Раніца ў сераду, 4 снежня, для гандляроў маладзечанскага рынку райспажыўтаварыства пачалася з чарговага сходу. Цяпер з нагоды наведвання цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (ЦГЭ).

– Гэта была адна з пазапланавых тэматычных аператыўных праверак, якія ідуць ужо цягам месяца, – распавёў загадчык аддзялення камунальнай гігіены, нагляду і кантролю за гігіенічнай бяспекай тавараў аддзела гігіены Маладзечанскага занальнага ЦГЭ Міхаіл Міхалевіч. – Мы глядзелі, ці выконваюць на рынку санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні пры продажы замежных тавараў для дзяцей. Асабліва гэта тычылася адзення першага слою, якое прылягае да цела.

Дакументаў на тавар, якія б пацвярджалі якасць і бяспечнасць рэчаў, не знайшлося ў двух прадаўцоў. Ім выпішуць прадпісанні аб канфіскацыі тавараў і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Хавалі тавары і слухалі праверку

Як толькі па рынку пайшла чутка, што прыехала праверка, шэраг прадаўцоў схавалі тавары і апусцілі ралеты.

Каля трыццаці гандляроў абступілі трох прадстаўнікоў ЦГЭ і высвятлялі, якія дакументы яны павінны мець, каб гандляваць законна.

Тым часам усе прадпрымальнікі на рынку пачалі актыўна абмяркоўваць праверку. Атрымліваецца, што падатковая інспекцыя не будзе патрабаваць сертыфікаты да 1 ліпеня 2014 года. Але гандляры павінны пазначаць, што тавар несертыфікаваны. У той жа час такая шыльда − знак для ЦГЭ, праверкі якіх не адмянялі.

Адзеў паліто і памёр?

Сітуацыю з пункту гледжання гандляроў апісала Алена Анатольеўна, якая гандлюе на рынку райспажыўтаварыства:

–  Цяперашнія праверкі ЦГЭ не тычацца тых, хто гандлюе абуткам ці верхнім адзеннем. Мы можам працягваць працаваць. Правяраюць дакументы толькі на рэчы пэўных груп тавараў.

Такія праверкі праводзілі і раней, быў перыяд “зацішша”, гады тры. ЦГЭ правярае панчошна-шкарпэткавыя вырабы, бялізну, дзіцячыя цацкі і абутак, таму што яны павінны адпавядаць пэўным санітарна-гігіенічным патрабаванням. У іншых яны правяраюць толькі наяўнасць маркіроўкі.

Наконт праверак верхняга адзення… Ну, ведаеце, я не памятаю, каб былі выпадкі, што хтосьці апрануў паліто і памёр. Ці трэба тут дасціпны кантроль? Пакупнік жа сам бачыць, ці падыходзіць яму рэч.

Здымі куртку і пакажы сертыфікат!

Прадпрымальніцы Алена і Людміла патлумачылі, чаму гандляры не збіраюцца ладзіць забастоўку ад 1 студзеня ці ў іншы дзень, як раней планавалася:

− Гэтая забастоўка не мае сэнсу. Перамены неабходныя не нам, а Расіі, дзе мы закупляем тавар. Мы закупляемся на аптовых рынках, дзе дакументы ёсць толькі на 2% тавараў. Ім сертыфікаты проста непатрэбныя, у межах Мытнага саюза такога кантролю, як у нас, проста няма. У Беларусі ж аптовых рынкаў з такім адзеннем няма, хаця абяцалі пабудаваць у 2005 годзе. Мы б з задавальненнем едзілі б не ў Маскву, а ў Мінск, закупляліся б і мелі б патрэбныя дакументы.

Гэтай сістэмай нас проста сутыкаюць з праверкамі, і гэта бессэнсоўна. Мы ж не супраць прадаваць з сертыфікатамі, але іх павінны рабіць ці вытворцы, ці імпарцёры, а не мы. Той, хто прадае оптам, няхай выдае нам, пакупнікам у розніцу, копіі дакументаў. Мы бяром з партыі некалькі штук, не больш за 10, і дзве з іх мусілі б аддаваць на экспертызу. Гэта проста немагчыма! Тое самае, што вам, пакупніку, сказаць: “Здымі куртку і пакажы сертыфікат ці здай на экспертызу”. 

Атрымліваецца, што да 1 ліпеня мы можам прадаваць прадукцыю, якую маем. А далей − паглядзім, што будзе.

Зоя ХРУЦКАЯ, Настасся РОЎДА.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ, Настассі РОЎДЫ.