Яго ствараюць на базе Варнянскай яслі-сад-сярэдняй школы на Астравеччыне. Ён запрацуе ў 2014 годзе.

Пра тое, як ідзе падрыхтоўка цэнтра, распавяла спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) Вольга Лукшыц.

Для валанцёраў “Аховы птушак Бацькаўшчыны” цяпер самы гарачы час. Ад кастрычніка да сярэдзіны снежня ў ласасёвых рыб ідзе нераст. Валанцёры 24 гадзіны ў суткі дзяжураць на рэках, дзе нерастуюць рыбы, якіх трэба ахоўваюць ад браканьераў.

Калі вы хочаце стаць валанцёрам, тэлефануйце па нумарах: 8017-2630613, 8029-3846122. Тут можна атрымаць усю даведачную інфармацыю.

На Беларусі ёсць два віды ласасёвых: сёмга і кумжа. Толькі некалькі дзясяткаў гэтых рыб прыплываюць за 500 кіламетраў з Балтыйскага мора для таго, каб прадоўжыць свой род.

Напрыканцы кастрычніка АПБ пачала працаваць з мясцовымі жыхарамі, дачнікамі і турыстамі над тым, каб удасканаліць іх веды па важнасці захавання ласасёвых на Беларусі.

– Дзякуючы гэтаму мы аператыўна зрэагавалі на інфармацыю сведкаў пра зліў адходаў з СВК “Варняны” ў навакольнае асяроддзе, – адзначае Вольга Лукшыц. – Мы ўжо атрымалі адказ з Міністэрства прыродных рэсурсаў, што такі факт сапраўды меў месца і меры прынялі.

Аказалася, з СВК “Варняны” злівалі жывёлагадоўчыя сцёкі на прылеглую тэрыторыю. Адтуль яны траплялі на бераг ракі Газоўка.

На службовую асобу СВК “Варняны” быў накладзены адміністрацыйны штраф у 10 базавых велічынь. Між іншым, гэта СВК у 2012 годзе прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці больш за дзесяць разоў на суму, большую за 12 мільёнаў.

Унікальны край, дзе цячэ Вілія

– Мы вырашылі зрабіць цэнтр менавіта на Астравеччыне, бо гэта вельмі ўнікальны край, – кажа Вольга. – Сюды з Балтыйскага мора прыплываюць на нераст ласасёвыя. Цэнтр стане яшчэ адным кампанентам у рэгіёне, які будзе працаваць на павышэнне адказнасці людзей. На тое, каб жыхары ўсведамлялі, што захаванне гэтых вельмі рэдкіх для Беларусі рыб залежыць ад кожнага. Няма ў Беларусі яшчэ адной Віліі.

Вольга Лукшыц звяртае ўвагу, што не трэба ў барацьбе за спакойнае існаванне рыб абмяжоўвацца толькі кардынальнымі мерамі: сядзець увесь час на рацэ ды вартаваць браканьераў. Важна не выкідаць смецце ў рэкі, правільна ставіць туалеты і г.д.

– Ёсць людзі з дрэннымі намерамі, але з добрымі – нашмат больш, – мяркуе Вольга. – Наша задача – дапамагчы атрымаць патрэбныя ім веды. Цяпер працуем над канцэпцыяй працы адукацыйнага цэнтра. Па-першае, думаем над тым, што ў ім хочам паказаць, а па-другое, як паказаць. Мяркуем, сюды будуць прыходзіць не толькі мясцовыя жыхары, але і турысты. А таксама прыязджаць настаўнікі, якія б распавядалі вучням пра рэдкіх рыб і важнасць іх захавання.

Падобныя цэнтры існуюць у Польшчы і Швецыі, але для Беларусі – гэта цалкам новы праект.

Перад распрацоўшчыкамі стаіць важная задача – зрабіць цэнтр сучасным і прывабным для наведнікаў.

– Думаем, з чаго зрабіць мадэлі рыб, як аформіць інтэрактыўныя стэнды, – кажа Вольга. – Думаем стварыць тэматычныя гульні, якія б можна было спампаваць на тэлефон.

Настасся РОЎДА.

Фота забяспечана Вольгай ЛУКШЫЦ.