– Жанравае азначэнне – сучасная містэрыя-буф, камедыя з сумным адценнем. Пра тое, як мы не ўмеем жыць і беражліва ставіцца адзін да аднаго. Мы не знаходзім агульнай мовы. Мы развучыліся дабром адказваць на дабро. Мы ўсяму развучыліся.

У чым тут сутнасць

– У аўтара п’еса напісаная як бытавая камедыя. Але тут ёсць і такі персанаж, як Бог. Тэма касмічная, тычыцца ўсяго свету. Пакуль на Зямлі не будзе адзінага Бога, я называю гэта пандэміяй, сусветнай эпідэміяй расколу, мір не наступіць. Пра гэта тут таксама. Аднак што б ні адбывалася на Зямлі, колькі б ні спрабавалі яе раскалоць, яна круціцца.

Рэжысёр паказвае шкілет

– У касмічных межах утвараецца нейкая кватэра. У ёй – маці, яе дачка і зяць.

Маці-адзіночка дзеля таго, каб выгадаваць дачку, ахвяравала сваім поспехам – кар’ерай опернай спявачкі. А выйшла ні рыба, ні мяса. Муж дачкі ўвесь час збірае грошы і толькі тым і заняты. Разам яны сядзяць на шыі ў старой, якая ўжо пенсіянерка.

Тут жанчына разумее: навошта яна ахвяравала сваёй кар’ерай, дзеля чаго? І вырашае пазбавіць дачку і зяця спадчыны. Падгаворвае псеўдаэкстрасэнса Ірму і робіць выгляд, што яе абакралі. Сама ж на гэту шарлатанку перапісвае завяшчанне.

Бог за ўсім гэтым назірае, разумее, што нічога не можа зрабіць, і сыходзіць. Але кожнае зладзейства павінна быць пакаранае, і жанчына ў рэшце рэшт губляе голас. І вось што рабіць з гэтым завяшчаннем?

Тэатр не адказвае на пытанні, – робіць акцэнт Мікалай Дзінаў. – Ён толькі ставіць іх. Вядома, у спектаклі ўсё нашмат танчэй, гэта я вам шкілет паказваю.

У галоўных ролях

Маці-адзіночку іграе Эмілія Ларыёнава. Яна займаецца вакалам яшчэ з мінулага сезона: спявае і рамансы, і шансон.

Распрацаваны на кам’ютары вобраз маці.

– У аўтара па п’есе маці спявае піянерскія песні, – распавядае рэжысёр. – Іх там, можа, 15. Аднак за такую музыку давядзецца плаціць. Таму я ўсё перавёў на іншую мову – мову оперы, раманса ды шансона. Жоржу Бізэ грошы плаціць не трэба.

Ролю дачкі выконвае Людміла Рошчына, зяця – Андрыян Барткевіч, шарлатанкі – Іра Кляпацкая, Бога – Сяргей Карзей.

Чаму павінна навучыць п’еса?

– Няўжо мастацтва вучыць чаму-небудзь? Вучыць школа, праўда, дрэнна… – працягае Мікалай Дзінаў. – Задумацца трэба, разумееце?

Мы самі такія ж, як гэтыя героі. Мне падаецца, што ўжо на генетычным узроўні атрафіраванае пачуццё ўдзячнасці. Мы не ўмеем быць ўдзячнымі: лёсу, сваёй біяграфіі, бацькам і гэтак далей. Вы гэтага не заўважаеце?

Біблейская запаведзь кажа: палюбі блізкага свайго, як самога сябе. Дык з чаго трэба пачынаць? З сябе. Сябе трэба палюбіць. Я не супраць эгацэнтрызму, але ў разумных межах. Калі мы не будзем любіць сябе, не палюбім і сваіх блізкіх, і не вельмі блізкіх, і далёкіх. Для мяне асабіста, гэта праблема праблем. Часам і сябе на гэтым лаўлю, і іншых. І няма таму канца.

Ведаеце, як гэта павінна быць на сцэне? Падаецца смешна, смешна, смешна, а потым раз – сляза пацякла. Тады мы нечага дасягнем.

Настасся РОЎДА.