Калі батарэйка ляціць у звычайную сметніцу, то яна трапляе на звычайную звалку. Там – раскладаецца. Шкодныя рэчывы ідуць у зямлю, а потым – у наш арганізм.

Ад адной няправільна выкінутай батарэйкі шкоды не будзе, аднак у Маладзечне жыве каля 94 тысяч чалавек. Калі палова з іх раз на год набудзе і выкіне батарэйку, то на звалку трапіць каля 50 тысяч батарэек. А гэта ўжо праблема.

– Батарэйка – гэта цэлы комплекс хімічных злучэнняў цяжкіх металаў і кіслот у канцэнтраваным выглядзе, – тлумачыць дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў. – Калі яны трапляюць на звалку, то пад уздзеяннем вільгаці, перападу тэмператур металічны корпус раскладаецца і шкодныя рэчывы трапляюць у зямлю, а потым –  у грунтавыя воды. Адтуль рознымі шляхамі да нас у арганізм. Таму галоўная прычына, па якой трэба выкідаць батарэйкі ў спецыяльныя месцы, – захаваць сваё здароўе.

Акумулятары: эканамічна і экалагічна

Увогуле, лепшы варыянт рашэння праблемы масавага трапляння батарэек на звычайныя звалкі, як лічыць Яўген Лабанаў, гэта карыстацца акумулятарамі.

– Яны разлічаныя на 500, 600, а часам і да тысячы цыклаў перазарадкі, – адзначае эколаг. – Па-першае, гэта эканамічна выгадна, а па-другое, вялікая колькасць батарэек перастане трапляць у звычайныя сметніцы.

У кожнай вобласці – спецыяльныя склады

У кожнай вобласці краіны існуюць спецыяльныя склады, куды трапляюць батарэйкі, якія жыхары выкінулі ў спецыяльныя кантэйнеры. Цяпер там захоўваецца каля 10 тысяч тон батарэек.

– У Беларусі наўрад ці пабудуюць завод па перапрацоўцы батарэек, – кажа Яўген Лабанаў. – Бо гэта нерацыянальна. Іх хутчэй за ўсё будуць адпраўляць на перапрацоўку альбо ў Фінляндыю, альбо ў Расію.

Месцы, дзе можна выкінуць батарэйкі

У Маладзечне іх 19. Спецыяльныя кантэйнеры для батарэек стаяць ва ўсіх аддзяленнях ЖРЭУ і інтэрнатах, якія належаць гэтай структуры (на карце гэтыя месцы пазначаныя сцяжком). Таксама яны ёсць у чатырох гандлёвых пунктах горада (на карце – ромб ў кружку).


Батарэйкі можна выкінуць у аддзяленнях ЖРЭУ: ЖРЭУ №1 (вул. Ясінскага, 21); ЖРЭУ №2 (вул. Таўлая, 7); ЖРЭУ №3 (вул. Ф.Скарыны, 10-а); ЖРЭУ №4 (вул. Ф.Скарыны, 4-а); ЖРЭУ №5 (вул. Я.Купалы, 110); ЖРЭУ №6 (В.Гасцінец, 147-а); ЖРЭУ №7 (В.Гасцінец, 96).

У інтэрнатах ЖРЭУ: В.Гасцінец, 71; Ф.Скарыны, 19; Будаўнікоў, 22; Будаўнікоў, 24; Касманаўтаў, 6; Касманаўтаў, 23; Грамадоўскага, 19-а; Галіцкага, 12-а).

У гандлёвых пунктах: універмаг «Маладзечна» (вул. Прытыцкага, 27); рынак райспажыўтаварыства (вул. Б. Хмяльніцкага); крама №21 (вул. Ларына, 2); крама «Віцязь»(вул. Прытыцкага, 4).

Настасся РОЎДА.

Дзе знаходзяцца спецыяльныя кантэйнеры для батарэек у іншых гарадах рэгіёна, чытайце пазней на сайце і ў газеце.