Прынята лічыць, што маладзечанскі футбольны клуб заснаваны ў 1988 годзе. Але гэта не так. Сваю гісторыю маладзечанскі футбол пачынае аж у 1949 годзе!

Заўзятар Дзмітры Рухлевіч правёў сваё даследванне.

− Клуб заснаваны ў 1988 годзе, калісьці меў назву “Металург”. Самая распаўсюджаная інфармацыя гаворыць пра тое, што каманда “Металург” стала пераможцай чэмпіянату Беларусі ў 1991, выйграла Кубак мільёнаў. А між тым, усё пачалося значна раней.

Першы чэмпіянат Беларускай ССР па футболе быў праведзены ў 1922 годзе, рэгулярна стаў праводзіцца з 1934 па 1991 год. На сайтах, звязаных з футболам, у вольным доступе ёсць пералік прызёраў чэмпіянату, а там бачна, што

ў 1949 годзе “Дынама” з Маладзечна атрымоўвае ў чэмпіянаце Беларускай ССР бронзу!

Але гэта не азначае, што каманда не існавала раней.

Я вывучыў шэраг крыніц у інтэрнэце, але нідзе не было інфармацыі пра склад удзельнікаў двух чэмпіянатаў: 1947 і 1948 гадоў. І вось нарэшце сайт kuzmiz-football.com паставіў кропку ў маіх сумневах.

На гэтым сайце прыведзены спіс каманд адсутнічаючых чэмпіянатаў.

Цяпер мы смела можам сцвярджаць, што годам адліку гісторыі маладзечанскага футбола з’яўляецца 1949 год!

А гэта значыць, што наступны год для нас − юбілейны.

Маладзечанскі футбол адзначыць сваё 65-годдзе і самы час размясціць гэтую дату на эмблеме клуба.

І вельмі хочацца, каб насуперак усім цяжкасцям, што зараз апанавалі каманду “Маладзечна”, юбілейны год прайшоў на высокім узроўні, каб сезон быў годны ўсім слаўным традыцыям маладзечанскага футбола.

Для даведкі: с 1949 по 1991 маладзечанская каманда пад рознымі назвамі восем разоў станавілася прызёрам чэмпіянату БССР па футболе, з іх двойчы займала першае месца (1963, 1991), двойчы выйгравала кубак БССР (1990, 1991), а таксама ў 1991 годзе заваявала Кубак мільёнаў.

А што датычыцца 1988 года, у гэты год была створаная чарговая юрыдычная асоба, якая мела стабільнага спонсара, як, напрыклад, цяперашняя “Забудова 21 стагоддзе” і футбольна-спартыўны клуб “Маладзечна −2013”.

Дзмітры РУХЛЕВІЧ, Наталля ТУР.

 Фота з групы “ФК “Молодечно” ВКонтакте”

Чытаць па тэме: Новая эмблема клуба “Маладзечна” − толькі на беларускай мове!