Календары на 2013 год карысталіся вялікім попытам, і ўсе партыі разышліся за лічаныя дні. “РГ” набыла апошні беларускі каляндар кампаніі “Будзьма” і падорыць яго разам з білетам ў тэатр і музычным дыскам свайму пераможцу.

Пытанні, на якія трэба адказаць, каб выйграць.

1. Ці варажылі вы? Распавядзіце сваю гісторыю.

2. Ці назіралі вы чараўніцтва ў звычайным жыцці?

3. Чаму газета і тэатр не губляюць актуальнасці ў наш час?

Дасылайце адказы на электронны адрас: regionnews@rh.by

Аказалася, апошнія тры гульні запар перамагае маладзечанец Вячаслаў Курбака. Сярод іншых падарункаў за апошнюю гульню ён атрымаў у падарунак кнігу Міхася Казлоўскага “Да кніжных скарбаў дакрануўся”. Вось яго адказы (цалкам чытайце на сайце rh.by).

1. Што трэба, каб спартыўнае жыццё Маладзечна кіпела?

– Зрабіць больш утульным у плане сэрвісу наведванне спартыўных мерапрыемстваў: рабіць стацыянарныя і перасоўныя буфеты, крамы з атрыбутыкай, праграмкі да мерапрыемстваў. Абавязкова імкнуцца да прафесійнага фармату ўдзелу нашых клубаў у тых ці іншых мерапрыемствах.

– Прыпыніць татальнае абшукванне балельшчыкаў на спартыўных мерапрыемствах − усё ж на стадыёны ходзяць не толькі хуліганы, але і людзі, якія прыйшлі пахварэць за любімы клуб, і іх гэта проста прыніжае.

– Рабіць належную рэкламу спартыўным відовішчам (хакейныя афішы Лядовага палаца амаль незаўважныя, нягледзячы на іх значны памер − бярыце прыклад з футбольных афішаў). Чаму б не рабіць абвесткі на мясцовым тэлебачанні, якія б заклікалі на стадыёны?

– Трэба каб кожны маладзечанскі клуб быў патрыятычным натхняльнікам, які праслаўляе свой горад, Радзіму, нацыянальныя каштоўнасці і працягвае слаўную гісторыю. Лічу, што ў нашых спартыўных клубах не маюць права знаходзіцца людзі, якія не прымаюць гэтых каштоўнасцей. Наш ФК таму прыклад, якая пазіцыя кіраўніцтва − такі вынік каманды.

– Развіваць спартыўныя школы, укладаць у іх немалыя сродкі, даць дзіцячаму трэнеру такі заробак, каб ён хадзіў на працу і запальваў сваім агнём вочы ў дзяцей.

2. Чым для вас адметная Смаргонь?

Гэта горад няскораных людзей.  Падчас Першай сусветнай вайны яго пакінулі амаль усе жыхары і здавалася, што яго чакае лёс гарадоў-прывідаў, але мужныя смаргонцы вярнуліся ў свае хаты і аднавілі-адрадзілі жыццё сваёй малой бацькаўшчыны.

Адметны і сваім ФК, які, нягледзячы на цяжкія часы, не кануў у небыццё, а працягвае дастойна адстойваць колеры горада. Па гэтым добра бачна, што ў кіраўніцтве Смаргоні заўсёды знаходзяцца чыноўнікі, якія любяць, разумеюць і берагуць футбол у горадзе.

3. Што неабходна драмтэатру?

Неабходна тэатру новая атмасфера − новыя дэкарацыі, касцюмы, светлавое афармленне сцэны. У нас сабраўся ўнікальны акцёрскі склад, і яму павінны стварыць належныя ўмовы, каб акцёры маглі рэалізаваць свой талент і паказаць яго гледачу напоўніцу.

Лічу цікавым зрабіць пры тэатры невялікі аматарскі тэатр, дзе ў акцёрскім майстэрстве сябе паспрабаваць зможа кожны жыхар. Незалішняя б была і невялічкая тэлестудыя пры тэатры, якая б рабіла тэлеспектаклі.

Аддзел інфармацыі.

Фота nn.by