Сваёй слаўнай гісторыяй і людзьмі, што жылі тут і жывуць, старажытнае паселішча даўно ўпісала шмат яркіх старонак у багатую гісторыю Беларусі.

17 стагоддзе – пачатак Крывічоў Мядзельскіх

Паселішча плямёнаў Крывічоў на рацэ Сэрвач упершыню згадваецца ў 1493 годзе ў метрыках Полацкага княства.

Суцэльнай гісторыі старажытнага паселішча не існуе. Больш-менш вядомае аб Крывічах Мядзельскіх пачынаецца з 17 стагоддзя, калі ў 1640 годзе была пабудаваная Свята-Троіцкая царква, а ў 1777 годзе – касцёл Святога Андрэя. Менавіта яны былі ў той час цэнтрам грамадска-палітычнага жыцця не толькі мястэчка Крывічы, але і ўсяго рэгіёна.

Больш за 500 год Крывічы (як і ўсё Полацкае княства) былі ў складзе ВКЛ.

Усё кардынальна мяняецца, калі на пачатку 20-га стагоддзя побач з Крывічамі будуецца чыгунка Маладзечна-Полацк і з’яўляецца станцыя “Крывічы”.

У гады Першай сусветнай вайны вакол Крывічоў праходзілі баталіі знакамітай Нарачанскай аперацыі. І сёння тут уся зямля ў шрамах: зарослых дрэвамі і травой акопах і ямах ад узрываў бомбаў.

20-я гады, няпростыя гады…

Віравала жыццё ў Крывічах быццам вада ў Сэрвачы і ў 20-х гадах. У 1921 годзе лёсавызначальная, трагічная падзея як для Крывічоў, так і для ўсёй Беларусі. Нашу Бацькаўшчыну зноў падзялілі, у выніку чаго Крывічы сталі “Крэсамі Всходнімі”. Улады Польшчы абяцалі беларусам роўныя правы з палякамі, але толькі на словах. Беларускамоўныя школы, беларуская культура – строга праследаваліся.

У такіх умовах рос нацыянальна-вызваленчы рух і супраціўленне. Не адна сотня беларусаў зведала катаванне ў турмах Вілейкі, Маладзечна і сумнавядомых Лукішках.

Іх імёны і да сёння жывуць у памяці нашчадкаў. Толькі ў верасні 1939 года жыхары Крывічоў зноў сталі савецкімі грамадзянамі, а цэнтральная вуліца імя Пілсудскага была перайменаваная ў вуліцу 17 Верасня. Такая назва ў яе і сёння.

Неразбярыха Вялікай Айчыннай вайны

Не засталіся Крывічы ўбаку ад падзей Вялікай Айчыннай вайны. Многія крывічане папоўнілі рады Чырвонай Арміі і партызанскіх атрадаў: Каровін, Крыловіч, Гардзееў, Верабей, Шляхотка і многія іншыя. У навакольныя лясах дзейнічала шмат атрадаў, і ўсе называлі сябе абаронцамі Радзімы. Адны змагаліся ў Чырвонай Арміі, другія – у польскай. Пад выглядам партызан-абаронцаў нярэдка дзейнічалі сапраўдныя банды.

Неразбярыха поўная! Цяжка было крывічанам, днём адна ўлада, уначы – другая. Але, як успамінаюць старажылы, кармілі, абувалі і адзявалі ўсіх, не да разбораў было.

І ў гэтай неразбярысе крывічы не толькі выжылі, але і выйшлі пераможцамі. Аб тых далёкіх днях-пажарышчах сёння нагадваюць велічны помнік у парку і помнік зажыва спаленым 28 сакавіка 1942 года двумстам жыхарам Крывічоў.

Пасля вайны Крывічы былі раённым цэнтрам з развітай інфраструктурай. Тэрытарыяльна-адміністрацыйная рэформа 1962 года мяняе жыццё ў пасёлку. Крывічы становяцца звычайнай, ціхай, хоць і вялікай, вёскай. Але ўсе змены – гэта не самае галоўнае, чым жыве вёска.

Людзі – галоўны здабытак Крывічоў

Крывічы – радзіма славутага роду Ходзькаў, што на ўвесь свет праславілі Беларусь. Яго заснавальніку, Яну Ходзьку, у мінулым годзе споўнілася 235 гадоў з дня нараджэння.

Ужо ў наш час у Крывічах жылі, працавалі і вучыліся многія знакамітыя яго жыхары: заслужаны работнік адукацыі Беларусі Эльвіра Дубаневіч, першы міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка, намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно, ваенны карэспандэнт, палкоўнік Браніслаў Макарэвіч, паэты Мечыслаў Шаховіч і Валеры Хіхіч… Гэты спіс можна прадаўжаць.

Мечыслаў СТАНКЕВІЧ, былы жыхар Крывічоў.

Фота з архіва “РГ”.