Як звычайны вясковы хлопец змог вывесці свой калгас у лік лепшых Беларусі і Савецкага Саюза? Якімі сакрэтамі поспеху можа падзяліцца з любым кіраўніком? І які стрыжань дапамагае заваяваць аўтарытэт, непадуладны часу і палітычнай сістэме?

Сённяшні госць “РГ” − Уладзімір Калачык, гаспадар, які для работнікаў сельскай гаспадаркі стаў легендай. Разам з карэспандэнтам “РГ” на сустрэчы быў былы дырэктар Лебедзеўскай школы Валеры Качаргін.

Уладзімір Міхайлавіч жыве ў вёсцы Заскавічы ў звычайным цагляным доме. На двары сохне бялізна. У доме няма дарагой мэблі ці незвычайных прадметаў. Большасць рэчаў савецкіх часоў, але усё вельмі чыста і акуратна. У вазах стаіць шмат кветак. Вялікае месца займае кніжная паліца. А куток з абразамі, відаць, прыбіралі асабліва ўважліва.

Сярод яго фотаздымкаў ёсць толькі адзін, дзе ён стаіць з усімі сваімі ўзнагародамі. Кажа, што толькі аднойчы  ўсе ўзнагароды і надзеў –  для фота. Але друкаваць здымак не дазволіў: лічыць больш важным здзейсненыя справы.

Нарадзіўся проста на полі

Мама нарадзіла яго падчас жніва проста на полі. Загарнула ў чыстае і пайшла працаваць. З таго часу ўсё жыццё Уладзіміра Міхайлавіча звязанае з зямлёй.

− Пры немцах вучыўся тры гады, вывучалі гісторыю Беларусі. Даставалі кніжкі, як удавалася. Мае бацькі былі праваслаўна развітыя, мелі літаратуру. Таму ўсё, што расказвалі ў перадачы “Падарожжа дылетанта”, я ведаў.

А вось далей вучыцца спачатку не атрымалася. Калі мама загінула, мне было 13 год, бацька яшчэ трохі пажыў, але хварэў на сэрца. А нас, дзяцей, засталося чацвёра. Я як самы старэйшы быў за гаспадара.
Было ў нас шэсць гектараў зямлі. Трымалі каня, кароў, пяць авечак. Былі сераднячкі.

− А як вас не выслалі?

− Тады, да 50-га года, у нас яшчэ быў НЭП у Заходняй Беларусі. Вывозілі толькі тых, хто, як ім здавалася, перашкаджае савецкай уладзе.

Цяпер кажуць, раён накопвае восем тысяч тон бульбы. А мы некалі ў калгасе столькі накопвалі. Ну вось цяпер старшыня калгаса ў нас разумны, таму што звязаны з навукай і тэхнікай, як і я. У мяне гэта ад бацькоў. Калі ім трэба было пакрыць кабылу, то яны везлі яе да добрага жарабца за 50-100 кіламетраў, плацілі за справу. А яўрэі чакалі потым, калі ажарэбіцца. Ці карову да быка так вялі.

Цяпер у бацькоўскай хаце жыве пляменнік.

Хоць мы жылі сярэдне, але стараліся ўсе прылады для гаспадаркі мець перадавыя.

Самыя першыя ў вёсцы ў 1936 годзе выкапалі калодзеж, папрасілі майстра Шостака.  

Часта раённая газета пісала, што мы перабіралі ячмень уручную. Таму што бацькі хацелі выбраць самыя лепшыя зярняткі, каб потым іх пасеяць. Таму гаспадарка свая выглядала нядрэнна. Да таго ж, бацькі былі вельмі рэлігійныя.

Калі мяне сакратаром райкама выбралі, я дома плакаў,

бо вельмі хацеў вучыцца.

Як калгасы арганізавалі, я паўтара года адпрацаваў учотчыкам. Каб вучыцца далей, пайшоў сакратаром райкама камсамола. Хаця мне было цяжка. У мяне мова была не то беларуская, не то польская, хадзіў жа ў польскую школу, гэту мову добра ведаю і цяпер.

