Пра тое, чаму зіма – найлепшы час года, як атрымаць падарунак ад Дзеда Мароза і што хочуць сучасныя дзеці, нам распавялі ў старэйшай групе дзіцячага садка ¹10 пяці- і шасцігадовыя выхаванцы.

Каця: Больш за ўсё люблю зіму, таму што снег і падарункі. Можна катацца на санках і нават на каньках. Многа ў што гуляць, можна ляпіць снегавіка. Я ведаю, як у снежкі гуляць: трэба падкрасціся, кінуць − і хутчэй ўцячы!

Мацвей: Паўсюль ёлачкі, таму што хутка будзе Новы год і ранішнік.

Сабрына: Новы год − гэта калі трэба многа спяваць, і прыгожа.

Каця: Дзед Мароз − гэта снежны чалавек, які прынясе ўсім падарункі пад ёлачку. Толькі спачатку трэба напісаць ліст. У яго ёсць усе-усе падарункі. Ён іх ноччу шые. Але дорыць толькі тым, хто добра сябе паводзіць, а хто дрэнна − не дорыць. Каб паводзіць сябе добра, трэба наводзіць парадак, пыласосіць і слухаць маму. Ён прыходзіць праз комін ці адчыненае акенца.

Лера: А я зіму не люблю, таму што холадна. Іншая справа лета!

Каця: Я хачу чорнае кацяня, якое яшчэ і гаворыць, як у Сабрыны.

Мацвей: Я хачу сабачку, які катаецца на скейтбордзе і робіць трукі. У нас ёсць тэлевізар, і там мульцікі, дзе паказваюць розныя цацкі, вось гэтага сабачку там убачыў.

Лера: А я мульцік “Маша і Мядзведзь” глядзела толькі тады, калі была маленькая.

Таня: Хачу вялікую каробачку з такімі штучкамі, з якіх складваецца звычайная мазаіка, з карцінкай пра Барбі.

Каця: А вось на наступны год, калі я дарослая буду, я хачу канькі!

Мацвей: Я люблю маляваць карцінкі, а больш за ўсё я люблю яшчэ гуляць! Хачу стаць мастаком, маляваць замкі.

Каця: А я настаўніцай. Гэта калі буду зусім дарослая. А потым хачу быць швачкай, бо мая мама ўсё шые. І мяне вучыць.

Сабрына: А я выхавальніцай.

Мацвей: Я люблю тату дапамагаць рабіць машыну. Хачу навучыцца завязваць шалік і шапку.

Каця: А я ўжо умею рабіць таленты: скакаць, перакочвацца.

Таня: А я люблю з татам рабіць рамонт у зале.

Каця: У мяне лепшыя сябры ўсе, я ўсіх люблю. У нас ва ўсіх усе, таму што гэта садок Сяброўства, а другі садок – Сонейка.

Таня: Толькі хлопчыкі б’юцца за лега. А калі я сплю, мой коцік ловіць мае ножкі.

Каця: Ведаеце што, я вам самае цікавае раскажу. У мяне выпаў зуб, я паклала пад падушку. Прачнулася − ён тут. Пайшла апранацца, прыйшла, а замест яго ляжалі грошы!

Мацвей: А ў маёй мамы ў жывоціку дзіцятка.

Каця: Я напісала Дзеду Марозу ліст, каб прынёс сапраўдны камп’ютар. Ён прынёс цацачны, затое гаворыць!

Лера: А я на Новы год хачу ружовыя ролікі, планшэт, там жа нават кнопак няма, і ляльку, якая ўмее гаварыць.

Сабрына: Калі мы з татам ехалі на Украіну, я бачыла чорную курачку. Трэба добра клапаціцца пра жывёл, таму што ў Дзеда Мароза ёсць жывёлы і ён іх любіць. У яго ёсць алені. Калі не любіш жывёл, то табе не падораць нічога.

Каця: Я хачу, каб Дзед Мароз падарыў мне курачку, якая народзіць куранятка, я буду яго даглядаць. Яны цацачныя, але гавораць.

На свята Каця будзе Прынцэсай, Сабрына – Матыльком, Мацвей – Чалавекам-павуком, Таня – Каралевай, а Лера – Сняжынкай.

Зоя ХРУЦКАЯ, Наталля ТУР.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ, os1.i.ua, moscowaut.ru.