Аўтобус загарэўся сёння ноччу, з 5 на 6 лістапада, у Віцебску. Туды Мінскі абласны драматычны тэатр паехаў на гастролі.

Тым часам віцебскі тэатр гастралюе ў нас, у Маладзечне.

– Сёння нашы акцёры сыграюць у Віцебску апошні, трэці, спектакль, – кажа дырэктар Мінскага абласнога драмтэатра Юры Крывенькі. – Вяртацца яны будуць цягніком, бо аўтобус мы згубілі.

Чаму загарэўся аўтобус, пакуль невядома. Згарэлі некалькі крэслаў, закураны салон.

– Мы праводзілі акцёраў на гастролі ў панядзелак, 4 лістапада, у 8 раніцы, – кажа мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Дзінаў. – Туды паехала трупа з 17 чалавек. Яны павезлі з сабой тры спектаклі: “Старая зайчыха”, “Месье з рагамі і мадам з вусамі” і “Каханне па-італьянску”.

Віцебскі тэатр ужо паспеў паказаць маладзечанцам спектаклі “Макбет” і “Што баліць?”. Сёння пакажуць апошні – “Дажыць да прэм’еры”.

Настасся РОЎДА.

фота 112.by