− На якой мове гаварылі ў баць­коўскай хаце?

− На беларускай. Вёска была на 150 двароў. Вакол нас жылі каталікі, а мы былі праваслаўныя. Святкавалі і іх рэлігійныя святы, і нашы.

15 чалавек у адным пакоі

− Для вас важны дзень 9 Мая?

− Адно з галоўных святаў. Вайна была на маіх вачах, бачыў, як людзі мучыліся. Нашу ж хату спалілі. Падчас вайны ў Заскавічах засталося толькі пяць хат не спаленых. Адна з іх − чараўніка, які загаворы ведаў. Зіму мы жылі ў сваякоў: 15 чалавек у адным пакоі.

Быў спецыяльны службоўца Разнічэнка, які збіраў падаткі і кватараваў у Мароськах у чараўніка. Ён моцна баяўся бандытаў, таму не выходзіў ноччу на двор па патрэбе, а хадзіў у вядро. Чараўнік вырашыў яго напужаць, каб правучыць: правёў правадок, і як мужчына стаў па патрэбе, то пацягнуў яго, а той крычыць “Чэрці крыюць!”

Мой бацька сябраваў з мясцовым гандляром-яўрэем, і калі трэба была каса − выпісваў чэшскую, ці сякеры, ці машыну-арфу. І падчас пажару дабро яны вынеслі. Таму засталося гэта нам, калі яны памерлі.

І цяпер упэўнены, што поспех вырашае тэхніка. Трэба шукаць усё перадавое, быць у курсе новага ў навуцы.

Выпуск трэцяй групы 1-га курса Ашмянскай сельгасшколы. Уладзімір Калачык крайні злева ў першым радзе.

Работніку трэба бонусы

− Як у вашых работнікаў не апускаліся рукі?

− Адным маім абавязкам было прымаць дэлегацыі. Смірноў, які быў старшынёй Таварыства дружба народаў у Мінску, прывозіў мне часта дэлегацыі. А я яму кажу: “Брат ты мой, дар за дар.  Ты таксама вазьмі маіх і звазі за мяжу”.

У калгасе былі грошы, але заробкі я не мог выдаваць любыя, бо былі на іх нормы. Таму я пасылаў бясплатна 80-100 чалавек за год у замежныя камандзіроўкі. Праз тры месяцы я знайду групу − і едуць на два тыдні. Што вы, у той час паглядзець жыццё за мяжой!

Вазілі ў Польшчу, Чэхаславакію, Венгрыю, Балгарыю, Германію.

Я імкнуўся даваць работнікам бонусы.

Я з гэтымі групамі не ездзіў. У міжнародныя мяне пасылала Масква. Усе гэтыя замежныя паездкі мне вельмі шмат давалі. Гэта такая школа!

Тры кіты поспеху

У любой справе ключавое: матэрыяльна-тэхнічная база, кадры і бонусы, ці матэрыяльнае стымуляванне. Вось і цяпер гляджу: ну што рабочаму з таго, што калгас атрымае перадавыя вынікі? Мой прынцып:

усе павінны жыць аднолькава, але калі хтосьці ў нечым лепш працуе,

то яму трэба аддзячыць.

І калі бачыў лепшых, ішоў да кладаўшчыка і казаў, каб даў два мяшкі ячменю, хаця за такое маглі пакараць. Толькі не жыта, бо на самагонку пойдзе, а ячменю жонка будзе рада. І кожны тыдзень называў лепшых і даваў два мяшкі.

А хто першы ў рэспубліцы пачаў плаціць грашыма? Мы. Я ездзіў да Машэрава і даказваў яму, што так трэба. Саўгасы хоць нейкі вынік мелі, бо грошы плацілі. А калгасы былі падманам − ні зарплаты, ні пенсіі, ні выніку. Выступаў на сесіі Вярхоўнага Савета з гэтым пытаннем, і яго ўзгаднілі.

