11 лістапада адзначаецца дзень заканчэння Першай сусветнай вайны, Міжнародны дзень прымірэння і памяці ахвяр вайны. Да гэтай даты і быў прымеркаваны аўтапрабег, які ўжо чацверты год запар ладзіць Фонд памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” пад кіраўніцтвам краязнаўцы і мастака Барыса і Валянціны Цітовічаў.

У аўтапрабегу ўзялі ўдзел актывісты Вілейскай арганізацыі ДТСААФ, аддзел адукацыі Вілейскага райвыканкама, раённы савет “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане”, казакі Вілейскага раённага аддзела “Усебеларускага аб’яднанага казацтва”, ваенна-патрыятычны клуб “Юны дэсантнік”, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, навучэнцы школ, члены ваенна-гістарычных клубаў і шмат іншых неабыякавых да гісторыі краю людзей.

 Аўтапрабег прайшоў па наступным маршруце: рэканструяваная  магіла каля вёскі Порса, дзе адбылася паніхіда; капліца-помнік у вёсцы Бараўцы; брацкая магіла ў вёсцы Жарсцвянка; мемарыяльны комплекс каля вёскі Рускае Сяло; брацкае пахаванне на могілках каля вёскі Папоўцы; магіла протаіерэя Паўла Сасноўскага на цвінтары Свята-Ільінскай царквы ў вёсцы Нарач; лазарэтныя могілкі ў лесе каля вёскі Заброддзе і месца гібелі казака Даніілы Шаўчэнкі; Барысаглебская капліца з музейнай экспазіцыяй у вёсцы Заброддзе.

Ля кожнага памятнага месца, дзе спыняліся ўдзельнікі аўтапрабегу, Барыс Цітовіч, арганізатар і натхняльнік гэтага мерапрыемства, распавядаў пра тое, хто там пахаваны, калі адбываліся перапахаванні, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве і добраўпарадкаванні помнікаў. Айцец Міхаіл чытаў малітву па загінуўшых, а ўдзельнікі аўтапрабегу ўскладалі вянкі.

Наталля ТУР.

Паводле tut.by, vilmuseum.by

Фота tut.by