Што цікавае можа прапанаваць пенсіянерам Вілейскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва? Пра гэта расказала спецыяліст па сацыяльнай рабоце Марына Макарава:

 – Арганізуючы працу з пажылымі людзьмі, мы стараемся палепшыць і разнастаіць іх жыццё, падтрымаць псіхалагічна, пашырыць кола зносін, абудзіць цікавасць да жыцця і даць ім магчымасць адчуць сябе патрэбнымі грамадству.

У цэнтры створаныя клубы і гурткі па інтарэсах для пажылых грамадзян, валанцёрскі рух сярод пажылых і “Школа здароўя”. Адзначу, што нашы спецыялісты штогод укараняюць інавацыйныя формы работы з пажылым насельніцтвам. Толькі за апошнія два гады былі арганізаваныя і паспяхова працуюць: клуб для навучання камп’ютарнай грамаце “Майстар-NET”, творчая майстэрня “Надзея” для аматараў спеваў і літаратуры, гурток рукадзелля і “Школа здароўя” на базе валанцёрскага руху ў вёсцы Вязынь. У гуртку рукадзелля наведнікі не толькі вучацца чамусьці новаму, напрыклад, плесці з лазы, але і стараюцца дапамагчы іншым: вяжуць разнастайныя вырабы, якія збіраюцца перадаць у Куранецкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і іншыя сацыяльныя ўстановы.

Пры нашым цэнтры працуюць клубы “Залаты ўзрост” і “Дзеці вайны”. У першым аб’яднаныя пенсіянеры, у другім – дзеці вайны, вязні канцлагераў, жыхары блакаднага Ленінграда. Гэта аб’яднанні людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі і захапленнямі. Штомесячныя сустрэчы ўдзельнікаў клубаў агорнутыя цёплай і сяброўскай атмасферай. Для большасці пажылых людзей гэтыя клубы – магчымасць пагутарыць, пабыць у коле блізкіх па духу, добра і карысна правесці вольны час.

Самым актыўным удзельнікам арганізуем наведванне выстаў і канцэртаў, прапануем адправіцца ў экскурсійныя паездкі па славутых мясцінах Беларусі.

– Якія ж сярод вашых клубаў ці гурткоў найбольш папулярныя?

– Клуб для навучання камп’ютарнай грамаце “Майстар-NET”. Ён запатрабаваны, на заняткі прыходзіць шмат людзей, якія хочуць атрымаць новыя веды. Некаторыя потым працягваюць навучанне ў камп’ютарным гуртку “Атлантыда”, дзе яны павышаюць свой узровень валодання сучаснымі тэхналогіямі.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота vetka.by