Як падняў калгас

На сваіх нарадах я гаварыў, што такая вось гаспадарка ці такі чалавек вырошчваюць бульбу пэўным чынам, і яна добра расце. І вы паспрабуйце. Я выйграваў тым, што, калі пачую штосьці новае, перадавое, саджу адказных спецыялістаў у машыну і паказваю. Чаму атрымалі добры вынік, прашу запісваць да дробязяў. Калі хочаце зрабіць па-свойму − калі ласка. Але калі ты ўжо пагадзіўся займацца, я буду патрабаваць, каб выконваў працу ад А да Я.

Як узначаліў калгас, накопвалі 60 цэнтнераў з гектара бульбы. Я ўспомніў квадратна-гнездавы метад, ім карыстаўся каля Лебедзева пан. Ён садзіў па дзве бульбіны ў квадраце 70 на 70. На другі год працы так і я пасадзіў, з мяне смяяліся. Узяў добрае насенне на сортаўчастку, нармальна ўгнаіў зямлю і атрымаў адразу 200 цэнтнераў. Прыязджалі глядзець, як на дзіва.

Заўсёды сябраваў з дзяржсортаўчасткам і браў адтуль насенне. Рабіў так: раз выбраў пэўны сорт, то шукаю яго аўтара, каб расказаў усё, як з ім працаваць. Баяўся некаму даверыць, таму што не ўсе гэтыя парады выканаюць. Бывала, сваякі прасілі, каб прадаў добрае парасё. Я баяўся даць, бо гэтаму добраму парасяці трэба адмысловы догляд, каб яно добра расло, а непрыгляднаму, што заўгодна пойдзе.

− Як падбіралі спецыялістаў?

− Не ў спецыяльнасці справа, адукацыя − гэта набытковае. Пры Польшчы гаварылі так: мусіш быць разумным, адукаваным, начытаным. Калі чалавек мае гэта ўсё, тады ўсё ў парадку.

У спецыялісты ўзяў Смоліка, які царскае вучылішча яшчэ канчаў. І цяпер яго маёнтак стаіць, я не даў разбурыць. Узяў такога Полаза. Ён быў кантужаны на вайне, а адпрацаваў столькі, колькі і я. Намеснікам запрасіў Бельскую, яна была даяркай, стала дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. З васьмі кароў атрымлівала шэсць тысяч літраў малака.

У мяне працавала мама знакамітага музыканта Рыгора Сарокі, дырэктара музкаледжа. Была перадавая звеннявая, з усіх выстаў прывозіла медалі. Часам заязджаў да іх, як і да ўсіх, каб паглядзець, як жывуць. Дык Рыгор быў маленькі, іграў на гармоніку. Адразу відаць было, што музыкант.

− Аднойчы вас падкавырнуў адзін карэспандэнт, спытаўшыся, за што атрымалі званне Героя Сацыя­лістычнай Працы, − прыгадвае Валеры Качаргін.

− На трэцім з’ездзе калгаснікаў я вёў з’езд, сядзеў разам з Машэравым і Касыгіным. Машэраў ёў мяса, а Касыгін толькі пячэнне і чаёк.

Адказваю, што за бульбу. Пытаюцца, няўжо за бульбу ажно героя далі. А сакратар абкома Палякоў перабіў і кажа: “Ды не за бульбу. Мы яму далі героя за чалавечнасць”.

− А як каралі за недапрацоўкі?

− Да камсамола і ў той час, як быў сакратаром райкама, я быў бедны. Але калі купляў сарочку ці туфлі, то тыдзень не еў, але набываў добрае.

Вось купіў неяк чэшскія туфлі. А ў калгасе быў адзін работнік п’яны, дык я гэтым туфлем даў яму пад мяккае месца. І пайшла пагаворка: “Пападзе ад бацькі туфлем чэшскім”.

