Гляджу на ненавісныя вусы і прыгадваю далёкі 1953 год.


Вестка аб смерці бацькі народаў знайшла мяне на Далёкім Усходзе на аэрадроме Паздзееўка Амурскай вобласці. Я − курсант 52-га Вышэйшага авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў-знішчальнікаў.

Афіцэр плакаў

Памятаю, намеснік камандзіра эскадрыллі капітан Прытула, які кіраваў палётамі, 3 сакавіка літаральна разрыдаўся, калі паведамілі, што памёр Сталін. Рыдаючы афіцэр тады падаваўся мне хворым, замбіраваным, як цяпер гавораць.

Ён быў відавочна з нядобранадзейнай сям’і, па іншы бок зоны, якая падзяліла краіну на пацярпелых ад разгулу рэпрэсій і карнікаў-пракурораў, следчых НКВД, паведамляльнікаў…

У ГУЛАГ з-за ліста брату

Я родам з вёскі Леснікі, што на мяжы Лагойскага і Вілейскага раёнаў. Бацька мой быў лесніком, калі яго ўпяклі ў ГУЛАГ “за палітыку” ў 1933 годзе. Мне ў той час споўніўся год. Віна бацькі была ў тым, што ён напісаў ліст роднаму брату Ігнату ў суседнюю вёску. А паміж гэтымі вёскамі была беларуска-польская мяжа. “За сувязь з буржуазнай Польшчай − тры гады лагераў і бестэрміновая высылка на поўнач Расіі” − такі быў прыгавор суда.

Вёска Леснікі − сорак двароў, а з 25 забралі мужчын ці на расстрэл, як майго дзеда, ці ў ГУЛАГ, як майго бацьку. Павышаная зацікаўленасць органаў НКВД да нашай мясцовасці, верагодна, тлумачылася блізкасцю да беларуска-польскай мя­жы. І ў Лесніках, і ў Гапонаве кантрольна-следавая паласа праходзіла за ваколіцай. Тут хваля рэпрэсій была асабліва жорсткай і бязлітаснай.

“Шпіён і агітатар”

Мой дзед, Станіслаў Церах, быў арыштаваны восенню 1937 года па лжывым паклёпе суседа-аднавяскоўца. Сям’я не мела ніякіх звестак пра яго лёс. Толькі падчас перабудовы на мой запыт з пракуратуры прыйшло паведамленне аб рэабілітацыі: “Станіслаў Адамавіч Церах, нараджэння 1888, расстраляны 7 студзеня 1938 у Віцебскай турме за шпіянаж і агітацыю на карысць буржуазнай Польшчы”.

“Шпіён і агітатар” працаваў конюхам у калгасе імя Будзённага ў вёсцы Гапонава былога Плешчаніцкага раёна. Меў дзесяць дзяцей, адзін за аднаго меншыя. Малодшай дачцэ было пяць год. Старэйшая дачка, мая мама, распавядала: “Да калектывізацыі ў 1929 годзе мы мелі 11 гектараў зямлі. І хаця сям’я цяжка працавала, да новага ўраджаю не заўсёды хапала хлеба і збожжа для жывёлы. Таму бацька нават арандаваў зямлю ў суседзяў на ўмовах: трэці сноп сабе, а два – гаспадару”.

Сям’я была вельмі набожная, хрысціянская. У царкву, у суседнюю вёску Хатавічы за 15 кіламетраў, хадзілі толькі на вялікія святы. А ў звычайную нядзелю ад дзесяці раніцы ўся сям’я ўдзельнічала ў святой літургіі, якую праводзіў бацька. Сцэнарый, які доўжыўся паўтары гадзіны, ён ведаў назубок, не горш за святара. За стол садзіліся з малітвай і ўставалі з-за стала з падзякай Богу на польска-беларускай гаворцы.

Станіслаў Адамавіч Церах.

Дзе славутыя майстры?

Мама нарадзілася ў 1909 годзе. Вучылася толькі дзве зімы, больш не было як, бо даводзілася шмат працаваць нават зімой. Трымалі авечак, таму зімой часалі воўну, пралі, вязалі, ткалі з лёну. Дагэтуль на гарышчы ляжаць два яе калаўроты.

Замуж мама выйшла ў суседнюю вёску Леснікі. Назва вёскі была невыпадковай. Там жылі добрыя майстры па дрэве, лесаводы, пчалаводы, кушняры. Там шылі футры, кажухі, якія добра насіліся. Я дзесяцігоддзі насіў бацькаў кажушок на паляванне з дзікамі. Ён такі лёгкі і трывалы, што не баішся яго парваць, калі пралазіш праз ельнік па следу звера. А шылі ж кажушок у 20-я гады.

Калектывізацыя вёскі, ліквідацыя кулацтва як класа, рэпрэсіі парвалі сувязь пакаленняў, парушылі традыцыйны вясковы лад.

Калектывізацыя загубіла вясковыя рамёствы, якіх не хапае цяперашняму пакаленню. Дзе цяпер леснікоўскія цесляры, кушняры, гапонаўскія льнаводы, майстрыхі-ткачыхі? Іх магілы пад Архангельскам, Котласам, дзе былі лагеры беларускіх кулакоў у 30-я гады.

