Пра гэта 14 лістапада распавёў намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч падчас выступлення на сумесным пасяджэнні некалькіх камісій Палаты Прадстаўнікоў. Базавая велічыня павялічыцца на 20 тысяч і вырасце ад 130 да 150 тысяч рублёў.

Разам з базавай велічынёй павялічацца і некаторыя сацыяльныя выплаты, прывязаныя да яе: дапамогі, стыпендыі, прэміраванні, надбаўкі, даплаты. Таксама штрафы рознага кшталту і дзяржаўныя пошліны.

Цяпер у Беларусі базавая велічыня – 130 тысяч. Апошні раз яна павялічвалася сёлета 1 кастрычніка і ад 100 тысяч дарасла да гэтай лічбы.

Паняцце “базавая велічыня” ў краіне ўвялі ў 2002 годзе. Першая была роўная 10 тысячам рублёў. Ад таго часу яна штогод расце, а часам і па некалькі разоў на год.

Рост базавай велічыні ў часе: за 11 гадоў базавая велічыня вырасла ад 10 да 130 тысяч рублёў.

Цікава, што ў часы, калі функцыю сённяшняй базавай велічыні выконвала мінімальная зарплата (МЗП), у 1997 годзе МЗП ужо раўнялася 130 тысячам рублёў.

Праўда, гэта было да дэнамінацыі 2000 года. Тады рубель падзешавеў у 1000 разоў.

Што можна было набыць за 130 тысяч ў 1997-м, а што – сёння

У студзені 1997 года ў “Рэгіянальнай газеце” мы казалі чытачам пра павелічэнне мінімальнага заробку да 130 тысяч рублёў. Разам з тым, параўноўвалі, што можна было набыць за тыя грошы (на асноўным малюнку).

Сёння мінімальны заробак у Беларусі – 1 мільён 466 тысяч 230 рублёў. Ён павялічыўся сёлета ў кастрычніку з 1 мільёна 195 тысяч рублёў.

Што можна было набыць за 130 тысяч рублёў у 1997-м годдзе, а што можна набыць цяпер, глядзіце на малюнку.

Настасся РОЎДА.