У маладзечанскай ЦРБ і яшчэ на трох прадпрыемствах знайшлі парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства.

Парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства выявілі на таварыствах “Купала-Агра”, “Маладзечанскі райаграсэрвіс”, “Маладзечнапіва”, а таксама ў маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Сёлета па выніках трох праверак выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй пракуратура Маладзечанскага раёна вынесла чатыры прадстаўленні, чатыры асобы прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.

У тым ліку адзін звольнены, да матэрыяльнай адказнасці на суму 2 мільёны 684 тысячы рублёў прыцягнутая адна асоба, узбуджаная адна крымінальная справа.

30 кастрычніка адбылася каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй Маладзечанскага раёна. У ёй прынялі ўдзел пракурор Уладзімір Дубоўскі, старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец, старшыня суда Сяргей Літвіновіч, начальнік Маладзечанскага УКДБ па Мінску і Мінскай вобласці Дзмітры Ананіч, начальнік райаддзела міліцыі Валянцін Асіповіч, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Пётр Варачкоў, начальнік гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Грынь, начальнік маладзечанскага міжрайаддзела упраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Мінску і Мінскай вобласці Віктар Бройка.

На нарадзе разгледзелі пытанне аб мерах па супрацьдзеянні карупцыі і эканамічных злачынстваў, а таксама па рабоце Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях, іншых зацікаўленых арганізацый па прафілактыцы пажараў, гібелі і траўмаванні людзей у іх.

Адным з пунктаў рашэння каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй стала тое, што пры ўстанаўленні падчас праверак фактаў карупцыйных правапарушэнняў і правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі (але не цягнуць крымінальнай адказнасці), у 10-дзённы тэрмін накіроўваць адпаведную інфармацыю ў пракуратуру раёна. Там будзе вырашацца пытанне аб прыцягненні вінаватых да адказнасці.

Таццяна УЛІЦКАЯ, старшы памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.