Аварыя здарылася 4 лістапада а 19 гадзіне на 30 кіламетры трасы Івянец-Сівіца-Белакорац.

− У тым месцы, дзе адбылася аварыя, дарога рэзка ідзе на закругленне ўправа. Кіроўца 1981 года нараджэння перад гэтым здзяйсняў абгон і, хутчэй за ўсё, перавысіў хуткасць. Ён не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Там аўтамабіль “Опель” ўдарыўся ў дрэва. Ад атрыманых траўмаў кіроўца памёр на месцы.

Загінуўшы быў святаром, мяркуецца, што ён ехаў са службы, таму што быў апрануты ў расу, − распавядае інспектар дзяжурна-патрульнай службы Валожынскай дзяржаўтаінспекцыі Андрэй Бобрык.

Па інфармацыі “Нашай Нівы”, імя ксяндза Андрэй Ахрэм. Ён нарадзіўся ў Вілейцы, там цяпер жывуць ягоныя бацькі. З 2005 па 2012 праходзіў фармацыю і навуку пры ордэне айцоў францішканаў у Лодзі (Польшча). Сёлета Андрэя Ахрэма высвяцілі ў ксяндзы. Сваю першую службу ён адправіў у вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа.

Наталля ТУР.

Фота tomsk.bezformata.ru