Стары фотаальбом – цудоўная рэч. Можна заглянуць у твары продкаў, якія перажылі шматлікія нягоды і выпрабаванні. Прасачыць, як адбіўся іх лёс на абліччы, міміцы.

Мой расповед пра майго дзеда па мацярынскай лініі Васіля Казлоўскага з Лебедзева Маладзечанскага раёна, чалавека вельмі складанага характару і лёсу. Ён нарадзіўся ў разгар Першай сусветнай, перажыў лютаўскую і Кастрычніцкую рэвалюцыі, грамадзянскую вайну, падзел Беларусі паміж Польшчай і РСФСР, прымусовую калектывізацыю, рэпрэсіі бацькоў і высылку на Далёкі Усход, удзел у крывавых баях Другой сусветнай супраць фашысцкай Японіі ў шэрагах савецкага войска, дэмабілізацыю ў 1946-м і немагчымасць вярнуцца да бацькоўскай хаты, цяжкае пасляваеннае жыццё ў разбуранай вайной Беларусі і пасляваеннае адраджэнне СССР, якое шчыра лічыў сваёй Радзімай, і яго развал у 1991-м, незалежнасць Беларусі… Дух захоплівае, ці не так?

З біяграфіі

Васіль Андрэевіч Казлоўскі нарадзіўся 15 ліпеня 1917 года ў вёсцы Забарэчча Забарскага (зараз Халопеніцкага) сельсавета Холненскага раёна (цяпер Крупскі ) у сям’і Андрэя Аляксеевіча і Таццяны Арцёмаўны (1883 г.н.).

Сям’я была вялікая, жылося цяжка, хоць, бацька, будучы ляснічым, меў пэўны прырабатак да жалавання, але, маючы сем з паловай гектараў уласнай зямлі (нават пры савецкай ўладзе), трымаў у гаспадарцы ўсяго аднаго каня. Таму ўвесь цяжар працы клаўся на плечы яго дзяцей.

Апроч Андрэя, у сям’і былі яшчэ адзін брат, Пётра, і дзве сястры – Домна (1922 г.н.) і Марыя (1928 г.н). Жылі даволі бедна. Часам не было нават добрага абутку для дзяцей.

З абуткам звязаная містычная, як лічыў сам дзед, хоць і быў закаранелым атэістам, гісторыя. Калі ў дзяцінстве каля яго Забарэчча спыніўся цыганскі табар і адзін з цыганоў раздзеўся, каб пакупацца, дзед падпільнаваў момант і… украў яго боты. Цыган бачыў гэта і, злавіўшы малога, папрасіў вярнуць іх. Васіль пачаў аднеквацца, але цыган не паверыў і прадрок за гэты ўчынак цяжкі лёс яму і яго нашчадкам. “Эх, не боты былі, а – цуд, – успамінаў дзед. Блішчастыя, скураныя – мара. За іх і не тое сцерпіш!” Вось і думай…

Наперадзе была сярэдзіна 1930-х, пачатак масавых рэпрэсій. Бацьку, маці і дзяцей раскулачылі і выслалі ў Сібір. Лёс дазволіў маці і сёстрам вярнуцца ў роднае Забарэчча. Сляды бацькі зніклі.

Пётра і Васіль пасля некалькіх год прымусовага пасялення зрабілі спробу адшукаць яго, але дарэмна. Дарэчы, Пётра ажаніўся ў Свярдлоўску (Екацярынбург) і застаўся там дажываць век. Васіль жа падаўся шукаць бацьку на Далёкім Усходзе.  

Васіль Казлоўскі. Канец 40-х.

У 1938 годзе дзед паступіў у Канскі сельгастэхнікум і пасля яго заканчэння працаваў механікам у горадзе Вялікі Улуйск па сакавік 1939 года, калі яго прызвалі ў савецкае войска.

