Фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі на свае прызы правёў турнір сярод хлопцаў з усіх гарадскіх і некаторых раённых школ. Гульні адбываліся на працягу верасня і кастрычніка.

У афіцыйным палажэнні аб правядзенні спаборніцтва яго мэтамі і задачамі названыя папулярызацыя футбола сярод школьнікаў, прапаганда здаровага ладу жыцця, выяўленне пераможцаў і прызёраў.

Усе матчы праводзіліся па суботах. Гэта так званы шосты школьны дзень, спецыяльна прызначаны для заняткаў па інтарэсах. Заявіліся шаснаццаць камандаў, яны высветлілі мацнейшых па сістэме плэй-оф, пачынаючы з 1/8 фіналу. У заяўках камандаў былі 224 хлопцы, адначасова на полі знаходзіліся варатар і восем палявых гульцоў.

Вынікі матчаў першай стадыі турніру былі розныя, нават разгромныя. Некаторыя ж сведчаць аб роўнай барацьбе, напрыклад, не пашанцавала прадстаўнікам гімназіі №3 і гімназіі №10, якія саступілі з мінімальным лікам.

Наступная стадыя, чвэрцьфінал, прынесла такія вынікі. СШ №8 – ФСЦДзМ – 5:0, СШ №14 – СШ №9 – 3:1, СШ №12 – СШ №11 – 3:2, Чысцінская СШ – СШ №4 – 2:1. Заключныя сустрэчы адбыліся ў адзін дзень. Раніцай прайшлі паўфіналы. СШ №14 – СШ №12 – 3:0, СШ №8 – Чысцінская СШ – 4:3.

У сярэдзіне дня ў гульні за трэцяе месца СШ №12 перамагла Чысцінскую школу з лікам 1:0, а ў вырашальнай гульні турніру прадстаўнікі СШ №№14, 8 разышліся мірам з лікам 1:1, і толькі ў серыі пенальці ўдача ўсміхнулася камандзе СШ №14.

Граматы ад арганізатараў турніру атрымалі лепшыя гульцы. Гэта варатар Раман Сушко (СШ №14), абаронца Вадзім Шушко (Чысцінская СШ), нападаючы Андрэй Бяззубін (СШ №12), снайпер Дзмітры Клачко (СШ №8), самы ўніверсальны Уладзіслаў Малькевіч (СШ №8), самы тэхнічны Андрэй Паліенка (СШ №14).

Сяргей ГАЙКОВІЧ.

Фота sportprimorye.ru.