Нядаўна карэспандэнт “РГ” сустрэлася з  трэнерам па цяжкай атлетыцы Сяргеем Хмяльком. Нагодай для сустрэчы сталі поспехі яго падапечнага, 13-гадовага маладзечанца Кірыла Давыдзенкі, на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

З 22 па 26 кастрычніка праходзіла першынство Беларусі па цяжкай атлетыцы сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Кірыл стаў сярэбраным прызёрам з вынікам 76 кілаграмаў у рыўку і 98 кілаграмаў у штуршку. Кірыл на гэтых спаборніцтвах палепшыў свой уласны вынік аж на сем кілаграмаў.  

Кірыл, якія былі адчуванні, калі ты выходзіў на спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню?

− Гэтыя спаборніцтвы ўсяго трэція ў маёй спартыўнай кар’еры. Таму заўсёды гэта хваляванне, потым яму на змену прыходзіць кураж, азарт. Хаця я пачынаю больш спакойна да гэтага ставіцца.

Дзяўчынкі ў цяжкай атлетыцы будуць!

 Задаю пытанне трэнеру Кірыла Сяргею Хмяльку:

Што атрымоўваецца: Кірыл займаецца цяжкай атлетыкай усяго два месяцы і ўжо паказвае такі вынік?

− Не зусім так. Кірыл пачынаў трэніравацца ў Красным. Ён займаецца ўжо два гады, − папраўляе мяне другі трэнер Кірыла Дзмітры Таратута, чэмпіён краіны па гіравым спорце.

− А што датычыцца Маладзечна, − прадаўжае Сяргей Хмялёк, – то наша аддзяленне цяжкай атлетыкі зусім юнае. Яно працуе толькі з першага верасня гэтага года. А вынікі вы бачыце якія. Таму, мяркую, што перспектывы ў нас велізарныя. Сёння створаныя ўсе ўмовы для развіцця спартсменаў. І прасторная светлая зала, і лёгкаатлетычны манеж побач. Я, канешне, мару пра невялічкі інтэрнацік для 15-20 спартсменаў, каб перспектыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся, трэніраваліся, жылі на спартыўнай базе, як гэта было ў СССР. Вось чаму цяпер кітайцы – лідары амаль ва ўсіх відах спорту? Таму што яны перанялі методыку савецкай школы. Каб спартсмен быў паспяховым, паказваў вынікі, ім трэба займацца пастаянна.

− А колькі сёння спартсменаў-цяжкаатлетаў займаецца ў школе?

− На сённяшні дзень у нас займаюцца 40 хлопчыкаў.

Толькі хлопчыкаў? Дзяўчынак не прымаеце?

− Канешне, прымаем. Але ахвотных пакуль няма. А шкада. Жаночая цяжкая атлетыка таксама мае права на існаванне. Мне вельмі цікава жаночая атлетыка, гэта надае гэтаму віду спорту дынаміку, канкурэнцыю. Але я вам абяцаю, дзяўчынкі ў нас будуць!

− З якога ўзросту можна займацца цяжкай атлетыкай?

Хлопчыкаў мы прымаем з 10 гадоў, дзяўчынак – з 13. На пачатковым этапе з дзяўчынкамі займацца нават цікавей. Яны больш паслухмяныя.

− А не шкодна ў такім юным узросце займацца цяжкай атлетыкай? Усё ж такі цяжар падымаць!

Калі падымаеш правільна, тады не шкодна. Не адразу ж падымаеш вялікую вагу, нагрузка паступова павялічваецца,− далучаецца да нашай гаворкі Дзмітры Таратута.

Дзмітры, а вы як трэнер можаце з першага погляду пазнаць, хто прыйшоў у атлетыку, каб стаць чэмпіёнам, а хто так, змарнаваць час?

− А гэта адразу бачна. Нават і па фізічных дадзеных. Чалавека, які сур’ёзна прыходзіць займацца, не трэба неяк упрошваць, стымуляваць. І калі ты прыйшоў у спартзалу, то павінен сам адказваць за свой выбар. Цяжкая атлетыка − гэта не легкадумны спорт.