Там лёс дзеда быў таксама звязаны з аўтамашынамі, як і ўсё астатняе жыццё. Адно тое, што стаж кіроўцы ў яго адлічваўся з 15 чэрвеня 1939 года, шмат пра што гаворыць. Ён валодаў навыкамі кіравання і рамонту амаль усіх колавых аўтамашын былога СССР. Вельмі любіў свой матацыкл “Днепр” 1942 г.в., з якім не разлучаўся і нават дзесьці за месяц да таго, як яго не стала, ліха ездзіў на ім па Лебедзеве.

Лёс адразу падкінуў выпрабаванне, бо час прызыву ў войска супаў са знакамітымі баямі на Халхін-Голе, у якіх дзеду як аўтамеханіку прыйшлося паўдзельнічаць. Яны працягваліся з вясны ажно да верасня 1939 года. І гэта было першае баявое хрышчэнне.  

Да самага пачатку вайны Васіль служыў аўтамеханікам у 203-м асобным стралковым батальёне, з чэрвеня 1941 года па май 1942 – электрамеханікам у 211-м артылерыйска-кулямётным батальёне, з мая 1942-га быў камандзірам стралковага аддзялення 1408-га стралковага палка – яму было прысвоенае званне старшы сяржант.

У той час на Далёкім Усходзе ўсе знаходзіліся ў чаканні нападу Японіі на тэрыторыю СССР і адбываліся пастаянныя ўзброеныя правакацыі. У чэрвені 1944 года з боекамплекта аддзялення, якім камандаваў Васіль, знікла баявая граната. Урэшце, нехта падкінуў яе ў дзедаву тумбачку і пры праверцы яна была знойдзеная. Яго абвінавацілі ў дыверсіі, аднак да трыбунала справа не дайшла. Васіля панізілі ў званні да сяржанта, знялі з пасады камандзіра стралковага аддзялення і перавялі ў 1474-ю асобную роту сувязі, дзе ён даслужваў аўтамеханікам ажно да дэмабілізацыі.

Наступіў жнівень 1945 года, і СССР пачаў наступальныя дзеянні супраць японцаў. Васіль удзельнічаў у знакамітай Маньчжурскай аперацыі. Памятаю, што расказваў дзед, як бывала пад колы савецкай вайсковай тэхнікі кідаліся японцы, абвязаныя выбухоўкай, пераапранутыя ў кітайскіх сялян. Гэта былі так званыя камікадзэ.

Усе жылі, як на іголках, бо японцы, хоць і не мелі суперсучаснай зброі, але заўсёды адрозніваліся фанатычнай адданасцю сваёй Радзіме.

Быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “За перамогу над Германіяй”, іншымі ўзнагародамі. За выдатныя баявыя дзеянні супраць японскіх узброеных сіл на Далёкім Усходзе ў складзе Першага далёкаўсходняга фронту загадам №372 Іосіфа Сталіна сяржанту Васілю Казлоўскаму аб’яўленая падзяка. Дэмабілізаваны ў лістападзе 1945 года ў званні сяржанта.

Пасляваеннае жыццё

Пасля вайны, у 1946-м, вярнуўся на Беларусь, працаваў шафёрам у Маладзечанскім райспажыўтаварыстве. У 1949 годзе перабраўся на працу на цагельню ў Мароські, дзе і сустрэў маю бабулю – маладога фельчара Галіну Шыманскую. У тым жа 1949 годзе яны ажаніліся і ў іх нарадзілася дачка – мая родная цётка Людміла Казлоўская (Савельева). У 1955 нарадзілася мая маці Таццяна Казлоўская (Курбака).

З вайны Васіль вярнуўся на японскім грузавіку “Міцубісі”. У той час не толькі японскія аўтамабілі былі вялікай рэдкасцю, але і ўвогуле колькасць грузавога транспарту на ўвесь раён не перавышала пяці адзінак.

З гэтым звязаны камічны момант, калі майго дзеда швагра папрасіў перавезці мэблю з Маладзечна ў Лебедзева.

