10 снежня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень футбола. Мы патэлефанавалі маладзечанскім футбалістам, каб запытацца, ці ёсць у іх памятныя або проста цікавыя гісторыі, звязаныя з футболам.

Сяргей Лавор, футбаліст каманды ДЮСШ-4:

− Самая памятная гісторыя пра тое, як мяне ў лагеры пабілі шлёпанцам так, што я не мог сядзець некалькі дзён.

Прабачце, а як гэтая гісторыя звязаная з футболам?

− Дык гэта ж у футбольным лагеры было. А як прыйшоў я ў футбол, памятаю таксама. Усё дзяцінства, цягам шасці гадоў, я займаўся танцамі. У класе пятым не здаў іспыты, канешне трохі перажываў. А потым напрасіўся з маім суседам Мікітам Харко на трэніроўку па футболе. Вось так і застаўся тут. А шчыра кажучы, футбол – гэта як сэкс, дастаткова адзін раз паспрабаваць, каб спадабалася назаўсёды.

Ігар Крук, суддзя нацыянальнай катэгорыі:

Першы ўспамін з футболам звязаны з самым дзяцінствам, калі мама прывяла мяне за руку на стадыён. Я памятаю, як нас было шмат дзяцей, на каманды чатыры хапіла б, і трэнер нікога не адсейваў. Як ён з намі змагаўся, не ўяўляю! А яшчэ адна гісторыя была, калі я ўжо быў суддзёй. Каманда ў матчы забіла гол, і футбалісты пабеглі да фанацкага сектара адзначаць гэты гол. Тут з супрацьлеглай трыбуны на поле сталі выбягаць заўзятары другой каманды. Выбягаюць яны на поле і нясуцца дакладна на мяне. Прызнаюся, я тады спужаўся. Я адзін на полі, а тут чалавек 20 пруць. А яны дабеглі да мяне, збочылі і рушылі да той каманды, што святкавала гол.

Пачалася бойка. А я стаю, разумею, што нешта трэба рабіць, але радуюся, што я жывы.

Аляксандр Любанец, дырэктар каманды “Маладзечна-2013”:

− Я магу прыгадаць толькі выпадак, які здарыўся з маім сябрам, ён – доктар адной са сталічных футбольных камандаў. Дык вось: паспрачаўся мой сябар, што пранясе на стадыён бутэльку гарэлкі. Стаў перад уваходам, выпіў усю і пайшоў на стадыён. А ўжо адтуль крычыць: “Гарэлка ўва мне, я на стадыёне, значыць, і гарэлка таксама на стадыёне”. Прыйшлося залічыць яму перамогу.

Юры Бугай, футбаліст:

− Мая футбольная гісторыя памятная ў тым, што я ў дзень свайго нараджэння, другога жніўня, упершыню выйшаў гуляць за каманду Смаргоні супраць каманды БАТЭ. Ці чакалі мяне сябры за варотамі з тортам, не памятаю, але павінны былі чакаць.

Віталь Казяк, трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы:

Футбол – гэта маё жыццё, канешне, шмат гісторый. Узгадваю, як трапіў у футбол. Мая мама была катэгарычная супраць таго, каб я стаў футбалістам, а каб залічылі ў секцыю, неабходна была заява, падпісаная бацькамі. Мама, зразумела, і не думала, падпісваць. І тут яна кладзецца ў бальніцу. Я разам з дзённікам даў на подпіс заяву бацьку. Ён падпісаў, нават не прачытаўшы. Мама, калі выйшла з бальніцы, усыпала і мне, і тату па першае чысло, але ходу назад для мяне ўжо не было. Так я стаў трэніравацца ў легендарнага нашага трэнера Анатоля Бераснева. Ён аднойчы, каб мы выйгралі, пайшоў на такую хітрасць. Мы, яшчэ падлеткі, гулялі з камандай дарослых мужыкоў, вядома, прайгравалі. Тады трэнер пачаў выпускаць на поле па адным дадатковым гульцу.

У выніку, мы абыгралі каманду-саперніцу ў складзе 15 гульцоў.

І яшчэ адна гісторыя звязаная з тым перыядам, калі каманда “Маладзечна” гуляла ўжо ў вышэйшай лізе. У нас быў аўтобус “Ікарус”, але рухавік на ім стаяў ад трактара. Ехаў ён не болей за 60 кіламетраў у гадзіну. А пад гару не ехаў зусім. І мы, прыгожыя, маладыя хлопцы ў аднолькавых спартыўных касцюмах, выходзілі на трасу і пхалі аўтобус пад гару. Кіроўцы, што праязджалі міма, сігналілі і вельмі весяліліся: “Во, Маладзечна на спаборніцтвы едзе!”

Наталля ТУР.

Фота vk.com, з архіва “РГ”.

Таксама: Як жывецца з сынам- футбалістам ці татам-хакеістам