Інцыдэнт з сілавым затрыманнем мужчыны ля гандлёвага цэнтра “Тройка” здарыўся 12 лістапада. Падзея выклікала інтарэс у шматлікіх карыстальнікаў інтэрнэта, дзе адразу ж пасля здарэння з’явіліся фотаздымкі і відэа відавочцаў, якія бачылі, як ішло затрыманне. Аднак пытанне заставалася: каго і за што?

Як удалося высветліць, затрыманы аказаўся раней неаднаразова судзімым 30-гадовым жыхаром Маладзечна.

Па словах начальніка прэс-службы УУС Мінаблвыканкама Аляксандра Данільчанкі, ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №33 у Мінску, але 10 лістапада збег адтуль. Праз два дні каля гандлёвага цэнтра ў Маладзечне яго якраз і схапілі супрацоўнікі папраўчай установы разам з байцамі АМАПа з Мінска.

– Падчас затрымання ў яго знайшлі нож і пнеўматычны пісталет, таму працэс і быў жорсткім, – тлумачыць Аляксандр Данільчанка. – Усё рабілі для таго, каб засцерагчы людзей, якія маглі выпадкова аказацца ля месца затрымання.

Мужчына раней быў судзімы за крадзяжы, разбой і рабаванне. Падчас знаходжання ў папраўчай установе неаднаразова парушаў рэжым і ўжываў наркотыкі.

Тым часам, начальнік папраўчай установы №33 ад каментароў адмовіўся.

– Уся афіцыйная інфармацыя ёсць у прэс-службе. Мне дадаць няма чаго, – адказаў ён па тэлефоне.

Па словах блізкіх

Між тым, да нас у рэдакцыю звярнуліся сваякі затрыманага мужчыны. З іх слоў, пасля затрымання ён знаходзіўся ў маладзечанскай бальніцы з мноствам траўмаў.

Блізкія сцвярджаюць, што іх сваяка білі па ўсіх частках цела і цяпер у яго шматлікія гематомы ды прабітае лёгкае. А ці ўжываў ён наркотыкі, да справы гэта не адносіцца. Не аб гэтым гаворка.

Мы звязаліся з затрыманым па тэлефоне, каб задаць пытанні пра яго самаадчуванне і пра тое, што ж здарылася ў той дзень, 12 лістапада?

− А як можна сябе адчуваць пасля таго, як збівалі шэсць чалавек? У мяне прабітае лёгкае, а галава – быццам шлем вадалаза. Я сапраўды пакінуў месца, дзе адбываў пакаранне. Мне прызначылі пяць гадоў “хіміі”, і я вырашыў, што калі збегчы, то пакаранне заменяць на адзін-два гады турэмнага зняволення. Для мяне гэта лепш. А асудзілі мяне за дробязі: крадзеж быў. Я згодны, што вінаваты, але ж навошта калечыць?

Затрыманы збег зноў?

Праз тыдзень высветліліся новыя падрабязнасці. Як распавяла жонка затрыманага, на наступны дзень пасля нашай размовы з пацярпелым у бальніцы з’явіліся людзі з папраўчай установы №33 і прымусова забралі яго ў Мінск.

− А ў яго тэмпература была амаль 39 і ў лёгкім была трубка, праз якую адводзілася кроў! Што за дактары такія, якія адпускаюць хворага чалавека? Мы не супраць, што мой муж вінаваты, і хай яго судзяць, але і тыя, хто яго збіваў не павінны застацца без пакарання. А мяне з чатырохгадовай дачкой муж – самы найлепшы чалавек у свеце.

− Дзе зараз знахо­дзіцца ваш муж?

− Мы ведаем, што ён зноў збег з Мінска, цяпер недзе ў Маладзечне. Мы звярнуліся ў Следчы камітэт горада. Узбуджаная справа.

Тым часам старшы следчы маладзечанскага Следчага камітэта Юры Багушэвіч кажа, што ў перыяд з 11 да 20 лістапада ніякіх крымінальных спраў, звязаных з гэтай, не ўзбуджалася. Пацярпелага з такім прозвішчам не зарэгістравана.

Яўгенія РУСАКЕВІЧ.

Фота pic.twitter.com/eAv72YaLVE