Нядаўна адзначалася 125-я гадавіна з дня нараджэння мастака, скульптара, пісьменніка, археолага і педагога Язэпа Драздовіча.

Пра гэту асобу гутарым з вілейскім мастаком Эдуардам Мацюшонкам, які паспрабаваў асэнсаваць жыццё і творчасць Драздовіча праз свае жывапісныя творы.

Эдуард Мацюшонак разважае пра зямное і касмічнае, пра гісторыю і сучаснасць, пра таямніцы прыроды роднай бацькаўшчыны, якія цесна злучыліся паміж сабой у творчасці гэтага мастака.

Я іду да людзей, каб несці ім мастацтва”

– Язэп Драздовіч для мяне з’яўляецца аўтарытэтам у разуменні таго, як трэба любіць тую зямлю, на якой ты нарадзіўся.

Дзённік “Паміж Мнютай і Аутай” дапамагае зразумець усе акалічнасці жыцця мастака. Вось пра гэту зямлю (Дзісненскі край), дзе ён многа хадзіў перад самай вайной  і пасля яе, пісаў насценныя дыванкі, маляваў краявіды, пісаў фантастычныя аповесці…  Ён і казаў: “Я іду да людзей, каб несці ім мастацтва”. У Драздовіча была магчымасць паехаць на заробкі за мяжу, але ён выбірае служэнне мастацтву і людзям на радзіме. Ён казаў: “Мне патрэбна аддаць доўг той зямлі, якая мне дала пуцёўку ў жыццё”.

Па ўспамінах людзей, якія былі знаёмыя з ім (і мой тата пра гэта казаў), Драздовіч заўсёды быў апрануты чыста і акуратна, нягледзячы на любыя жыццёвыя абставіны. Усе яго рэчы выглядалі стыльна і адначасова сціпла, падкрэсліваючы мастацкі густ гэтага незвычайнага чалавека.

І ў размове ён не апускаўся да слоў і тэм, якія былі ніжэйшыя яго духоўнага ўзроўню. Мастак заўсёды стараўся гаварыць толькі пра высокае, толькі добрае пра тых людзей, якіх ён ведаў. Вось таму ён і пісаў свае краявіды на Месяцы, на Сатурне, на Плутоне так, як быццам там створана ідэальнае грамадства, ідэальныя гарады, дзе няма ні войнаў, і дзе розум  ідзе не супраць чалавека, а для яго.

Прыйдзе час – і вы мяне яшчэ пашукаеце”

Фота wikimedia.org

Успамінаю расповеды маёй мамы, а таксама цёці Гэлены, у якой ён некалькі тыдняў жыў і маляваў дываны. “Ён пачынае распавядаць пра гісторыю нашага краю, пра іншыя планеты і жыццё на іх, і ўсе дзеці і дарослыя  з іншых хат збіраліся, каб яго паслухаць. Ён малюе дываны і распавядае, як там людзі жывуць на Месяцы, на планетах, а мы потым  вечарам выбягаем і глядзім на далёкія-далёкія планеты, і сапраўды бачым там тыя гарады”. Так стваралася мастацтва, якое прызначана было служыць людзям. На жаль, многія дываны, як і іншыя творы, зробленыя ім у той  час, успрымаліся як рэчы побыту і для мясцовых жыхароў не ўяўлялі мастацкай каштоўнасці. З часам яны былі страчаныя або замененыя сучаснымі вырабамі шырокага спажывання.

Чалавек усё сваё жыццё паклаў на алтар таго, каб на гэтай зямлі жыла навука, культура, каханне. Ён, як быццам тая свечка, якая гарэла і гарэла, для таго, каб гэта ўсё захаваць.

Ён казаў: “Прыйдзе час – і вы мяне яшчэ пашукаеце”. І на самой справе, зараз час прыйшоў, і мы вельмі часта шукаем такіх асоб, якія змаглі стаць тым падмуркам, на якім можна было б будаваць духоўнае адраджэнне. Вось гэткая асоба Язэпа Драздовіча. Ён жыў, не маючы ні сям’і, нічога таго, што мы называем матэрыяльнымі здабыткамі. Ён, маючы зямлю, на якой  нарадзіўся, рабіў усё для таго, каб на гэтай зямлі было прыгожа і добра.

“Што б ён ні рабіў – гэта заўсёды цікава”

 Язэп Драздовіч для мяне цікавы як асоба. Гэта вельмі цэльны чалавек. Кажуць, што мастаком нельга быць з двух гадзін да пяці, мастак – гэта прызванне. Язэп Драздовіч калі не ствараў жывапісныя творы, то нешта выразаў з дрэва, часта ён проста ішоў да людзей, слухаў іх жыццёвыя расповеды, запісваў народныя песні, альбо рабіў замалёўкі.

