразу, не выпраўляйце і дагаворвайце за яго. Пры неабходнасці задавайце кароткія пытанні, якія патрабуюць кароткага адказу, кіўка ці жэста.

8. Пры сустрэчы з чалавекам, які дрэнна бачыць, абавязкова назавіце сябе і людзей, якія прыйшлі з вамі. Падчас гутаркі ў групе тлумачце, да каго звяртаецеся, і не забывайце назваць сябе.

9. Каб прыцягнуць увагу чалавека, які дрэнна чуе, памахайце яму рукой ці пахлопайце па плячы. Выразна прагаворвайце словы, глядзіце прама ў вочы. Калі гаворыце з чалавекам, які ўмее чытаць па вуснах, станьце так, каб вас было добра відаць і нічога не замінала бачыць, што вы гаворыце (ежа, цыгарэта, рукі).

10. Паводзьце сябе спакойна. Не варта бянтэжыцца, калі дапусцілі памылку і выпадкова сказалі “паглядзі” чалавеку, які не бачыць, ці “пайшлі” таму, каму гэта гаварыць было не варта.

Паводле паштоўкі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, Цэнтра прававой трансфармацыі і Фонду развіцця прававых тэхналогій.

У аснове тэксту – матэрыялы Карэн Маер.

Фота 1366×768.ru, yuga.ru, facte.ru, open.az, ic.pics.livejournal.com.