Аварыя адбылася сёння раніцай на трасе Мінск-Маладзечна каля вёскі Красоўшчына.

“Рэгіянальная газета” звязалася з намеснікам начальніка аддзела па тылу МНС Уладзімірам Ляхам.

Пакуль дакладнай інфармацыі пра тое, што насамрэч адбылося на трасе, няма. Здарылася трагедыя, якая забрала жыцці чатырох чалавек.

Адзін чалавек, гаспадар машыны Сітраэн, які сядзеў побач з вадзіцелем, выжыў.

З траўмамі (ударамі і драпінамі) ён дастаўлены ў Маладзечанскаю гарадскую бальніцу.

Вядома, што вадзіцель Сітраэна малады чалавек 1983 года нараджэння. Усе хлопцы ехалі на працу ў Заслаўе.

Па словах відавочцаў, верагодна, прычынай аварыі стала тое, што аўтамабіль Сітраэн выехаў са сваёй паласы, зачапіў бамперам грузавы “Мерседэс”, што рухаўся побач. Ад удару машыну развярнула.

Вядома таксама, што спатрэбілася дэблакіроўка людзей з машын. Для гэтага былі выкліканыя ратаўнікі з Радашкавіцкага аддзела МНС. Віталь Мысліцкі, начальнік каравула, што выязджаў на месца здарэння, паведаміў “Рэгіянальнай газеце”, што на момант прыбыцця ратавальнікаў, ён убачыў толькі пабітыя машыны на ўзбочыне.

Ратаўнікі дэблакавалі з машыны аднаго жывога чалавека. Давялося ў адной машыне зразаць дах, у другой – дзверы.

Каментар відавочцы аварыі

Відавочца аварыі Максім у гэты час ехаў на працу. Машыны прапускалі па чарзе: то з аднаго боку, то з другога. Яму давялося стаяць каля 10 хвілін:

– Упоперак дарогі стала фура, – кажа ён. – Перад ёй на ўзбочыне стаяла машына ўся ўсмятку, быццам слон на яе наступіў. Адным словам, груда металу. На яе накінулі покрыва, мабыць, каб не шакаваць тых, хто праязджаў побач. У 20-30 метрахад яе – яшчэ адна машына. Таксама ўся пабітая і ў кювеце. Тут жа працавалі МНСнікі і ДАІшнікі. Жудасная аварыя, як у ёй можна было выжыць хоць аднаму чалавеку, – не ведаю.

Аварыя на трасе Мінск–Маладзечна–Нарач: кіроўца не справіўся з кіраваннем пры абгоне

Наталля ТУР, Настасся РОЎДА.

Фота 112.by