Не скупіцеся на знакі ўвагі

Разумееце, нават калі добры заробак, але за добрую работу табе дадуць сувенір, ну хоць ручку, і тое прыемна. Калі я працаваў на зямлі, то сам атрымаў як перадавік два карпы − і гэта прыемна!
Быў у паездцы ў Канадзе, сустрэўся там з сям’ёй з маёй вёскі. Дзяўчына пры немцах выйшла замуж за паліцыянта з Дамашоў, і яны з’ехалі.

Той паліцыянт меў краму, дзе прадаваў мноства розных ручак. Мне вельмі спадабалася адна, якая пісала рознымі стрыжнямі. Вось я ў іх набыў танна сто штук і пакуль вярнуўся дадому, то амаль усе раздаў на сувеніры, толькі адну сабе пакінуў.

Што піў касманаўт і Машэраў

− Некаторыя кажуць, што вы любілі вазіць з сабой каністру з першачком, каб частаваць на дэлегацыях. Ці праўда гэта? − пыта­ецца Валеры Кача­ргін.

− Гэта была выдумка. Я вельмі часта ездзіў, меў дыпламатычны пашпарт. Але сам я страшна не любіў самагонку, толькі ўжо калі трэба. Таму і казалі: “От, шляхціц”, бо калі і выпіваў, то каньяк ці сухое віно. Гарэлку я ніколі не трымаю, а бутэльку сухога віна маю на ўсялякі выпадак.

Калі былі разам дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР, то разам сядзелі з  касманаўтам Уладзімірам Кавалёнкам, бо прозвішчы аднолькава пачынаюцца. Ездзілі з ім у лазню, пасадзіў у Лебедзева дрэва. Калі заканчвалася сесія, ён заўсёды праводзіў мяне ў дэпутацкі пакой на вакзале. У той час я не мог пра многае сказаць, а ў апошні час магу. Дык ён мог выпіць, але піў толькі сухое віно ці шампанскае.

Я ўдзельнічаў у сустрэчах на вышэйшым узроўні.

Неяк падсунулі мяне танцаваць з адной з жонак лідараў Польшчы.

Кажуць нашы: памацай яе грудзі, ці праўда, што яны падкладваюць вату.

А вось Машэраў у рот гарэлкі не браў. Нават калі былі ў Азербайджане і Аліеў вельмі запрашаў, каб выпіць, то ён папрасіў мяне незаўважна выпіць замест яго.

Кар’еру Шушкевічу зрабіў Машэраў

Машэраў жыў на другім паверсе, займаў увесь паверх. Быў некалькі разоў у яго ў гасцях. Яго жонка Паліна Андрэеўна крыўдавала, што Машэраў не дае асобную кватэру дачцэ, якая была замужам за доктарам. Другі раз быў з Шушкевічам, бо ён вучыўся з дачкой Машэрава. Кар’еру Шушкевічу зрабіў Машэраў, і з яго дочкамі сябраваў.

З былым рэктарам політэхнічнага інстытута Валянцінам Ткачовым я пазнаёміўся на 60-годдзі Акадэміі навук Беларусі. Думаю, як добра, што пазнаёміліся, бо ў майго сына Валодзі не было інтэрната, дык папрашу, каб памог.

− Ці часта вадзілі высокіх гасцей на паляванне?

− Я сам не хадзіў. Толькі арганізаваць дапамагаў. Як толькі працаваць пачаў, прыехаў на паляванне былы сакратар Маладзечанскага абкама Сяргей Прытыцкі і былы міністр замежных спраў Кузьма Кісялёў. Чакаем раніцы, бо ноччу ж нельга страляць. Усе сядзець за сталом, а я дастаю з сумкі армянскі каньяк. Усе спіртное ў сумках мелі, а дастаць баяліся.

Прытыцкі прыязджаў некалькі разоў на паляванне, але не любіў многа страляць. Мясцовы дзед спляце яму лапці, і ён у іх ідзе.

Не хаміце

Аднойчы Сяргей Прытыцкі, калі я быў сакратаром райкама камсамола, выклікаў на вячэрнюю гутарку і распавёў пра выпадак з Панамарэнкам, каб мы ў сваёй рабоце такога не дапускалі.

