Турыстычны комплекс павінен з’явіцца на беразе Вілейскага вадасховішча ў лістападзе 2014 года.

Яго будуюць беларусы. Усяго будзе шэсць аднапавярховых домікаў з мансардай і ў кожным з іх па 6 ці 7 нумароў. Атрымліваецца, комплекс зможа змясціць 43 ахвотных там адпачыць.

Кампаньён кіраўніка праекта, беларускага будаўніка Дзмітрыя Цяліцына, – кітайская фірма ў Ганконге. Яна дае пазыку. Дзмітры падабраў некалькі розных месцаў не далей, чым у 100 км ад Мінска, дзе можна было б пабудаваць такі комплекс. Потым прыехаў чалавек з Ганконга і канчаткова зрабіў выбар.

– У іх там свае ўсходнія паняцці, – кажа Дзмітры. – Прадстаўнік фірмы вырашыў, што па фэн-шуі Вілейшчына найбольш падыходзіць.

У комплексе таксама будзе кавярня і дзве лазні.

– Мы плануем тры разы на дзень карміць адпачывальнікаў, – адзначае Дзмітры. – А лазні дзве будую ўжо па сваім досведзе. Прыязджае кампанія, якая вельмі любіць лазню, і іншыя яе ўжо два дні не бачаць. Таму лепш адразу мець дзве.

Турыстычны комплекс будуецца ў 35 кіламетрах ад Вілейкі і ў 90 ад мінскай кальцавой.

У планах Дзмітрыя пашырыць яго, каб можна было змясціць адразу 200 чалавек.

– На Вілейшчыне гэта першы турыстычны комплекс, – заўважае начальніца аддзела архітэктуры і будаўніцтва Вілейскага райвыканкама Галіна Кажарновіч. – Не дзіўна, што абралі нашы мясціны. Тут вадасховішча, шмат рыбакоў, якія прыязджаюць з розных гарадоў Беларусі. Мясціны вельмі папулярныя.

Настасся РОЎДА.