Саюз палякаў на Беларусі − самае шматлікае нацыянальна-культурнае грамадскае аб’яднанне Мінскай вобласці.

Для многіх яго ўдзель­нікаў Польшча − гэта край, дзе жылі іх продкі, дзе іх карані, іх сэрца.

Маладзечанскі гарадскі аддзел грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў” існуе ўжо 20 год. Ён носіць імя асветніцкага дзеяча Тамаша Зана, які нарадзіўся 21 снежня 1796 года ў вёсцы Мясата Ашмянскага павета (цяпер Маладзечанскі раён).

Ён напісаў элегіі, балады, сатырычныя творы, найбольш знакамітая паэма “Смерць табакеркі”. Сябраваў з Адамам Міцкевічам і Янам Чачотам.

Як ствараўся аддзел

Гісторыя дзейнасці аддзела багатая цікавымі і добрымі справамі ў сферы культуры, адукацыі, інфармацыі, захоўвання важных для Беларусі і Польшчы падзей і асоб.

Першым старшынёй аддзела Саюза палякаў на Беларусі быў Чэслаў Іадкоўскі.

−Спачатку было цяжка, − прыгадвае ён. − У людзей быў недавер да таго, што гэта за саюз, але паціху справа наладзілася, і 14 лістапада 1993 года мы заснавалі аддзел Саюза палякаў на Беларусі.

Пазней аддзел узначальвалі Ірына Бажко, Галіна Юрпалава, Ірына Канікайнен, Антаніна Святоха.

Кожны з іх вёў актыўную і творчую дзейнасць у накірунку захавання і развіцця польскай культуры, польскай мовы.

Першым арганізаваў факультатыў польскай мовы на базе гімназіі №6 Станіслаў Бурак з падтрымкай Ірыны Бажко, а потым яны з’явіліся ў іншых гімназіях. Сёння такі факультатыў ёсць у гімназіі №10. Ім кіруе Галіна Юрпалава. Сярод ахвотных вывучыць польскую мову не толькі дзеці, але і дарослыя.

Аўтар касцёла ў цэнтры горада – сярод сяброў Саюза

Аснова аддзела − сталыя людзі. Яны прыходзяць на сходы, каб адзначыць пэўнае свята, напрыклад, Дзень Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 мая. Збіраюцца і на рэлігійныя святы, каб падзяліцца велікодным яйкам ці аплаткай на Божае Нараджэнне, пачытаць вершы і паспяваць песні.

Але ёсць і тыя, якія вядуць грамадскую дзейнасць, нягледзячы на ўзрост.

Напрыклад, Тадэвуш Акуневіч. У аддзеле ён ад дня яго заснавання. Нарадзіўся ў вёсцы Хоўхлава ў 1927 годзе. Атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-будаўніка, прыехаў у Маладзечна.

Калі выйшаў на пенсію, спраектаваў і ўзначаліў будаўніцтва касцёла святога Юзафа каля Цэнтральнай плошчы. Будоўля доўжылася чатыры гады. Пра гэтыя падзеі ён распавёў у брашуры, якая хутка выйдзе ў свет.

Творчыя і працавітыя

Нямала ў аддзеле і моладзі. Неаднаразова запрашалі да ўдзелу на разнастайныя фестывалі і конкурсы Юлію Абрамовіч. У 2008 годзе яна стала лаўрэатам сёмага рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне.

Да 625-годдзя горада сябры аддзела Саюза палякаў на Беларусі арганізавалі польскае падвор’е, на якім прадставілі выставу мастацкай творчасці Маіны Талпыгі і Зоі Русель.

Крыж, зроблены з бісеру Маінай, вельмі спадабаўся жыхарам і гасцям горада, а вышываныя карціны Зоі вельмі ўсхвалявалі прыхільнікаў гэтай галіны мастацтва.

На кірмашы прадэманстравалі багатую польскую кухню. Леанарда Крукоўская і Маргарыта Апанасовіч прыгатавалі мноства смачных ласункаў, якімі з задавальненнем частавалі гасцей.

У канцэртнай праграме прынялі ўдзел нашы маладыя спявачкі − Анастасія Януць, Карына Арловіч, Юля Абрамовіч.

Дзякуем актывістам

Прадстаўнікі нашага аддзела заўсёды прымаюць удзел у шматлікіх мерапрыемствах, звязаных з дзейнасцю грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, не толькі ў межах вобласці, але і краіны. Гэта абласныя і рэспубліканскія фестывалі польскай культуры, канферэнцыі, з’езды.

Варта адзначыць актывістаў аддзела: Дануту Табачнікаву, Яніну Русовіч, Галіну Юрпалаву, Вацлава Шутовіча і Тадэвуша Акуневіча, Галіну Рогач і Аляксандру Жыгуловіч. Яны заўсёды падтрымліваюць усе пачынанні аддзела, шчыра дапамагаюць у працы.

Запрашаем на свята

23 лістапада адбудзецца святочнае віншаванне аддзела Саюза палякаў на Беларусі − спаўняецца 20 год ад дня заснавання. Запрашаем усіх ахвотных у канферэнц-залу бібліятэкі імя Максіма Багдановіча а 15 гадзіне на святочны канцэрт. Уваход вольны.

Тамара АБРАМОВІЧ, школа журналістыкі пры “РГ”.