Імя Дзмітрыя Салея, пераможцы Паралімпійскіх гульняў у Пекіне, вядома амаль кожнаму маладзечанцу. Праз чатыры гады, у 2012-м, Дзмітры Салей прадстаўляў краіну на Паралімпійскіх гульнях і ў Лондане. А потым пачалі гаварыць, што наш чэмпіён выступае ўжо за іншую краіну. Ці так гэта, мы даведаліся ў самога Дзмітрыя.

Дзмітры, ці праўда тое, што вы пакінулі Беларусь?

− Гэта не зусім так. Я па-ранейшаму жыву ў Маладзечне, але трэніруюся ў Азербайджане.

− І як часта вы там бываеце?

− Як правіла, 20 дзён трэніруюся там, а на 20 дзён прыязджаю дамоў.

А дорага ездзіць туды-сюды?

 − Ды што вы! Усе выдаткі на дарогу кампенсуе прымаючы бок.

− Дзмітры, як вы рашыліся на такія кардынальныя перамены?

− Давайце пачнём з таго, што адносіны да спартсменаў і ўмовы для трэніровак там значна лепшыя. І спартсменаў там не падманваюць. Трэніруючыся ў Беларусі, мне надакучыла слухаць абяцанкі: заўтра дадзім, заўтра заплацім, заўтра будзе лепш.

− А вы ўжо прадстаўлялі Азербайджан на нейкіх спаборніцтвах?

− Па правілах, павінны прайсці два гады з таго часу, як ты выступаў за іншую краіну. Але гэта ўмоўна, даўно можна было б дамовіцца, але пакуль няма рашэння ад Беларусі.

− Не адпускаюць?

− Не (уздыхнуўшы). Не адпускалі: ні Беларусь, ні ўласны трэнер. Хаця адносіны з трэнерам у мяне захаваліся сяброўскія. Мы зразумелі адзін аднаго.

− Вядома, што вы трэніраваліся са сваім малодшым братам Раманам? А ён застаўся ў Беларусі?

− Не, я яму прапанаваў паехаць са мной, і ён пагадзіўся. Разумееце, калі б я ці Рома засталіся ў Беларусі, то прыйшлося б рабіць выбар. І, хутчэй за ўсё, не на карысць спорту. Прыйшлося б шукаць стабільную працу са стабільным заробкам, а ў басейн хадзіць па выхадных. Я ж да такога не гатовы. Я хачу быць спартсменам, хачу перамагаць. Тое ж і з Раманам. У Беларусі ён быў нікому не патрэбны. А толькі прыехалі ў Азербайджан, тут табе і ўмовы для трэніровак, і заробак.

А колькі вы зарабляеце?

− Гэта камерцыйная таямніца (жартуе). Але вось для параўнання. У Беларусі за перамогу на буйных спаборніцтвах можна атрымаць каля 100-120 тысяч долараў, а ў Азербайджане за такую ж перамогу − мільён еўра. Вось і лічыце.

− А да Паралімпіяды-2016 рыхтуецеся?

− Я абавязкова буду прымаць удзел у Паралімпійскіх гульнях у Бразіліі! Але ўжо пад сцягам Азербайджана. Я ні разу не пашкадаваў, што прыняў такое рашэнне. І назад у Беларусь я не вярнуся.

Наталля ТУР.  

Фота забяспечана Дзмітрыем САЛЕЕМ.