Ён заўсёды быў у творчым пошуку, таму што яму было што сказаць. Яго ўнутраны свет такі вялікі і гарачы – як полымя. Што б ён ні рабіў – гэта заўсёды цікава”.

Гэта той чалавек, які першы мне сказаў, што я беларус”

“Мой стрыечны брат зняў фільм пра Драздовіча 15 год таму. Фільм складаецца з расповедаў тых людзей, якія выдатна памяталі Драздовіча, якія вучыліся ў яго: падчас вайны ён выкладаў у школе ў Лужках, бо  настаўнікаў не было.

Адзін з яго вучняў успамінаў: “Гэта той чалавек, які першы мне сказаў, што я беларус, што мая зямля –  выдатная  і  цудоўная,  што я павінен  ведаць яе гісторыю і ганарыцца ёй.

Моманты з жыцця Драздовіча, што ўразілі найбольш

Вельмі ўражвала, як ён самааддана працаваў для самадзейнага тэатра Таварыства беларускай школы ў Беластоку, ствараючы дэкарацыі. Драздовіч разумеў, што за працу, хутчэй за ўсё, ён нічога не атрымае, давала аб сабе знаць цяжкае становішча беларускамоўных школ у 30-ыя гады.

Але гэта было вельмі патрэбна тым людзям, якія  абавязкова прыйдуць у тэатр, каб пазнаёміцца  з беларускім мастацтвам. Яны павінны  чуць беларускае слова і адчуваць асалоду ад беларускіх краявідаў, намаляваных ім на тэатральных дэкарацыях.

Другое, што мяне вельмі ўразіла – гэта яго адзінота. Па жыцці ён ішоў адзін, без сям’і, без жытла, застаўся адзін і ў апошнія хвіліны на гэтай зямлі. Можа гэта і праўда,  калі чалавек жыве вось так, аддаючы ўсяго сябе людзям, ён не павінен чакаць, што яму цяпер будуць усе ўдзячныя. Тое, што ён робіць цяпер, становіцца зразумелым праз гады…

Мне здаецца, Драздовіч быццам прасіў, заклікаў: “Вось ёсць зямля. Давайце будзем  яе любіць і шанаваць, паважаць яе гісторыю і культуру, давайце будзем сапраўднымі беларусамі”. А гэта было тады не ўсім зразумела. Уяўляю: вайна, рэвалюцыя, хутка мяняюцца ідэалы… І пачуць гэтыя заклікі і адгукнуцца на іх тады было вельмі цяжка.

Драздовіч і наш рэгіён

Фота spadczyna.com

Лічу, што з Засвірам у яго звязана вельмі многае. Таму што Казімір Сваяк (які служыў у Засвірскім касцёле) і Драздовіч былі сябрамі – яны аднолькавыя на духоўным успрыманні мастацтва. Упэўнены, што вечарамі яны размаўлялі на  тэмы  вельмі блізкія для абодвух: іх цікавіў лёс Бацькаўшчыны.

Думаю, калі ён працаваў у Радашковічах, у гімназіі Францыска Скарыны, то ён  мог праязджаць праз Вілейку, Маладзечна. Прыгажосць гэтых мясцін адлюстроўвалася ў яго творчасці. Магчыма, наведваючы  Мядзел, ён быў зачараваны прыгажосцю касцёла і незвычайнасцю Мядзельскай Кальварыі.

Партрэты, прысвечаныя асобе Язэпа Драздовіча

На першым партрэце “Драздовіч. Вяртанне” паказаў яго на фоне насценнага дыванка, якія ён любіў маляваць. А на дыванку – тыя мясціны, адкуль я родам: Задарожскі касцёл, Мнюцкае возера, курганы. Ён там часта бываў, рабіў навуковыя даследаванні і маляваў.

Пасля вывучэння творчасці Драздовіча ў мяне ўзнікла адчуванне, што гэта асоба намнога глыбейшая, чым я ўяўляў раней. Ён трывала стаіць на зямлі сваіх продкаў, нясе сваю любоў да роднага краю іншым людзям з адкрытым сэрцам, а сваімі пачуццямі, розумам і духоўнасцю высока ўзлятае ў нябёсы, як быццам злучае нешта касмічнае з гэтай зямлёй.

Праз нейкі час з’явілася адчуванне, што я павінен стварыць яшчэ адну працу. Так нарадзілася ідэя “Космаса Драздовіча”.

