Каб свята было прыемным і лёгкім, дастаткова прыгатаваць чатыры стравы: закуску, салат, асноўную страву і дэсерт. Так лічыць Марына Пяцюк, повар, выкладчыца прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Я мяркую, што гэта вельмі добра, што ўрэшце нашы гаспадыні замест тазікаў розных салатаў з каларыйным і шкодным маянэзам звярнулі сваю ўвагу на еўрапейскія канапкі. У прыгатаванні гэтай стравы фантазіі гаспадыні няма абмежаванняў.

Я прапаную зрабіць наступныя: сыр – лімон – мармелад; сыр – масліна – вінаград; брынза – масліна – фінік; вяндліна – салата розных гатункаў – каперсы. Выбірайце на свой густ.

Салату я параіла б прыгатаваць лёгкую, у якасці запраўкі выкарыстоўваць аліўкавы алей або лімонны сок. У такія салаты пойдуць вараная курыца, пекінская капуста, авакада, памідоры, яйкі.

У якасці асноўнай стравы я заўсёды раблю бульбу з мясам. Бульба рэжацца саломкай, прыпраўляецца алеем, соллю, часнаком, базілікам, дадаюцца кавалачкі мяса і тушыцца да гатоўнасці.

А дэсерт павінен быць лёгкі. Магу прапанаваць садавіну з марожаным. Усю садавіну, якую толькі знойдзеце дома: яблыкі, бананы, апельсіны, грушы рэжам на кавалачкі, заліваем сокам або чырвоным віном і тушым каля пяці хвілін. Затым кладзём гэту сумесь у крэманкі і ўпрыгожваем шарыкам марожанага.

І не забываемся пра мандарыны.

Хочацца чагосьці з’езці, каб не было назаўтра крыўдна за сапсаваную фігуру? Ешце мандарыны!

Дзевяць карысных парад, як не аб’ядацца за навагоднім сталом

Парады дае доктар-дыетолаг Ванда Анцілеўская:

1. Ні ў якім разе не трэба цэлы дзень галадаць у чаканні святочнай вячэры. Памятайце, што на галодны страўнік можна з’есці ўсяго ў шмат разоў болей. Лепей днём перакусваць салатай без маянэзу ці булёнамі.

2. Падчас застолля пазбягайце стравы з вострымі прыправамі, яны стымулююць апетыт.

3. Не налягайце на алкаголь.

4. Перад застоллем выпіце гарбаты з кветкамі рамонку. Такі адвар супакоіць слізістую страўніка і вельмі станоўча скажацца на выпрацоўцы страўнікавага соку.

5. Не запівайце страву газіраванымі напоямі. Бурбалкі гэтых напояў выклікаюць уздуцце жывата. Нашто вам адчуванне цяжкасці?

6. Калі не можаце адмовіцца ад некаторых страваў (хочацца пакаштаваць усё), то можна частавацца маленькімі порцыямі.

7. Ешце павольна, неспяшаючыся. Сігнал пра тое, што вы наеліся, ваш мозг атрымае праз хвілін 20-30 пасля пачатку вячэры.

8. Не сядзіце ўвесь вечар за сталом. Рухайцеся, выходзьце дыхаць паветрам, танцуйце.

9. Захапіце з сабой лекі, якія дапамогуць вашаму страўніку працаваць як гадзіннік. Нават калі вам яны не спатрэбяцца, вашы сябры скажуць вам дзякуй.

Наталля ТУР.

Фота забяспечана Марынай ПЯЦЮК, medweb.ru.