Цяжкаатлеты павінны быць “жалезнымі гавайцамі”

Сяргей Андрэевіч, як вы лічаце, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які вырашыў звязаць свой лёс з цяжкай атлетыкай?

Чалавек павінен быць “жалезным гавайцам” (Даведка “РГ”: мянушку “жалезны гаваец” атрымаў цяжкаатлет з ЗША Таміа Кона за тое, што ён на працягу васьмі гадоў утрымліваў за сабой званне мацнейшага штангіста, устанавіў 24 сусветныя рэкорды), жорсткім і прынцыповым. Снарад не даруе памылак, з ім трэба распраўляцца жорстка і бескампрамісна. Баявы настрой і прынцыповасць – гэта не проста прыгожыя словы для цяжкаатлета. Гэта жыццёвае крэда. Калі спартсмен уздымае армаду металу над галавой, прыгожа і ўпэўнена, гэта выклікае ў гледача павагу і захапленне.  

Ведаю, што некаторыя людзі, у тым ліку і я, трохі скептычна адносяцца да гэтага віду спорту. Ну што тут такога? Выйшаў, падняў ці не падняў вагу, і вольны? Паспрачайцеся са мной.

І паспрачаюся: так пра цяжкую атлетыку разважаюць толькі дылетанты. Тут пастаянна ідзе вельмі цяжкая тактычная барацьба. Барацьба спартсменаў і трэнераў. Калі твой сапернік падымае вагу, гэта азначае, што табе давядзецца падымаць вагу большую. Вось ужо інтрыга. А трэнер павінен ведаць усе моцныя бакі свайго выхаванца, каб дапамагчы яму выбраць правільную пазіцыю. А даганяць саперніка цяжка заўсёды.

Трэнер для спартсмена, што тыгр для дрэсіроўшчыка

А вы даўно працуеце трэнерам?

− З 1969 года. Вучыўся я ў легендарнага Навума Лапідуса. У 1978 годзе ўстанавіў рэкорд Беларусі на 200 кілаграмаў. Калі мае вучні паўтораць яго, я здыму перад імі капялюш. Але і сёння мне ўжо ёсць “кім крыць”: Сяргей Танковіч, Віктар Шарамет, Дзмітры Таратута − мае вучні. І сёння я з імі б у разведку пайшоў.

− А з цяперашнім вучнем, Кірылам?

− Без варыянтаў, так! Кірыл прыстойны хлопец, са стрыжням унутры. Сур’ёзы, няветраны. Вучыцца добра, што для паспяховага спартсмена вельмі важна. Адначасова з фізічнымі дадзенымі неабходна развіваць і разумовыя здольнасці. Вось нядаўна Кірыл у школе пісаў сачыненне на тэму: “Кім я хачу быць?” Кірыл напісаў, што хоча быць спартсменам, для мяне гэта важны паказчык. Значыць, мы на правільным шляху. Дарэчы, настаўніца паставіла дзявятку за гэта сачыненне.

− Вы і поспехі ў школе на трэніроўках абмяркоўваеце?

− А як жа без гэтага. Трэнер − гэта быццам дрэсіроўшчык. Трэба быць такім дрэсіроўшчыкам, каб самая суровая тыгрыца або львіца магла  даверыць табе сваё дзіцяня. Так і ў нас. Але з-пад палкі дамагчыся поспехаў немагчыма. Трэнер павінен прапаноўваць, а не прымушаць. Бывае, што не ўсё на трэніроўках атрымоўваецца адразу.

− Кірыл, а не было жадання ўсё кінуць, калі нешта не атрымоўвалася?

− Такога жадання не было і не будзе!

Кірыл Давыдзёнак. 

− А ці марыш прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях?

Алімпійскія гульні − гэта сур’ёзнае выпрабаванне. Каб усё было так лёгка, у нас бы ўсе хадзілі з алімпійскімі медалямі. А падыход да алімпіяды ў нас які? Трэба заваяваць 25 медалёў! А я ж не токар, каб узяць ды вытачыць іх на станку! Я працую над гэтым у спартзале. А так, у нас усё добра, сціпла і ў “акураце”. І, поспех, спадзяюся, не прымусіць сябе доўга чакаць!

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.