Як так атрымліваецца, што адны і тыя ж крупы можна купіць і за пяць, і за 20 тысяч рублёў?

Усё проста: кошт залежыць не толькі ад пэўнага віду круп, але і ад іх колькасці. Падчас нашага агляду круп на рынку і ў крамах Маладзечна мы знайшлі толькі два прадпрыемствы, якія выпускаюць крупы ў пакунках вагой адзін кілаграм: Маладзечанскі і Мінскі камбінаты хлебапрадуктаў.

Іншыя ж выпускаюць па 900, 800, 750, 700, 500 грамаў. Таму пры куплі варта суадносіць кошт не толькі з крупамі іншых вытворцаў, але і з вагой пачкі. Мы склалі табліцу, у якой вы можаце параўнаць, якія крупы купляць больш выгадна.

У нашы крамы трапляюць крупы з Расіі, Пакістана, В’етнама. Самы шырокі асартымент на палічках мае рыс: круглы, даўгазерневы, язмін, басмаці, прапараны, буры, арбарыё і нават з чорнымі крупінкамі.

Топ-5 самых танных круп

Самымі дарагімі аказаліся рысавыя крупы. А вось спіс самых танных.
1.    Ячныя крупы “Панскі гатунак” за 750 грамаў 3 800 (5 050 за кілаграм) і “Сталічны млын”, Мінскі камбінат хлебапрадуктаў, за 900 грамаў – 4 550 (5 050 за кілаграм).
2.    Ячныя крупы “Святлара” за 900 грамаў 4700 (5200 за кілаграм)
3.    Манныя крупы. На рынку 900 грамаў каштуе 5 500 ( 6 100 за кілаграм)
4.    Проса. На рынку 700 грамаў каштуе 4 500 (6 400 за кілаграм)
5.    А таксама танна можна набыць і рыс “Дабрада”. 700 грамаў абыдзецца ў 5 500 (7 950 за кілаграм)

У крамах багаты выбар круп, але да пакупкі варта падыходзіць разумна.

Не пераплачвайце, калі не бачыце розніцы

На рынку райспажыўтаварыства некаторыя крупы можна купіць танней, чым у любой краме. Каля гэтых павільёнаў заўсёды збіраецца чарга.

− Мы звычайна закупляемся тут, − распавядае маладая пара ў чарзе. − Ніякай розніцы ў смаку розных круп мы не бачым, а вось у коштах так.

У аддзеле бакалеі на рынку ёсць не толькі бюджэтныя крупы. Тут можна знайсці, напрыклад, гатунак рысу арбарыё, за пачак якога можна набыць два пачкі звычайнага рысу.

Прадпрымальнік Сяр­гей патлумачыў:

− Некаторыя пакупнікі якраз такі рыс і шукаюць. Ён такі бялюткі, з асаблівым смакам. Ёсць аматары і такога. Пераважна ж набываюць рыс і грэчку, сямейныя ўпакоўкі.

Цяпер кожная гаспадыня можа больш уважліва прадумаць наступную пакупку круп. Таму што для многіх важная не толькі іх разнастайнасць на стале, але і апраўданасць кошту.

Многія гатовы пастаяць некалькі хвілін у чарзе дзеля эканоміі.

Манка – гэта ежа дзіцячая

Пра тое, якія крупы самыя карысныя, у які час варта ўжываць кашы і ці можна ладзіць монадыеты з кашы, распавяла доктар-дыетолаг Ванда Анцілеўская.

− Кашы ўжываць карысна. Гэта так?

− Ну а як іначай? Крупы карысныя для арганізма чалавека.

− А якую з каш вы, як дыетолаг, лічыце самай карыснай?

− Калі гаварыць пра лячэбнае харчаванне, то ў грэчкі і аўсянкі найменш супрацьпаказанняў. У гэтых кашах амаль не змяшчаецца вугляводаў, таму іх можна есці людзям хворым на дыябет.

− А што вы можаце сказаць пра манную кашу? Ці правільна, што дзяцей з дзяцінства шпігуюць ёй?

− Манку толькі дзецям і трэба даваць. Яна лёгка засвойваецца дзіцячым арганізмам, добра пераварваецца ў страўніку. А  арганізму дарослага чалавека манка непатрэбная. Там адны вугляводы, што асабліва шкодзіць дыябетыкам і людзям, схільным да паўнаты.

− Манныя крупы самыя каларыйныя?

