Завёў машыну, пераблытаў перадачы і ўехаў у клумбу
Раніцай 18 ліпеня ашмянец К. на аўтастаянцы каля рэстарана “Імперыя” ўгнаў машыну.
Аднак мужчына, завёўшы аўтамабіль, тут жа ўехаў у кветкавую клумбу і засеў. Там жа зламысніка затрымалі гаспадары машыны.
Кіроўца ГАЗа П. прыехаў у рэстаран “Імперыя” разам са стажорам, каб загрузіць выпечку з кандытарскай. У машыне не было замкоў, таму яны проста прыкрылі дзверы. Колькі П. працаваў на гэтай машыне, замкоў яна не мела.
І тут калега, кіроўца іншага аўтамабіля, сказаў, што машына П. уехала ў клумбу.
На судзе абвінавачаны К. паказаў, што правоў кіроўцы ён ніколі не меў. Жыве за кошт дапамогі па інваліднасці, дзеліць дом разам з пляменніцай.
Раніцай таго дня ён выйшаў з дому, прыхапіўшы з сабой два ключы запальвання: ад ГАЗа і ад ЗІЛа. Ён вырашыў знайсці ў горадзе машыну, на якой бы паехаў да брата ў адну з вёсак Ашмянскага раёна.
Калі трапіў у незачынены ГАЗ, завёў машыну, але пераблытаў перадачы і паехаў на задняй. І, пераехаўшы бардзюр, сутыкнуўся з клумбай.
Асуджанаму прызначылі лячэнне
Суд па гэтай справе адбыўся 15 кастрычніка.
Паводле псіхіятрычнай экспертызы, у К. зніжаныя крытычныя і прагнастычныя здольнасці, таму падчас злачынства ён не мог напоўніцу асэнсоўваць свае дзеянні і кіраваць імі.
Суд прызнаў, што абвінавачаны, калі хацеў угнаць машыну, то не зусім усведамляў, што робіць. Суд прызнаў К. вінаватым у неправамерным завалодванні машынай і паездцы на ёй без мэты крадзяжу.
Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на адзін год.
Аднак прызначанае пакаранне не будуць прыводзіць у выкананне, калі цягам аднаго года асуджаны не здзейсніць новае злачынства і будзе выконваць абавязацельствы, якія прызначыў суд.
К. мусіць прымусова праходзіць амбулаторны нагляд і лячыцца ў доктара-спецыяліста ў галіне псіхіятрычнай дапамогі.
Асуджанаму 45 год, ён ураджэнец і жыхар горада Ашмяны, халасты. З базавай адукацыяй, не працуе, не судзімы, мае інваліднасць другой групы восем год. Да таго, як яму прызначылі групу, працаваў 16 год ахоўнікам у Дэпартаменце аховы.
Аляксандр ЛЯХ, памочнік пракурора Ашмянскага раёна.