На жаль, сезон скончыўся не так, як хацелася б усім аматарам маладзечанскага футбола. У гульні, якая адбылася 10 лістапада, каманда “Маладзечна-2013”саступіла камандзе “Нёман” з горада Масты з лікам 4:1.

Але лік гульні, мяркую, настрой нікому не сапсаваў, таму што на стадыёне, акрамя гульні, адбываліся іншыя цікавыя рэчы. Але аб усім па парадку.

Надвор’е, канешне, зусім не спрыяла. З раніцы зарадзіў дождж. Магчыма, гэта, а магчыма, адчуванне таго, што гульня апошняя, адыгралі сваю ролю.

Гульня была млявая, павольная. Толькі на 26-й хвіліне “Нёман” адкрыў лік матча. Дзевяць хвілін спатрэбілася камандзе “Нёман”, каб павялічыць разрыў у ліку. На 35-й хвіліне лік становіцца 2:0.

Пасля другога гола маладзечанцы актывізуюцца, пачынаюць атакаваць вароты каманды-саперніцы. І гэта прыносіць доўгачаканы вынік. На 42-й хвіліне матча Аляксандр Працкевіч скарачае разрыў у ліку. Заўзятары “Маладзечна-2013” крычаць і радуюцца, а варатар каманды “Нёман” прымае гол вельмі блізка да сэрца.

Гучыць свісток на перапынак. Чую, як у фанацкім сектары ідзе размова пра тое, што маладзечанцы абавязкова адыграюцца: “Раз пачалі забіваць, то цяпер гульня пойдзе!”

Але, на жаль, словы заўзятараў не спраўдзіліся. Пасля перапынку ні тэмп, ні настрой гульні не змяніўся. Атакі няўпэўненыя, хуткасць гульні невялікая, гульцы раз-пораз памыляюцца. Пасля чарговага прызначанага штрафнога ўдару ў нашы вароты, на 57-й хвіліне матча, трэнер Маладзечна вырашае зрабіць першую замену. Поле пакідае галкіпер Андрэй Пуляк, яму на змену выходзіць Міхаіл Каплінскі і ў гэтую ж хвіліну трэці мяч трапляе ў вароты маладзечанцаў.

І зноў “Нёманцы” не прымусілі сябе доўга чакаць. Чатыры хвіліны пратрымаўся лік 3:1. І ўжо на 61-й хвіліне матча ён стаў 4:1. І не змяніўся да канца гульні.  

“Маладзечна-2013”заканчвае сезон на дзясятым радку турнірнай табліцы. А каманда “Нёман” з Мастоў сваёй перамогай забяспечвае сабе пераход у Першую лігу.

Як ні дзіўна гэта гучыць, але толькі пасля фінальнага свістка суддзі пачаўся сапраўдны рух на стадыёне. Гэта заўзятары маладзечанцаў падрыхтавалі сваёй камандзе сюрпрыз. Як толькі гульцы каманды, па традыцыі, падышлі да 12 сектара, каб падзякаваць сваім заўзятарам за падтрымку, на сектары ўспыхнула піратэхніка.  

Відовішча, скажу вам, зачароўвае. Успамінаю словы галоўнага трэнера “Маладзечна-2013”Дзяніса Мятліцкага, які амаль у кожнай нашай размове не забываўся падзякаваць заўзятарам сваёй каманды: “Дзеля такой падтрымкі і варта гуляць!” Цяжка не пагадзіцца.

Заўзятары, у сваю чаргу, таксама падзякавалі трэнеру за тое, што яго намаганнямі каманда “Маладзечна” ўсё ж такі іграла ў сезоне 2013 года.

Развітваючыся з камандай да наступнага сезона, яны таксама павіншавалі і ўзнагародзілі лепшых, на іх погляд, футбалістаў. Сярод фаварытаў аказаліся Дзяніс Жыліч, Юры Бугай, Павел Суман, Андрэй Шаблінскі і Андрэй Пуляк.

Юры Бугай, па версіі заўзятараў,  лепшы гулец каманды.

Пакідаючы стадыён, задаю пытанне заўзятару Мікіту:

− Чым цяпер будуць займацца заўзятары?

За сезон назапасілася столькі неадкладных спраў, што цяпер буду займацца толькі імі. Працаваць… і рыхтавацца на наступнага сезона.

Наталля ТУР.

Фота і відэа Наталлі ТУР.