Шостага лістапада ў Маладзечна завіталі тры пакаленні сям’і з расійскага горада Самара, каб на свае вочы пабачыць месца, дзе скончыў жыццёвы шлях іх бацька, дзядуля, прадзядуля − Ягор Нікіфаравіч Рошчын.
− Дзядулю прызвалі на фронт недзе ў канцы 1941 года, − пачынае аповед унучка Ягора Рошчына Лідзія Каціна.
– Спачатку мама расказвала толькі пра тое, што эшалон, з якім яе бацька адпраўляўся на фронт, трапіў пад бамбёжку. Доўгі час лічылася, што ён прапаў без вестак.
Ужо потым я і мае дзеці сталі шукаць інфармацыю пра Ягора Нікіфаравіча Рошчына, але адказ на свае пытанні атрымалі толькі ў 2011 годзе.
У інтэрнэце знайшлі інфармацыю пра тое, што дзядуля трапіў у палон і 15 красавіка 1942 года апынуўся ў Маладзечне, у лагеры “Шталаг-342”.
Мы з сям’ёй праехалі амаль 2000 кіламетраў, каб паказаць прапраўнуку месца, дзе загінуў яго прапрадзядуля.
З сабой мы прывезлі зямлю ад той хаты, з якой у 1941 годзе праводзілі на фронт 39-гадовага Ягора Рошчына, каб ужо ніколі не пабачыць яго.
А ў Самары доўгія гады чакала яго жонка і трое дзяцей.
Я нарадзілася ўжо пасля вайны, таму ведала дзядулю толькі па адзіным фотаздымку, што захаваўся ў нашай сям’і.
Цяпер у Самары жыве малодшая дачка Ягора Нікіфаравіча, мая маці.
Ведаць пра лёс дзядулі − гэта наш доўг, наша памяць. Гэта святы абавязак усей сям’і.
Лідзія Князева, кіраўнік клубу “Пошук”, расказвае, што імя Ягора Нікіфаравіча Рошчына ў ліку іншых 159 імёнаў будзе занесенае на памятную дошку “Шталагу-342”.
і Магчыма, у наступным годзе, да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, 11 красавіка, дошка будзе ўсталяваная.
Наталля ТУР.
Фота Наталлі ТУР.