Пасля зняцця з пасады Аляксандрам Лукашэнкам кіраўніка Мінаблвыканкама Барыса Батуры ўзнікла пытанне, хто ж сядзе ў “губернатарскае” крэсла.

На наш погляд, рэальныя шанцы маюць міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, які ў 2001-2002 гадах займаў пасаду старшыні Маладзечанскага райвыканкама.

Леанід Заяц.

Адзін з папярэднікаў Зайца, Сямён Шапіра, з гэтай пасады ў 2010 годзе пайшоў працаваць старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Заяц таксама, як і Шапіра, працаваў генеральным дырэктарам агракамбіната “Дзяржынскі”.

З іншага боку, сам Сямён Шапіра – добрая кандыдатура на старшыню Мінаблвыканкама. Са справамі сталічнай вобласці знаёмы. Ды і ход “кіраўнік несталічнай вобласці – старшыня Мінскага аблвыканкама”, праўда, праз пасаду спікера Савета Рэспублікі, у свой час зрабіла шахматная фігура Барыса Батуры. Нагадаем, Барыс Батура кіраваў Магілёўскай вобласцю ад 2000 года да 2008.

Сямён Шапіра.

Калі звяртацца да аналогій, то нельга скідваць з разліку і сённяшняга кіраўніка Магілёўскай вобласці Пятра Рудніка. Тым больш, што Магілёўшчына – вядомая кузніца кадраў.

Пётр Руднік.

На думку “Рэгіянальнай газеты”, мае добрыя шанцы на галоўнае чыноўніцкае крэсла Міншчыны Фёдар Дамаценка, які ў канцы лютага гэтага года быў прызначаны галоўным інспектарам па Мінску. Да гэтага ён добра зарэкамендаваў сябе на пасадзе кіраўніка аднаго з самых складаных і адказных раёнаў у сталічнай вобласці – Маладзечанскага. Пад яго кіраўніцтвам у Маладзечне паспяхова прайшлі пазалеташнія “Дажынкі”.

Фёдар Дамаценка.

А можа, у сваё крэсла вернецца Барыс Батура?

Як мяркуеце вы, хто мае найвялікшыя шанцы стаць кіраўніком Мінскай вобласці? Выказвайцеся ў сваіх каментарах, удзельнічайце ў галасаванні на сайце.

Апытанне маладзечанцаў: хто можа заняць пасаду старшыні Мінаблвыканкама?

Мікола ГАЙДУК, “Рэгіянальная газета”.

 Відэа Настассі РОЎДЫ, Зоі ХРУЦКАЙ.