2013 год для кожнага з нас быў багаты на розныя падзеі. У гэтым артыкуле мы змясцілі некаторыя моманты з таго, чым жыла, чым дыхала “Рэгіянальная газета”. Што нам балела і не пакінула абыякавымі.

Сёлета мы правялі першую анлайн-трансляцыю, якую ладзілі са святочнага, першамайскага, парку Перамогі.

Вопыт правядзення анлайн-эфіраў аказаўся заразлівым, і ў маі 2013 года мы зладзілі анлайн “круглы стол” па маладзечанскім футболе.

Мы разам з нашымі чытачамі і гледачамі, разам з футбалістамі і людзьмі, якіх клапоціць лёс футбола, у рэдакцыі абмеркавалі перспектывы развіцця каманды, фінансаванне і шмат розных тэм. У канцы ж сезона, мяркуем, многія памятаюць яшчэ адну футбольную канферэнцыю, тую, дзе дырэктар каманды адстойваў рускую мову на эмблеме клуба.

Зладзілі сёлета акцыю, якая паспрыяла рамонту дарогі каля рэдакцыі.

“Па гэтай дарозе штодзень праходзяць і праязджаюць сотні людзей: на ровары, з каляскай, з кійком, на машыне ці проста так. У кожнага свае справы, але ёсць і тая, што аб’ядноўвае ўсіх: акцыя “Зрабіце нам дарогу”, − пісала  “Рэгіянальная газета” 19 ліпеня.

Культурныя падзеі з жыцця нашага горада таксама не абмінулі старонкі “Рэгіянальнай газеты”: “Рыгор Сарока паставіў другі помнік Агінскаму”,  “Камедыі” − 20 год”.

На жаль, 2013 год не абышоўся без страт. У 2013 годзе пайшлі з жыцця мастак Кастусь Харашэвіч і гісторык Міхась Чарняўскі.

Год быў насычаны падзеямі рознымі, пра якія мы праўдзіва імкнуліся расказваць вам, нашы чытачы. Будзьце з намі ў 2014 годзе, разам мы яго зробім непаўторным і незабыўным!

Рэдакцыя “РГ”.

Фота Настассі РОЎДЫ.