Ксёндз Лазар пасля вызвалення з СІЗА служыць у касцёле Узвіжання Святога Крыжа ў Вілейцы. Пра гэта паведамляе газета “Наша нiва” са спасылкай на выканаўца абавязкаў прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў у Беларусі Юрыя Санько.

У пачатку снежня яшчэ не было вядома, у якой парафіі будзе служыць ксёндз Лазар.

4 снежня БелаПАН паведамілі ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі, што “па ўзгадненні з Генеральнай пракуратурай 3 снежня абвінавачванаму Лазару на падставе артыкула 119 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса зменена мера стрымання са зняволення пад варту на падпіску аб нявездзе і належных паводзінах. Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да святара працягваецца.

Нагадаем, пра затрыманне ксяндза стала вядома праз некалькі дзён пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня паведаміў журналістам, што супрацоўнік беларускіх спецслужбаў затрыманы за працу на замежныя дзяржавы. “Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой”, — сказаў Лукашэнка. 29 ліпеня інфармацыю пра затрыманне ксяндза Лазара пацвердзіў прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Уладзіславу Лазару ставілася ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай краіны.

Пра вызваленне Лазара з СІЗА КДБ паведаміў вечарам 3 снежня сайт Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. “Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь была праінфармаваная кампетэнтнымі органамі краіны пра тое, што няма больш падстаў для далейшага ўтрымання ксяндза Уладзіслава Лазара ў следчым ізалятары КДБ”, — гаварылася ў прэс-рэлізе.

“Было прынята рашэнне, што падчас следства, якое яшчэ працягваецца, святар павінен знаходзіцца ў пастаянным месцы, маючы свабоду перамяшчэння і дзеянняў, у адпаведнасці з вызначанымі нормамі, з абавязацельствам штодзённай рэгістрацыі ў аддзяленні міліцыі. Апостальскага нунцыя папрасілі забраць ксяндза Лазара са следчага ізалятара КДБ”, — паведамляў царкоўны партал.

Ксёндз Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, затым у Польшчы. У красавіку гэтага года быў прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духу Святога ў Барысаве. Раней служыў у Мар`інай Горцы і Рудзенску (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці).

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.