Добра заклаўшы за каўнер у “Блакітным Дунаі” – так тады называлася прывакзальная кавярня, – яны рушылі па апоўначы у дарогу і, што ты будзеш рабіць, сутыкнуліся з іншым грузавіком. З сустрэчнай машыны выскачыў капітан з расшпіленай кабурой і пачаў крычаць: “Застрэліць цябе мала. Пару машын ў раёне – і не змаглі размінуцца”.

Пасля вайны дзед працаваў спецыялістам па колавай тэхніцы ў шэрагу арганізацый. Ніколі не пераставаў самаадукоўвацца. У 1968 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.

З мая 1950 года ўступіў у кампартыю. Хацеў і раней, але той факт, што сям’я была калісьці рэпрэсаваная, перашкаджаў яму. Дарэчы, у камсамол па маладосці яго так і не прынялі. Гэта стварала ў жыцці сур’ёзныя праблемы, у тым ліку і ў кар’еры.

Былі моманты, калі ледзь не выкінулі з партыі. Проста на пахаванні Васілю даручылі несці крыж, а пасля “крамольнае” фота нехта паклаў на стол ў парткаме (яму яго потым падарылі – на памяць). У другім выпадку, з “цяжкай галавой” пасля свята павітаўся з начальнікам словамі “Хрыстос уваскрос!”.

Пасля вайны хлопец з матацыклам быў нарасхват. Пачатак 50-х. Вёска Лебедзева, разам з раднёй.

У 1973 годзе ў яго дактары выявілі рак на першай стадыі. Ён назіраўся ў Маладзечне, Вілейцы, і прагнозы медыкаў былі несуцяшальныя. Як сказаў тады адзін з дактароў: “Купляй дамавіну, мужык”.

Дзед кінуў курыць. Усё сямейства жыло перадпахавальнымі настроямі, але ў 1976 годзе, паехаўшы на абследаванне ў Мінск, было ўстаноўлена, што рак быў зафіксаваны памылкова. Ад душы адлягло, але пачак цыгарэт, скінуты дзедам з маладзечанскага пуцеправода, не трапіў у яго кішэню больш ніколі. Няшчасце дапамагло…      

У 1976 годзе Васіль выйшаў на пенсію па інваліднасці. Але сумаваць не даводзілася. Сельская гаспадарка і амаль гектар зямлі з агромністым садам – рэцэпт ад суму.

Сям’я таксама не заставалася ў баку. У 1962 годзе была пабудаваная вялікая хата ў Лебедзеве. У дачок былі ўсе ўмовы, каб атрымаць добрую адукацыю. Абедзве скончылі Беларускі дзяржаўны медыцынскі інстытут.

Злева направа: Вера, Зінаіда, Марыя Шыманскія, Галіна, Людміла, Васіль Казлоўскія. пачатак 50-х, Лебедзева.

Канец 80-х.

Цяжка дзед перажываў канец 80 – пачатак 90 гадоў. Распаўся СССР, які ён любіў, за які ваяваў і які дапамагаў адбудоўваць пасля вайны.

Апошнія гады жыцця прыйшлося дажываць удаўцом. У 1995 годзе памерла мая бабуля, і, як кажуць, абваліліся тыя тры вуглы, якія трымае жонка ў доме. Але дзед храбрыўся і казаў мне, што “дажыве да міленіуму”. Але гэтаму не суджана было збыцца. Трэцяга лістапада 1999 года яго не стала.

…Я рэгулярна прыбіраю яго магілу, прыношу кветкі,  на 9 мая нашу Георгіеўскую стужку. Дарэчы, калі цікава, нават у сусветна вядомай гульні Word of tanks змагаюся пад логінам vasia_kozlovski – у знак павагі да яго баявых дзён.

Вячаслаў КУРБАКА, Маладзечна.

Фота забяспечана Вячаславам КУРБАКАМ.