Калі пачаў пісаць, то зразумеў, што нават сама тэхніка жывапісу павінна быць тонкая – амаль што акварэльная, хоць карціна будзе напісана алейнай фарбай. Атрымліваецца так, што само палатно прасвечваецца праз фарбу, і бачна што аснова даматканая, а па ёй ідуць колеры фарбаў. Як быццам адчуваеш, што свеціць Месяц і асвятляе гэту зямлю. Праца, такім чынам, атрымлівае філасофскі падтэкст.  

Па кампазіцыйнай пабудове яна складаецца як быццам  з асобных пластоў. На самым высокім узроўні – рэшткі замкаў, маёнткаў, крэпасцяў, якія ён вывучаў і  апісваў, яны быццам выхаплены святлом Месяца. Ніжэй – Вільня. Катэдра, манастыры, якія ён вельмі добра ведаў, у якіх бываў, многа маляваў.

Яшчэ ніжэй – рачулка і невялікая драўляная цэркаўка ў тумане. Ён казаў, што яму падабаюцца невялікія касцёлы і цэрквы ў Беларусі, таму што іх будавалі не вялікія майстры архітэктуры, якія былі запрошаны з Італіі, Францыі, а   мясцовыя людзі. І яны мелі тыя архітэктурныя рысы, якія былі больш звязаныя з гэтай мясцовасцю. Далей можна ўбачыць выяву хаты, адчыненае акенца, у якім гарыць святло. Магчыма, яго там нехта чакае.

І ўсе гэтыя выявы  прыгожа асвячае Месяцовае святло. Усе гэтыя рэльефныя лініі, краявіды зямнога  быццам бы пераходзяць на краявіды Месяца. І там яны  пераліваюцца і ператвараюцца ў выявы Трывежа – яго горада, ягоных акадэмій, штучных мораў…

Намалявана карціна шэра-зеленаватымі колерамі, якія ён вельмі любіў. Казаў, што гэта вельмі беларускі колер, крыху затуманены,  нейкі задуменны. 

На карціне Драздовіч як быццам і матэрыяльны, і нейкі духоўны, лёгкі. Ён праходзіць побач з намі, яшчэ хвілінка – і ён з гэтага пейзажу сыдзе.

Зараз гляджу на яго, і такое ўражанне, што ён для мяне зрабіў падарунак: як быццам дазволіў мне ўвайсці ў ягоны космас. Гэта дапамагае зразумець яго і тую краіну, дзе жыву.

Рама з дрэва, што помніць мастака

Эдуард Мацюшонак паказвае раму, зробленую з дрэва часоў Драздовіча.

Як праца яшчэ пісалася, пачаў думаць, якой павінна быць рама. Вельмі добра, што з’явілася магчымасць зрабіць раму да карціны  з дрэва з таго часу, калі жыў Драздовіч, хадзіў па гэтых хатах, і якраз з тых мясцін – адчуваю, што яно памятае яго. Дзе знайсці такое дрэва, падказаў тата.

На раме прыгожыя  зеленаватыя гадавыя кольцы – як яго “нябесныя бегі”. У раме замацаваны медны дрот – як быццам бы жывая жыла ідзе, быццам пульсуючы нерв. Такім чынам, ты адчуваеш, што гэта праца і рама  – адно цэлае.

Мара пра  музей

Лічу, што на Глыбоччыне павінен з’явіцца вельмі ўтульны і прыгожы музей імя Язэпа Драздовіча, дзе павінна быць сабрана як мага больш яго рэчаў. І трэба, каб там праводзіліся заняткі па беларускай мове і літаратуры, гісторыі і мастацтву. І калі яшчэ настаўнік будзе выкладаць усё з любоўю, то мы будзем адчуваць, што Язэп Драздовіч – выдатны мастак і асоба. І самае галоўнае – ён з той зямлі, на якой мы жывём.

Нават уяўляю сябе, як на сценах  музея з’яўляюцца  роспісы беларускіх краявідаў, а на столі – фантастычныя малюнкі з “Нябеснымі бегамі” Драздовіча. Павінна ўсё быць так, як быццам у музеі матэрыялізуецца свет гэтага чалавека. Каб было паказана, як ён прайшоў шлях ад Пінска да Вільні, прадстаўлены яго літаратурныя роздумы, археалагічныя знаходкі, этнаграфічныя занатоўкі.

Ён казаў: “Я веру ў тое, што люблю, і люблю тое, у што веру. А я люблю і веру ў Беларусь”.  

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.