Прытыцкі ў той час быў намеснікам сакратара ЦК камсамола Беларусі. “Збіраюся ехаць у партызаны, а Панцеляймон Панамарэнка загадзя сказаў, што калі буду да яго заходзіць, то грукаць не трэба. Я заходжу з планамі, паеду праз два дні.

Ён сядзіць, абапёр­шыся на рукі. Маўчыць, вітаюся − маўчыць, яшчэ раз вітаюся, ён падымае вочы і крычыць: “Хто табе дазволіў? Вон адсюль!” Я выйшаў, думаючы, вось, еду на смерць, прыйшоў параіцца, а тут… Пазней Панамарэнка сам паклікаў мяне”.

Хрушчоў танцаваў упрысядкі

Памятаю, як на адным прыёме дзівіўся з Хрушчова − пайшоў танцаваць з даяркай. А я думаю: во, 62 гады, а ён упрысядкі танцуе.

Неяк на прыёме ў Малдове быў Брэжнеў. Адзін з дакладчыкаў распавядаў пра карысць кефіру. А Брэжнеў смяяўся, што той выпіў сто грамаў і адразу захмялеў, а ён сам ужо прыняў 300 і хоць бы што.

Трэба ведаць біяграфіі

Да майго меркавання прыслухоўваліся, таму і прабыў аж 30 год членам бюро райкама партыі. Кожную пятніцу ці праз пятніцу трэба было быць на пасяджэнні бюро. Памяняліся пяць старшыняў райвыканкама, чатыры сакратары райкама і іншыя службовыя асобы. А я заставаўся.

Мне гэта ўдавалася, таму што ведаў біяграфіі людзей. Калі старшыня райвыканкама хацеў кагосьці выключыць з партыі за нейкую плётку, я міргну. Робіць пера­пынак, перага­ворым − усё. Прыслухоўваліся.

Слухаць іншых

Бо што чалавека губіць? Калі думае пра сябе, што цар і воінскі начальнік. Многія такія − разумнейшыя людзі, але толькі сябе і бачаць. Гэта іх бяда.

Я не хачу хваліцца, недахопаў хапае. Магу паспрачацца з жонкай, хоць і жывём разам 54-ы год.

Не мець ворагаў

Я быў самы малады дэпутат Вярхоўнага Савета і вазіў Героя Савецкага Саюза Кірыла Арлоўскага. У яго былі праблемы з рукой, таму даводзілася дапамагаць апрануцца, напрыклад. Я навучыўся ад яго.

Арлоўскі раіў, што чым менш будзе ворагаў, тым лепш будзе працаваць. Аднаго можна пастрашыць, але не трэба быць з усімі ў разрэз. Раз замінае нехта, пастарайся яго перавесці ў іншае месца, але развітацца па-добраму. Тады ты будзеш нармальна жыць і працаваць.

Сыны прыязджаюць у лазню

Меншы, Ігар, мае 49 год, не жэніцца, жыве добра, арганізаваў уласную справу, 50 чалавек па мантажных работах у падпарадкаванні, будуе двухпакаёвую кватэру. Старэйшы, Валодзя, архітэктар, працуе ў райвыканкаме. Унучка ў нас адна, дачка Вовы. На чацвертым курсе вучыць замежныя мовы. Мы ім дапамагаем яе вучыць, таму што ў старэйшага сына заробак невялікі.

Прыязджаюць кожную суботу, у нас лазня. Нам вельмі прыемна, што яны прыязджаюць. Пасля лазні вячэраем. Гарэлку не п’ём. Старэйшы любіць піва, меншы зусім мала бярэ.

У мяне пенсія каля пяці мільёнаў. Я атрымліваю 1 мільён 200 за Героя Сацыялістычнай Працы. Маю надбаўку за ўзрост, бо ўжо ж за 80.

