Адкрыццё біягазавага комплексу аграфірмы «Лебедзева» адбылося сёння днём.

28 лістапада на адкрыцці біягазавай ўстаноўкі ў аграфірме “Лебедзева”, пабудаванай за сродкі Еўрапейскага Саюза, прысутнічала шмат высокіх гасцей.
Біягазавую ўстаноўку пабудавалі за шэсць месяцаў, што лічыцца рэкордным тэрмінам.

Фінансаванне праекта – два мільёны еўра за кошт ЕС. Тэрмін акупляльнасці – пяць год.

Падчас свайго выступлення Старшыня Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора заўважыла:

− Еўрапейскі Саюз мае вялікі досвед у галіне павышэння дабрабыту на прынцыпах “зялёнага” развіцця. І мы гатовыя гэтым досведам дзяліцца, і дзелімся ім. Такія праекты мы будзем падтрымліваць і далей. Штогод ЕС выдаткоўвае каля 20 мільёнаў еўра на падтрымку розных арганізацый і сектараў у Беларусі, а ў 2007 годзе мы пачыналі з пяці мільёнаў еўра. Спадзяёмся, што мы будзем супрацоўнічаць і далей. Я вельмі рада, што сёння са мной прыехалі мае калегі − прадстаўнікі пяці амбасад ЕС: Чэхіі, Польшчы, Літвы, Славакіі, Італіі.

Першы намеснік міністра энергетыкі Леанід Шэнец распавёў:

− Калі выбіралі месца для праекта, то стаўку зрабілі на Лебедзева, таму што тут падрыхтаваны персанал, і сёння ёсць гэтаму пацвярджэнне. Для Беларусі такія праекты вельмі актуальныя: мы не маем уласных рэсурсаў, залежым ад аднаго пастаўшчыка, таму зацікаўленыя, каб максімальна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя рэсурсы. Гэта 15-я падобная ўстаноўка ў краіне.

Як працуе ўстаноўка

Па спецыяльным канале ў гідралізёр трапляе гной з фермы і адходы спіртзавода. Працэс ферментацыі падзелены на дзве стадыі. Спачатку за субстрат бяруцца воцатныя бактэрыі. Потым субстрат падаюць у ферменцёр − будынак з купалападобным дахам, дзе адбываецца асноўная частка ўтварэння біяметану: бактэрыі апрацоўваюць субстрат і ўтвараюць газ. Да метану няма доступу кіслароду, таму ён не пагражае выбухам.

У ніжнім слоі збіра­ецца біяметан, у верхнім − біягаз.  Пасля і субстрат, і біягаз падаюцца ў даброджвальнік, каб выціснуць максімальную энергію. Пасля гэтага этапа субстрат вывозяць і выкарыстоўваюць як вельмі каштоўнае ўгнаенне на палі аграфірмы “Лебедзева”, а біягаз пад зямлёй паступае ў газавы рухавік унутранага згарання − сэрца ўстаноўкі. Менавіта там утвараецца электрычная і цеплавая энергія.

Схема РГ.
Біягазавы комплекс стаў пілотным праектам у межах міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Падтрымка рэалізацыі комплекснай энергетычнай палітыкі Беларусі”. Абсталяванне забяспечыла нямецкая кампанія LTV. Ролю падрадчыка па будаўніча-мантажных работах выканала маладзечанскае прадпрыемства “КЭМПІ”. Устаноўку перададуць на баланс “Мінскэнерга” (філіял – аграфірма “Лебедзева”).

З газу, які ўтворыцца з-за дзейнасці бактэрый, можна будзе атрымаць 500 кілават электрычнай і цеплавой энергіі за гадзіну. 70% яе пойдзе на патрэбы аграфірмы, у тым ліку на падагрэў пітной вады для кароў − яшчэ адно новаўвядзенне ў Лебедзеве. 30% энергіі гаспадар будзе прадаваць у агульныя энергасеткі.

Біягазавая ўстаноўка дазволіць не толькі зэканоміць на прыродным газе, але і зарабіць.

Зоя ХРУЦКАЯ.