− Не, за манку больш каларыйныя кукурузныя крупы і проса, але вугляводаў у іх менш. А самыя малакаларыйныя крупы − аўсяныя. У іх усяго 305 калорый у 100 грамах.

− А ў які час дня лепш за ўсё ўжываць кашы?

− Каша − гэта ежа для сняданку. На вячэру карысней будзе гародніна з невялікім кавалачкам мяса.

− Ці карысна рабіць монадыеты, напрыклад, цэлы тыдзень есці толькі кашы?

− Аднабаковасць − гэта дрэнна заўжды. Адны кашы − гэта ненармальна. А калі і гаварыць пра дыеты, то значна карысней будзе не здзекавацца з арганізма, а зрабіць так, каб ваш дзённы рацыён уключаў 1000-1500 калорый.

Від круп Назва Колькасць, грамы Кошт, руб. Цана за кілаграм, руб.
Шматкі
ячныя
“Дабрыня” 500 5 050 10 100
Шматкі
аўсяныя
“Геркулес-1” 500 5 300 10 600
  “Экстра №3” 500 4 950 9 900
Крупы
грэчневыя
Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў, “Купецкая”,  крупы хутка разварваюцца 1 000 10 650 10 650
  “Дабрада”, расійскі вытворца 700 6 550 9 400
  “Святлара” 900 7 950 8 800
  “Экалайн”, расійскі 900 7 550 8 400
  “Пан Крупка” 900 7 500 8 300
  Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў, “Купецкая”,  1000 7 600 7 600
Проса “Ракан”, расійскі вытворца 700 6 400 9 150
  “Дабрада”, расійскі вытворца 700 5 050 7 200
  “Пан Крупка” 900 6 250 6 950
  На рынку 700 4 500 6 400
Ячныя крупы (груца) “Пан Крупка” 900 5 300 5 900
  “Экалайн” 900 5 150 5 700
  “Святлара” 900 4 700 5 200
Ячныя крупы
(драблёныя)
“Пан Крупка” 700 3 950 5 650
  “Панскі гатунак” 750 3 800 5 050
  “Сталічны млын”, Мінскі камбінат хлебапрадуктаў 900 4 550 5 050
Крупы
пшанічныя, падробленыя
“Сталічны млын”, Мінскі камбінат хлебапрадуктаў 1 000 7 950 7950
Рыс “Экалайн”, басмаці, Пакістан 500 13 250 26 500
  “Ракан”, Індыя, з чорнымі зярняткамі 800 19 900 24 850
  На рынку. “Ідэя”, рыс арбарыё 800 18 500 23 150
  “SanRice”, язмін, В’етнам, Літва 800 17 450 21 800
  “Food collekеtion”, арбарыё 600 12 900 21 500
  “SanRice”, для сушы, ЗША, Літва 800 16 400 20 500
  “SanRice”, буры, Тайланд, Літва 800 15 800 19 750
  “Экалайн”, язмін, Пакістан 500 9 300 18 600
  “Food collekеtion”, для сушы 600 8 500 14 150
  “Food collekеtion”, буры 600 8 500 14 150
  “Экалайн”, круглы, Расія 800 11 050 13 800
  “Ракан”, Індыя, прапараны 700 9 300 13 300
  “Бабуліна кухня”, (падпісана “Індыя”) 700 6 950 9950
  “Бабуліна кухня”, (падпісана “Індыя”) 800 7950 9950
  “Бабуліна кухня”, (падпісана “Індыя”) 900 8950 9950
  На рынку: “Дабрада”, даўгазерневы, Пакістан-Расія 700 5 500 7850
Манныя
крупы
Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў 1000 7 400 7 400
  На рынку 900 5 500 6 100

Як зварыць ідэальную грэчку
Не ўсе гаспадыні ведаюць, што, каб атрымалася зварыць самую смачную грэчку, яе спачатку трэба падсмажыць.

Вазьміце каструлю з вялікім дном, усыпце шклянку грэчкі. Пакладзіце сталовую лыжку масла. Перамешваючы, падагравайце грэчку, пакуль не растане масла. Вы пачуеце прыемны пах.
У гэты час залівайце крупы вадой і накрыйце накрыўкай.

На вялікім агні давядзіце да кіпення. Потым агонь паменшыце і даварвайце грэчку.

Зоя ХРУЦКАЯ, Наталля ТУР.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.