Якая рэальная эканамічная сітуацыя ў Беларусі сёння? Што чакаць ад курсаў валют? Як усё гэта ўплывае на жыхароў нашага рэгіёна?

На гэтыя пытанні эксклюзіўна для “РГ” адказаў эканаміст і аналітык Сяргей Чалы.

− Як сёлетняя эканамічная сітуацыя адбі­ваецца на заробках?

− Практыка затрымак заробку існуе прыкладна ад другога квартала гэтага года. Многія арганізацыі балансуюць на ўзроўні “Ну вы ж разумееце”. У тым, што затрымліваюць заробкі ў кастрычніку, нічога новага, гэта феномен гэтага года.

− Гэта праблема будзе працягвацца?

− Праблемы гэтыя ў іншым. Яны звязаныя з тым, што Урад і Нацбанк у адпаведнасці з планам сумесных дзеянняў, які яны прынялі,  збіраюцца абмежаваць аб’ёмы крэдытавання. Гэта дастаткова балюча ўдарыць па тых прадпрыемствах, у якіх бізнесцыкл завязаны на крэдытаванні. Уявіце, што дзяржава забірае сваё фінансаванне, а ў вас няма абаротнага капіталу, каб плаціць сваім работнікам, але пры гэтым вы – прыбытковае прадпрыемства і маглі б нармальна працаваць.

Асноўная пагроза ў тым, што ёсць сапраўды вялікая колькасць прадпрыемстваў, якія функцыянуюць толькі дзякуючы падтрымцы, і ў рынкавых умовах ім было б зусім складана. З майго  пункту гледжання, план, які склаў Урад сумесна з Нацбанкам, зусім не пралічаны на мікраўзроўні. Ёсць шмат прадпрыемстваў, якія проста спыняцца ў сітуацыі, калі абнаўляльны крэдыт стане для іх немагчымым.

Гэта не іх віна. Прычына такога становішча – яны функцыянавалі за кошт крэдыту. Крэдыт спыняецца – спыняецца фінансаванне прадпры­емства.

− Рэформы, пазначаныя ў плане Урада і Нацбанка, трэба было рабіць хаця б у 2011 годзе?

− Вядома, можа, нават і тры, і пяць год таму. Безумоўна, усё гэта трэба было рабіць раней. Усё, што цяпер напісана, было падрыхтавана пад прыезд місіі МВФ. Калі ўсё ж такі гэты план пачнуць ажыццяўляць хаця б часткова, то ён недастатковы і рэалізуецца пазнавата. Але лепш позна, чым ніколі.

Там прапісаны тыя рэчы, без якіх не абысціся.

− Як вы ставіцеся да пазіцыі “нам усё роўна дадуць крэдыт”?

− Можна карыстацца крэдытамі ці яшчэ штосьці прыдумаць, але сітуацыя такая, што гэтыя грошы ўсё адно ідуць у топку. Іх праядуць вельмі хутка. Зразумейце, пытанне тычыцца не таго, каб узяць грошы і выратаваць кароткатэрміновую сітуацыю. Задача тых, хто выдае грошы, – патрабаваць ад нас дзеянняў, якія нашы праблемы зробяць не хранічнымі, не вечнымі.

Калі нам выдадуць два, чатыры мільярды долараў – мы іх праядзім лёгка. Гэтак жа, як праелі атрыманы ў канцы 2011 года пераразлік кошту за газ, значна зменшаны. Тая перавага, якую мы атрымалі, – ну і дзе яна?

Справа не ў спробе знайсці грошы, а ў тым, каб нешта памяняць, каб выкарыстаць на прадуктыўныя рэчы.

− Якіх перамен з рублём мы можам чакаць на новы год?

−  На пытанне вельмі складана адказаць. Першае – колькі беларускі рубель павінен быў бы каштаваць, а другое – як доўга яго рэальны кошт будуць стрымліваць.

Калі б цэны не кантралявалі, па маіх падліках, долар цяпер каштаваў бы 11 300− 11 500 рублёў.

Пазіцыя Нацбанка такая: не дапусціць дэвальвацыі, усімі магчымымі сродкамі зрабіць так, каб змены курсу былі мінімальныя і кантраляваць іх. Доўга працягваць такую палітыку проста не будзе сродкаў.

Неабходна не павялічваць зарплату

28 кастрычніка ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). На ёй абмяркоўвалі ў тым ліку новы план сумесных дзеянняў Урада і Нацбанка. Як паведамляе БелаПАН, кіраўнік місіі МВФ Дэвід Хофман сказаў, што місія вітае шэраг элементаў гэтага плана. На яго думку, гэта добры пачатковы пункт, які забяспечыць “такі неабходны рух наперад”.

− Неабходна рэзка скараціць рост заработнай платы і мэтавага крэдытавання – асноўных крыніц дысба­лансавання, − параіў Хофман.

Плануюць рэфармаваць эканоміку

План сумесных дзеянняў Урада і Нацбанка па структурным рэфармаванні і павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі Беларусі зацвердзілі 10 кастрычніка 2013 года. Сярод пунктаў плана: удасканаленне грашова-крэдытнай палітыкі, бюджэтнай палітыкі, пенсійнага заканадаўства, аптымізацыя дзяржаўных праграм, павышэнне эфектыўнасці кіравання дзяржмаёмасцю і іншыя. План ёсць у свабодным доступе.

Даведка “РГ”.
Сяргей Чалы – эканаміст. Нарадзіўся ў 1970 годзе ў Мінску. Закончыў БДУ па спецыяльнасці “фізік-тэарэтык”. Ад 1994 года працаваў у Аналітычным цэнтры пры Прэзідэнце Беларусі, займаўся працай з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Ад 2003 года – незалежны эканамічны эксперт, фінансавы аналітык. Адзін з найбольш вядомых аналітыкаў у галіне макраэканамічнай палітыкі.

Зоя ХРУЦКАЯ.