Як з чалавека зрабіць паклёпніка

А хто раскулачваў, пісаў недарэчныя паклёпы? Свае ж аднавяскоўцы. З’явіўся асаблівы тып людзей − паведамляльнікі, падхалімы, Паўлікі Марозавы, так званыя актывісты. Здавалася, адкуль ім узяцца? Паглядзіце ў падручнік псіхалогіі: у кожным чалавеку цёмнае і светлае існуюць побач.

Гіпноз бальшавізму ў тым і заключаўся, каб праз ілжывую ідэю ўзбудзіць у чалавеку ўсё самае нізкае, подлае. Узбуджаць трэба мэтанакіравана і настойліва. І тады ў душы гэтага паддоследнага чалавека не застанецца нічога святога. У ленінцаў гэта атрымалася. “Крадзі накрадзенае” − з гэтым прымітыўным лозунгам кучка бальшавікоў з дапамогай люмпенаў разграміла вялізную царскую армію і развязала нечуваны класавы тэрор над “ворагамі народа”.

Прыкра, што сваяк

З дзесяці дзяцей дзеда ніхто не асеў у Гапонаве: маладзёны пасля арміі, атрымаўшы пашпарты, паехалі ў горад, дзяўчаты павыходзілі замуж. Мама пражыла 87 год. Незадоўга да канца жыцця яна папрасіла звазіць яе ў родную вёску.

Там засталіся дзве сям’і алкаголікаў-пастухоў. Пагаварылі з адным з іх, які ледзь расплюшчыў вочы. Пытаемся, якое прозвішча. “Церах”. Мама нават не спыталася, у якім калене ён нам сваяк, настолькі стала прыкра. Абое ехалі з вёскі як з праклятага месца.

З расійскай высылкі мы вярнуліся ў 1948 годзе ўжо ў Заходнюю Беларусь да дзядзькі Ігната, якому калісьці бацька пісаў лісты праз мяжу, і пасяліліся каля мястэчка Ілья.

Нішто не прадракала бяды – арышта бацькі ў сакавіку 1933 года. На фота ён справа.

Разабралі каплічку на дровы для калгаснай лазні

Рэлігійныя пагромы літаральна абрынуліся на маю Беларусь у 1950-60 гады, пасля смерці Сталіна. У мястэчку Ілья пры Польшчы было пяць храмаў і каплічка: праваслаўны, два каталіцкія, уніяцкі і сінагога (да прыходу немцаў у Ільі жылі яўрэі-гандляры). Нам, хто прыехаў з усходу, кідалася ў вочы, што могілкі такія прыбраныя, а жыхары добразычлівыя і набожныя.

На галоўнай плошчы стаяла каплічка, высокая, шатровага тыпу − помнік паўстанцам Каліноўскага 1863 года, чый апошні атрад колькасцю каля двухсот шабляў быў разгромлены ля вёскі Уладыкі. Там іх брацкая магіла. “У гонар палеглых за Вольнасць” − было напісана над арачным уваходам.

Верагодна, само слова “вольнасць” выклікала алергію ў ідэолагаў камунізму, і быў аддадзены загад граміць храмы. Каплічку разбілі кіркамі рэкруты з ваенкамата. Доўга білі. “Такая моцная была”, − скардзіліся пагромнікі, выканаўцы загада, і аддалі каплічку на дровы для калгаснай лазні. З усіх святынь у Ільі засталася толькі ўніяцкая, і людзі бачаць у гэтым Божы знак − неабходнасць аб’яднаць канфесіі.

Раённы заказчык пагромаў хутка загінуў на паляванні ад выстралу. А ў Ільі ўсё часцей у хаты завітвала п’янства.

Такіх, як мы, былі мільёны. Толькі ў Ніжагародскай вобласці стварылі 174 канцэнтрацыйныя лагеры для “ворагаў народа”.

Чаго вартая ўтопія

Я часта бываю ў Маладзечне і заўсёды прыходжу да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій.  Ён раней стаяў насупраць вялізнай статуі аўтара сумнавядомых “надзвычаек” і ГУЛАГа, правадыра сусветнага пралетарыяту. Помнік просты і прыгожы. У граніце пануюць два колеры: белы – сімвал чысціні памкненняў, якія перарваў выстрал чэкіста, і чырвоны  – колер крыві. З-за таго, што дзеда расстралялі ў студзені, у камяні я бачу кроў на снезе.

Спроба пабудаваць камунізм каштавала Савецкаму Саюзу 25-30 мільёнаў жыццяў. Калі б пасля падзення цара Расіі абышліся без рэвалюцыйных патрасенняў, яна б па сіле і багацці раўнялася б з ЗША. Пасля рэвалюцыі Расія згубіла вялізны інтэлектуальны патэнцыял. Колер нацыі эміграваў. Сацыялістычная ўтопія стала трагедыяй для ўсяго свету.

Станіслаў ЛЯШКОВІЧ, заслужаны лётчык-выпрабавальнік  СССР, палкоўнік, Ніжні Ноўгарад.

Фота забяспечана Станіславам ЛЯШКОВІЧАМ.