Паводле рашэння, прынятага ў кастрычніку на раённай сесіі Савета дэпутатаў, дыскатэкі для дарослых праводзяцца толькі да апоўначы.

На думку кіраўнікоў вясковых Дамоў культуры, такое рашэнне можа мець негатыўныя наступствы: моладзь усё адно збіраецца, але перашкаджаючы іншым.

Сітуацыю патлумачыў дырэктар Дома культуры ў мястэчку Івянец Станіслаў Бурачэўскі:

− Атрымалася, што і ў нас, і ў Стоўбцах скарацілі дыскатэкі. Але ж ў гэты час прысутнічаюць не дзеці, дзіцячая дыскатэка доўжыцца ад 18 да 21.30. Потым пачынаецца дыскатэка для дарослых. І калі цяпер заканчваем апоўначы, моладзь усё роўна хоча яшчэ пагуляць.

Яны збіраюцца на плошчы, гучна ўключаюць музыку і перашкаджаюць іншым спаць, могуць спажываць і спіртныя напоі. А тут хай яны даўжэй, затое пад прыглядам, у нас ёсць відэаназіранне. А так звычайна дыскатэкі працягваюцца да чатырох раніцы. Падкрэсліваю, гэта дыскатэка для дарослых людзей, якім за 18 год.

Да нас прыходзіць не толькі моладзь, але і тыя, каму па 40-50 год. Ім зручна адпачыць ноччу. Збіралася столькі ахвотных, што памяшканне ўсіх не змяшчала. Цяпер жа да 23 гадзін яны збяруцца, а праз гадзіну ўжо і дадому ісці трэба.

Небяспечна, калі няма чаго рабіць

Дырэктар Дома культуры патлумачыў, чаму яго непакоіць пытанне дыскатэкі:

− Моладзь альтэрнатыву знойдзе, але нефармальныя зборышчы могуць мець негатыўны бок, ажно да росту злачынстваў.

Людзям трэба, каб была свая пляцоўка. А дзе цяпер людзі? Цяпер збіраецца чалавек 30, ну што гэта для пяцітысячнага мястэчка? Дыскатэкі − гэта асноўны від нашай дзейнасці, ён прыносіць прыбытак. Я нядаўна з’ездзіў паглядзець дыскатэку ў адной з вёсак Стоўбцаўшчыны. Уявіце, працаваў віджэй, кантралёр, касір, гардэробшчык, і гэта ў вёсцы. Усё так прыстойна, ніякіх “разборак па раёнах”.

Чаму не? Для чаго не дазваляць дыскатэкі?

У раённым Савеце дэпутатаў “РГ” патлумачылі, што такая пастанова мае рэкамендацыйны характар.

Улада дапамагла аздобіць клуб

Станіслаў Бурачэўскі адзначае, што сёлета раённыя ўлады вельмі значна дапамаглі Дому культуры. На выдзеленую суму 250 мільёнаў рублёў установа аздобіла сцэну, закупіла добрую гукавую і светлавую апаратуру.

− Для нас гэтая сума ўнушальная. А вы ведаеце, як важна, каб Дом культуры быў гатовы прымаць гасцей: як толькі добрае свята ці канцэрт, мабілізуюцца жыхары навакольных вёсак, усім жа хочацца адпачыць.

Калектывы Дома культуры багата ўдзельнічаюць у разнастайных міжнародных праектах, удзельнічалі на абласным фестывалі нацыянальных культур.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота disko-8vsk.ru