Племянная каняферма існуе ў Палачанах амаль 20 гадоў. І ўсе гэтыя гады нязменным загадчыкам тут з’яўляецца Уладзімір Пятроў.

Гэта ён, пераехаўшы з Ільі, прывёз з сабой дзевяць спартыўных коней, тым самым даў пачатак коннаму спорту ў Палачанах. Сёння ў Палачанах свая гасцініца, загоны, крыты манеж, дзіцячая спартыўная школа, стадыён для правядзення спаборніцтваў. Ды і размаўляем мы з Уладзімірам Мікалаевічам у манежы, а побач працуюць коні і іх наезнікі.

На 80 коней чатыры работнікі

− Сёння ў Палачанах займаюцца толькі канкурам, хаця раней была і выездка, і трохбор’е. І вынікі добрыя былі. Але трэнеры пасыходзілі, і вось цяпер маем тое, што маем. Штодзень двое нашых коннікаў Вольга Юха і Сяргей Казлоў працуюць з чатырма канямі. Кожнага трэба асядлаць, папрацаваць з ім, а гэта гадзіна-паўтары, потым рассядлаць, пачысціць. Канешне, для гэтага павінны быць конюхі, але ў нас іх няма.

Вольга Юха і Сяргей Казлоў.

− А колькі чалавек працуе з канямі не на манежы? Корміць іх, даглядае?

− Працуюць чатыры чалавекі на 80 коней. А коней трэба тройчы ў дзень пакарміць, даць вады.

− 80 коней. Гэта ўсе спартыўныя?

− 76 спартыўных коней. У гэты лік уваходзяць і кабылы, і жарабцы, і жарабяты, і лягчаныя. Ёсць чатыры працоўныя конікі. Рэдкіх парод у нас няма, але яны нам і непатрэбныя. На нашай каняферме амаль усе коні нямецкіх парод: гановерская, галшцінская, тракенінская, брандэнбургская, альдэнбургская. Усе яны выведзеныя ў Германіі, і сваю назву атрымалі ад назвы мясцовасці, дзе былі выведзеныя.

Коні, як і людзі, ёсць працавітыя, а ёсць і ўпартыя гультаі

Уладзімір Мікалаевіч запрашае мяне на экскурсію па каняферме. Пачынаецца маршрут са стойлаў, у якіх стаяць жывёлы. На кожным стойле размешчаная шыльда, на якой указаная мянушка каня, мянушка маці і бацькі гэтага каня, узрост і парода. Ніводнае стойла не пустуе. Тут усё, як у інтэрнаце. Асобы “рознага полу” стаяць асобна, “дзеці” – асобна. 

У коней такія незвычайныя мянушкі: Алабастр, Дон Грэгары, Гранд, Ліверпуль, Булава, Граф, Камбоджа… Хто іх прыдумвае?

− Мы іх называем. Мянушка каня павінна пачынацца з пачатковай літары мянушкі бацькі, а ў сярэдзіне мянушкі павінна быць пачатковая літара мянушкі маці. Часам, такія мянушкі атрымоўваюцца!

− А коні адгукаюцца на іх? Ведаюць, як іх завуць?

Хутчэй за ўсё, яны адгукаюцца на знаёмую інтанацыю. А вось людзей яны, сапраўды, пазнаюць. У маёй уласнай гаспадарцы таксама ёсць коні. І калі я раніцай толькі выходжу моўчкі на ганак, адразу ж з хлява чую: “Гы-гы-гы!”

А калі гаварыць шчыра, то яны вельмі падобныя да людзей. Ёсць і спакойныя, рахманыя, а ёсць і шкадлівыя, наравістыя. І настрой у іх таксама бывае і кепскі, і добры.

А асаблівасці характару каня ці ўплываюць на працэс трэніровак?

− Ну а як жа без гэтага? Конь, у залежнасці ад свайго настрою, і скінуць конніка з сядла можа.

− Калі настрой дрэнны?

Ды я сказаў бы, хутчэй наадварот. Добры ў каня настрой, хочацца яму несціся галопам, душа ў яго патрабуе волі, толькі і трымайся. А калі конь адчуе, што ты яго не кантралюеш, ідзеш у яго на повадзе – пішы прапала.

А якімі якасцямі павінен валодаць спартсмен, каб трымаць каня ў цуглях?

− Спартсмен павінен быць патрабавальным, настойлівым, мэтанакіраваным… і любіць коней.

Конь каштуе даражэй за “Мерседэс”

−Ці можна ў вас набыць каня?

− Калі ласка, наша Афрадыта абыдзецца вам у 10 000 долараў.

− 10 000 – гэта самы вялікі кошт на каня?

− Не, у нас ёсць коні, якія ацэненыя ў 25 000 долараў і болей. Напрыклад, жарабец Граф гановерскай пароды – адзін з самых найлепшых у рэспубліцы. Ён і ў спаборніцтвах удзельнічае, і ад яго жарабятак шмат.

А што за людзі набываюць коней?

− Розныя. Многія купляюць коней дзеля развядзення. Некаторыя набываюць у свае калекцыі, а хтосьці – для душы. Да нас кожны дзень прыязджае жанчына, каб пакатацца на сваім уласным кані, які знаходзіцца ў нас на ўтрыманні. Ды і ўвогуле цікавасць да коней больш праяўляюць гарадскія жыхары, нашых мясцовых ні за якія пернікі не заманіш на канюшню.

− Нават проста пакатацца?

− Нават і пакатацца прыязджаюць пераважна з горада. Мы, праўда, цяпер не займаемся пракатам коней, за гэта адказвае дзіцячая спартыўная школа. Але я магу сказаць, што

заняткі для пачаткоўцаў праводзяцца кожныя выхадныя з 14 да 17 гадзін.

А калі аддаваць дзіця ў конны спорт, з якога ўзросту гэта можна зрабіць?

− Гэта вельмі індывідуальна. Як правіла, з 11-гадовага ўзросту. Але я свайго сына пасадзіў на каня ў 7 гадоў, а ў 11 ён ужо быў пераможцам у спаборніцтвах. Цяпер жыве ў Маскве, уваходзіць у пяцёрку лепшых коннікаў Расіі.

Было і такое, што ў канюшні абвалілася столь

Рушым далей па канюшні, Уладзімір Мікалаевіч спыняецца ля кожнага стойла. Заўважае, што на адным з іх паднятая завала. Аднойчы такое было, калі коней заганялі табуном, адну кабылу прыціснулі да такой паднятай ручкі і яна разарвала сабе бок аж да рабрыны. Таму і за такімі рэчамі трэба сачыць вельмі пільна. Тут жа, у канюшні, заўважаю каня, які адзін застаўся ў стойле, астатніх вывелі на двор у загон.

− Ён сляпы зусім, мы яго нават на двор з праблемамі выводзім. Працаваць на ім нельга.

− І што з ім будзе?

− Прыйдзецца аддаваць на мяса. Шкада, канешне, але гэта жыццё. Бачыце, якая столь у нас цяпер добрая, мяняе тэму размовы мой суразмоўца, а было і такое, што абвалілася аднойчы. На шчасце, коні на вуліцы былі. Я перажываю за ферму. Калі да нас прыязджаў прэзідэнт, я яму паказаў і столь, і тое, што ў нас на вокнах наледзі было ў тры пальцы. І пасля гэтага знайшліся грошы і на рамонт, і на ацяпленне. Я вам так скажу: здзекавацца з коней я не дазволю нікому. Таму, бывае, і прыходжу сюды адзін, каб накарміць і напаіць кожнага. Конь жа не вінаваты, што тым, хто яго даглядае, грошай не плацяць.

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.