Зроблена ёлка з дроту, шасцярэнькаў, трансфарматараў ды іншых запчастак.  Ёлку ўпрыгожылі  бліскаўкамі,  прымацавалі святлодыёдную стужку.

Ідэя стварэння такой ёлкі ўзнікла ў намесніка дырэктара цэнтра Наталлі Рыжэвіч.

Вырабілі ёлку навучэнка гуртка “Вясёлка” Вераніка Мацясовіч  і Андрэй Міхалёў з гуртка  “Авіямадэляванне”. На Андрэі быў тэхнічны бок вырабу: пад кіраўніцтвам метадыста Анатоля Прыца ён рабіў каркас, прымацоўваў дэталі. А Вераніка занялася ўпрыгожваннем ёлкі.

Старанне дзяцей адзначылі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Ёлка – як арт-аб’ект”. У конкурсе ў дзвюх намінацыях удзельнічалі каля сотні прац. “Жалезную лэдзі”  адзначылі Дыпломам першай ступені ўпраўлення адукацыі аблвыканкама ў намінацыі “Сувенірная ТэхнаЁлка” .

Ёлка з Вілейкі разам з лепшымі вырабамі з Мінскай вобласці накіраваная на выставу ў Рэспубліканскі цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота забяспечана Наталляй Рыжэвіч.