Меў столькі грошай на кніжцы, як усе

Чаму ў мяне з кніжкі не прапалі грошы падчас перабудовы. Грошай было нямнога, усяго 14 тысяч. Усё смяяліся, што надта мала, бо ў старшыняў калгасаў па 70, па 100 тысяч. А я, адпрацаваўшы 33 гады, маю толькі столькі.

І калі пачалі адчуваць, што грошы могуць прапасці, мне дапамаглі знаёмыя набыць сыну машыну.

Любіць чытаць пра чалавека

Літаратура пра любоў, напрыклад, мяне не вельмі цікавіла.

Я чытаў эканоміку і пра жыццё людзей. Хто ён, адкуль выйшаў, як вучыўся, як прайшоў свой шлях. І па тэлевізары такое гляджу.

І напрыканцы

Радзіма там, дзе ты хораша жывеш. Як бы мяне ні цягнула ў Мароські, жыву я тут.

І ў сям’і, і ў калектыве павінна быць згода. Без яе ніяк.

Школа Калачыка

Галоўныя спецыялісты, якія дапамагалі яму падняць калгас “Светлы шлях”:

Лідзія Калачык, Наталля Мрачкоўская, Васіль Калачык, Аляксандр Мучынскі, Уладзімір Бобрык, Альбін Савіч, Аркадзь Асіповіч, Аляксандр Шапач, Аляксей Маскаценін, Аркадзь Касцюк.

Даведка “РГ”. Уладзімір Міхайлавіч Калачык. Нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Мароські Маладзечанскага раёна.

У 1954-м скончыў Гродзенскую сельгасшколу па падрыхтоўцы старшыняў калгасаў. Працаваў намеснікам старшыні калгаса імя Варашылава. У 1955-м абраны першым сакратаром Маладзечанскага райкама камсамола. Ад 1957-га узначаліў калгас “Светлы шлях”. Скончыў сельскагаспадарчую акадэмію.

Абараніў дысертацыю на вучоную ступень кандыдата эканамічных навук на тэму шляхоў эканамічнага выкарыстання зямлі на прыкладзе Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. Пад яго кіраўніцтвам калгас стаў школай перадавога досведу, адным з найлепшых у Беларусі і СССР.

Ужо ў 60-я ураджайнасць збожжавых была 49 цэнтнераў з гектара, бульбы −– 150 цэнтнераў з гектара. Ад 1988-га года абраны генеральным дырэктарам агракамбіната “Маладзечанскі”.

За вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці яму прысвоенае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём “За доблесную працу”. Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета СССР.

Дзякуючы яго старанням пабудавалі храмы ў Беніцы, Мароськах і Заскавічах.

Урывак з буклета, які апісвае дзейнасць калгаса “Светлы шлях”, 1984 год:

Кожны, хто праязджае ці прыязджае ў вёску Заскавічы − цэнтр калгаса − захапляецца яе прыгажосцю і навізной. Адміністрацыйны корпус кіравання калгасам, Дом быту, гандлёвы цэнтр з прадуктовай, прамысловай і кніжнай крамай, з самай сучаснай сталовай, Дом культуры з канферэнц-залай, бібліятэкай, пакоямі для самадзейнасці артыстаў, дзіцячы яслі-сад, амбулаторыя, лазнева-пральны камбінат, стадыён…

З густам аздобленыя будынкі размешчаныя так, што стварылася вялікая плошча, вакол якой газоны і клумбы з кветкамі. Асфальтаваныя тратуары вядуць да вуліц з тыповымі каменнымі катэджамі. Гэта дамы калгаснікаў, пабудаваныя за кошт гаспадарак. Паўсюль ліхтары гарадскога тыпу…

Нават складана паверыць, што на месцы цяперашніх Заскавічаў калісьці былі балоты.

За дзень працы рабочы зарабляў 6 рублёў, ці 9,5 долара (прыкладна 210 долараў за месяц).

Механізатары і жывёлаводы зараблялі 10 рублёў, ці амаль 16 долараў (прыкладна 352 долары).

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ, з асабістага архіва Уладзіміра КАЛАЧЫКА.